Понедельник, 26 октября 2020

Пра выбар прафесіі расказвае ветэрынарны ўрач Марыя Мароз

389

Сёння мы пазнаёмім вас з прадстаўніцай яшчэ адной цікавай прафесіі – ветэрынарным урачом-тэрапеўтам Марыяй Мароз.
Што дапамагло зрабіць выбар? Якім быў шлях у прафесію? Што неабходна мець на ўвазе таму, хто марыць працаваць ветэрынарным урачом? І многае іншае — у інтэрв’ю са спецыялістам.


—Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— З выбарам прафесіі ў мяне цяжкасцей не ўзнікала. Я з дзяцінства ведала, што буду ветэрынарам, як і мой дзядуля. У бабулі з дзядулем на падворку заўсёды было шмат жывёл, а на канікулах дзядуля нават дазваляў мне дапамагаць яму па рабоце. У адрозненне ад некаторых маіх аднагрупнікаў я выдатна ўяўляла, што ветэрынарыя – гэта не толькі дапамога коцікам і сабачкам, але і работа з “сур’ёзнымі” сельскагаспадарчымі жывёламі.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Пасля 9-га класа я паступіла ў Пінскі аграрна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць “Ветэрынарная медыцына”. Для паступлення было дастаткова прайсці конкурс атэстатаў. Адразу пасля заканчэння кале-джа паступіла на такую ж спецыяльнасць на завочнае аддзяленне ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Для гэтага трэба было здаць ЦТ па хіміі, біялогіі і па адной з дзяржаўных моў на выбар. Для падстрахоўкі я займалася з рэпетытарам па рускай мове, а вось што тычыцца хіміі і біялогіі, то ў каледжы заклалі такую моцную базу, што пра нейкую дадатковую падрыхтоўку нават і не думала.

—Ці складана было вучыцца?
— Асабіста мне вучоба давалася лёгка. Многія з нашых выкладчыкаў былі практыкамі, мы вучыліся не проста “па падручніках”, а на рэальных прыкладах з іх работы. Таму пасля каледжа мы ведалі не толькі тэорыю, але і атрымалі трывалыя практычныя веды. На самай справе, вучыць даводзілася шмат чаго: латынь, фізіялогію, фармакалогію, анатомію, паразіталогію, акушэрства, хірургію і многае-многае іншае. Анатомія на ветэрынарным факультэце лічыцца самым складаным прадметам, бо ў кожнага віду жывёл свая будова арганізма.
Сярод цяжкасцей, якія ўзнікалі ў тых, з кім я вучылася, была памылковая думка аб тым, што ім давядзецца працаваць выключна з дробнымі хатнімі жывёламі.

—Што ўваходзіць у Вашы штодзённыя абавязкі?
— Кожны дзень я выязджаю ў гаспадаркі нашага раёна, каб дапамагчы разабрацца з прычынамі ўзнікнення хвароб, распрацаваць больш эфектыўныя метады іх лячэння і прафілактыкі. Сярод абавязкаў і кантроль за заагігіенічнымі і ветэрынарнымі правіламі пры ўтрыманні, кармленні і доглядзе жывёл. Шмат даводзіцца працаваць і з уладальнікамі жывёл: расказваць пра важнасць прышчэпак, своечасовага звароту да спецыяліста і нават кантраляваць выкананне рэкамендацый. Да 2017 года я больш працавала з хатнімі гадаванцамі (усё тыя ж каты і сабакі), а цяпер – непасрэдна з сельскагаспадарчымі жывёламі. Тут яшчэ важна разумець, што ад іх здароўя залежыць і здароўе людзей, якасць прадукцыі, якую мы ўжываем.

—Каму б Вы параілі абраць такую прафесію?
— Безумоўна, трэба любіць жывёл. Ні ў якім разе нельга іх баяцца – яны гэта выдатна адчуваюць. Працаваць давядзецца не толькі з жывёламі, але і з іх гаспадарамі, таму, як і ў іншай прафесіі, якая звязана са зносінамі, спатрэбіцца цярпенне. Трэба быць гатовым да таго, што дапамогу давядзецца аказваць у любы час сутак. Не месца ў прафесіі і гідлівым.
Наша прафесія — адна з самых гуманных у свеце, але многія расчароўваюцца ў ёй, найперш, з-за залішняй рамантызацыі, калі ўяўляюць працу выключна ва ўтульным кабінеце з дагледжанымі хатнімі жывёламі.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.