Суббота, 24 октября 2020

Піянерская дружына імя Веры Харужай СШ №3 прыняла ў свае шэрагі 39 навічкоў

253

Трыццаць год таму 13 верасня была створана Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. І хаця яна лічыць сябе пераемніцай савецкай піянерыі, на самай справе, узяла ад папярэдніка толькі карысныя традыцыі.

І штогод піянеры Беларусі гэта пацвярджаюць. Арганізацыя праводзіць нямала дабрачынных мерапрыемстваў, плануюцца карысныя для грамадства справы, якія ў той жа час аб‘ядноўваюць моладзь. А канкрэтна — дапамога старэйшаму пакаленню і ветэранам, навядзенне парадку каля памятных мясцін і ўвогуле вакол нашых дамоў, школ, дзіцячых садкоў і гэтак далей. Пры гэтым добрыя справы ладзяцца не толькі ў рэальным асяроддзі, але і ў віртуальнай прасторы.

Такім жа багажом могуць пахваліцца і піянеры Пружаншчыны, у прыватнасці, члены піянерскай дружыны імя Веры Харужай СШ №3. Разам з настаўнікамі вучні трэцяй гарадской школы рэгулярна праводзяць дабрачынныя акцыі па дапамозе ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам, далучаюцца да грамадскіх мерапрыемстваў «Чысты бераг», «Навядзём парадак вакол сябе», падтрымліваюць пачаткоўцаў у авалоданні складанымі навукамі. Піянеры СШ №3 даволі актыўна заяўляюць пра сябе на спартыўных спаборніцтвах раённага і нават абласнога маштабу.

А ў мінулую пятніцу актыў школьнай піянерскай суполкі разам з намеснікам дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Н.М.Котыш правялі мітынг ля помніка «Спаленым вёскам». Піянеры не проста выступілі са справаздачай, а прынялі ў свае рады 39 новых удзельнікаў добрых спраў.

Традыцыйна кожны пяцікласнік мае права ўступіць у Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. Адбываецца гэта толькі па жаданні дзяцей і з дазволу іх бацькоў.

Для малых гэта сапраўдны гонар, бо ў рады ГА «БРПА» прымаюць толькі самых годных насіць на шыі часцінку нацыянальнага сцяга. І чырвона-зялёныя гальштукі павязваюцца не для прыгажосці, а як абавязак падтрымліваць аўтарытэт дзяржаўнага сімвала. У чым кожны пяцікласнік даў урачыстае абяцанне — шанаваць сваю Радзіму, быць сумленным і справядлівым, заўсёды гатовым да высакародных спраў.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).