Среда, 21 октября 2020

Пра выбар прафесіі расказвае сурдапедагог

539

Нехта выбірае будучую прафесію выпадкова, нехта доўгі час не можа вызначыцца, але ёсць і такія, хто амаль з дзяцінства ведае, чым будзе займацца ў будучым. Сёння пра сваю прафесію расказвае сурдапедагог Ірына Карваш.


—Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— Вызначыцца з выбарам прафесіі яшчэ ў дзяцінстве мне дапамагла мая сяброўка Юлія, у якой праблемы са слыхам. Дзякуючы ёй, я пачала вывучаць дактыльную азбуку (гэта спосаб камунікацыі, калі кожная літара абазначаецца пэўным жэстам рукі). З аднаго боку, мне гэта было патрэбна, каб размаўляць з Юляй, а з іншага – аказалася такой цікавай справай! Свет людзей, якія не чуюць, проста заваражыў мяне! Сяброўка вучылася ў спецыялізаванай школе, і яе мама раз-пораз заўважала, што ёсць праблема з наяўнасцю спецыялістаў. Дарэчы, скажу, што і сёння спецыялісты-дэфектолагі вельмі запатрабаваныя.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— У 11 класе я пачала займацца з рэпетытарамі па тых прадметах, якія патрэбны былі для цэнтралізаванага тэсціравання. Наведвала факультатывы, удзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове. І ў той жа час старалася не адставаць і па іншых прадметах: сярэдні бал атэстата таксама мае важнае значэнне.
Не абышлося без сюрпрызаў. Для паступлення на факультэт спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасць “Сурдапедагог” Беларускага дзяржаўнага педага-гічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (цяпер гэта Інстытут інклюзіўнай адукацыі БДПУ) неабходна было здаць ЦТ па трох прадметах. Па іх і рыхтавалася загадзя, але менавіта ў год майго паступлення ЦТ па матэматыцы замянілі на гісторыю Беларусі. Давялося вельмі хутка наганяць.
У дапамогу цяперашнім вучням з’явіліся профільныя класы педагагічнай накіраванасці. Майце гэта на ўвазе.

—Ці складана было вучыцца?
— Думаю, як і ў іншых установах, у нас працавала правіла: першыя два гады ты працуеш на “залікоўку”, а пасля – яна на цябе. З трэцяга курса пачаліся прадметы па спецыяльнасці. Не скажу, што вучоба палягчэла, а вось цікавей сапраўды стала!
Інтэрнат універсітэт даваў толькі льготным катэгорыям студэнтаў, але месца ў інтэрнацкім пакоі атрымлівалі таксама актыўныя маладыя людзі, якія не толькі добра вучыліся, але і прымалі ўдзел ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах. Асабіста я ўдзельнічала ў валанцёрскім аб’яднанні “Роўнасць”, была арганізатарам вучэбнага сектара ў студатрадзе, пры гэтым атрымлівала павышаную стыпендыю. Калі займаешся любімай справай, то сіл і часу хапае на ўсё.

—Што ўваходзіць у Вашы штодзённыя абавязкі?
— Я працую настаўнікам-дэфектолагам групы інтэграванага навучання і выхавання ў Слабадскіх яслях-садзе і настаўнікам-дэфектолагам у Слабадской СШ. Але заўважу, што спецыялісты з маёй адукацыяй могуць працаваць таксама ў медыцынскіх установах, рэабілітацыйных цэнтрах.
Асноўнай задачай настаўніка-дэфектолага з’яўляецца выяўленне і ўлік дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для кожнага з такіх дзетак распрацоўваецца індывідуальная праграма і пачынаецца складаная сумесная работа педагога, дзіцяці і бацькоў.
Дарэчы, работа з бацькамі – самая цяжкая частка працы. Для кожнай мамы і для кожнага таты іх дзіця самае лепшае. І часам бацькі не бачаць, дакладней сказаць – не жадаюць бачыць, што ў іх сына ці дачкі ёсць праблемы. Калі іх агучваеш бацькам, то звычайна сустракаешся з непрыняццем сітуацыі. Але, паверце, калі спецыяліст раіць наведваць лагапедычную або інтэграваную групу ці клас, не варта адмаўляцца. У адваротным выпадку час будзе працаваць супраць дзіцяці.

—Каму б Вы параілі абраць такую прафесію?
— Самае галоўнае – трэба любіць дзяцей, мець вялікае жаданне дапамагаць ім. Работа з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, патрабуе вялікага цярпення. Кожнае такое дзіця ўнікальнае, працаваць па шаблоне не атрымаецца. Спатрэбяцца і назіральнасць, і тактоўнасць, і добразычлівасць. Трэба быць гатовым і да таго, што вынік сваіх намаганняў вы не ўбачыце адразу.
Гутарыла
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.