Понедельник, 26 октября 2020

20 верасня прафесінае свята адзначаць работнікі лясной гаспадаркі

558

У Пружанскім лясгасе давяраюць маладым.


Як і ў многіх іншых галінах, сёння арганізацыя лесагаспадарчай дзейнасці патрабуе наяўнасці кваліфікаваных кадраў: лясгасу патрэбны добрыя спецыялісты, якія маюць багаж ведаў. Такім аказаўся і Сяргей Ляўчук.
Тэарэтычную частку свайго багажу ён назапасіў падчас вучобы ў Полацкім лясным каледжы, а ў 2010 годзе пачаў набываць прафесійны вопыт. Паралельна з работай майстрам лесу малады чалавек спалучаў завочнае навучанне ў Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, пасля заканчэння якога атрымаў спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі. Сяргею Мікалаевічу — спецыялісту з усяго пяцігадовым вопытам — не пабаяліся даверыць адказную пасаду. Ён і ўзначаліў калектыў Міхалінскага лясніцтва.
Нягледзячы на тое, што Сяргей Ляўчук — адзін з самых маладых ляснічых у лясгасе, калектыў, які ён узначальвае, працуе з добрымі паказчыкамі.
Прыходзіць на дапамогу калегам для работнікаў лясной галіны — звыклая справа. Пасля бураломаў, якія сёлета прайшліся па тэрыторыі некаторых раёнаў Брэстчыны, работнікі Міхалінскага лясніцтва, напрыклад, аднымі з першых прапанавалі дапамогу Маларыцкаму лясгасу. Каля трох тыдняў каманда з Міхалінскага лясніцтва на чале з Сяргеем Леўчуком шчыравала на ветравальна-бураломных лесасеках, прычым, узяла на сябе самы вялікі аб’ём работ.

Паўлянічы ў трэцім пакаленні


Каля сямі гадоў таму абставіны ў маладой сям’і Папко склаліся так, што пара вырашыла пераехаць у Смаляніцу. Нягледзячы на тое, што Раман Віктаравіч — брэстаўчанін, ён запэўнівае, што памяняць гарадское жыццё на сельскае было нескладана.
— У дзяцінстве я часта гасцяваў у бабулі з дзядулем у Шчарчове. Таму пра вясковы быт многае ведаў.
Дзед і бацька Рамана, якія ў свой час былі заўзятымі паляўнічымі-аматарамі, наўрад ці думалі, што для іх унука і сына гэты занятак стане прафесійнай справай. Сёння ж сярод лепшых егераў лясгаса называюць і Рамана Папко. Больш за тое, егер Бярозаўскага лясніцтва сёлета занесены на Дошку гонару лясгаса.
Да слова, вядзенне паляўнічай гаспадаркі прыносіць Пружанскаму лясгасу добры даход. База адпачынку «Гута», на тэрыторыі якой Раман Папко разам з іншымі егерамі прымае паляўнічых, сёлета адпавядае запытам самых патрабавальных кліентаў.
Гэтае месца прываблівае і гасцей з замежжа. Летась паляўнічая гаспадарка прынесла ў бюджэт арганізацыі больш за 230 тысяч рублёў. З іх 165,5 тысячы рублёў было зароблена на замежным турызме.
У полі зроку паляўнічай гаспадаркі па-ранейшаму застаюцца ахова паляўнічых угоддзяў і іх рацыянальнае выкарыстанне: рэгуляванне і ўлік колькасці жывёл, будаўніцтва кармушак.

Дрэва пачынаецца з саджанца


Як трапна зазначае ляснічы Бярозаўскага лясніцтва Міхаіл Калодзіч, для лесу радзіма пачынаецца з цяпліцы: менавіта тут нараджаюцца і праходзяць станаўленне новыя лясы.
Увогуле, Пружанскі лясгас вырошчвае лесапасадачны матэрыял сваімі сіламі: тут налічваецца сем цяпліц. У адной, размешчанай у Ружанскім лясніцтве, вядзецца вырошчванне дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу. У астатніх гадуецца пасадачны матэрыял для патрэб лесааднаўлення. Адметна, што чатыры з іх разбіты на тэрыторыі Бярозаўскага лясніцтва.
Да слова, ва ўсіх сямі цяпліцах за мінулы год для патрэб лесааднаўлення было вырашчана 1,2 мільёна штук пасадачнага матэрыялу. У асноўным гэта сасна, у меншай колькасці — елкі і дубы. А летась пачалі высяваць яшчэ і бярозу.

Ахова працы павінна быць на вышыні


У лясной гаспадарцы шмат работ, якія звязаны з небяспекай: нарыхтоўка драўніны, дрэваапрацоўчая вытворчасць… Таму невыпадкова работнікам, якія працуюць у небяспечных умовах, удзяляецца асаблівая ўвага: яны забяспечваюцца спецадзеннем, кантралюецца выкананне імі працоўных нормаў, праводзіцца абучэнне, у тым ліку і на базе спецыялізаванага цэнтра ў Мінску.
Начальнік бюро па ахове працы ДЛГУ «Пружанскі лясгас» Дзмітрый Радзівончык удакладняе:
— Мы стараемся пераймаць самы перадавы вопыт у гэтым накірунку, аператыўна рэагуем на змяненні ў адпаведным заканадаўстве. Зараз, напрыклад, вывучаем, якім чынам павінна быць арганізавана ахова працы на новым пелетным заводзе: паколькі мы першыя ў краіне запусцілі падобную вытворчасць, даводзіцца быць першапраходцамі на гэтым шляху.
У тым, што служба, якую ўзначальвае Дзмітрый Барысавіч, функцыянуе правільна, можна не сумнявацца. Летась у раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ДЛГУ «Пружанскі лясгас» сярод арганізацый вытворчай галіны, дзе колькасць работнікаў перавышае сто чалавек, была прызнана самай лепшай у раёне. Не падво-дзяць і вальшчыкі лесу: каторы год запар іх каманда стабільна ўваходзіць у тройку прызёраў на абласных спаборніцтвах прафмайстэрства.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Больш падрабязна пра лясную гаспадарку раёна чытайце ў выпуску «Рб» за 20 верасня.