Вторник, 20 октября 2020

«Адсутнічаюць канкрэтныя факты». Суд паставіў кропку ў справе аб адкліканні дэпутата

778


15 верасня суд Пружанскага раёна разгледзеў скаргу на рашэнне прэзідыума Пружанскага раённага Савета дэпутатаў ад 7 верасня 2020 года № 78 аб адмове ў правядзенні сходу выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Пружанскай выбарчай акрузе №9 А.Г. Леўчука.


1 верасня такая заява, падпісаная 242 жыхарамі раёна, была перададзена ў раённы Савет дэпутатаў, прэзідыум якога адхіліў прапанову. Згодна з артыкулам 131 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у выпадку адхiлення прапановы аб правядзеннi сходу выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата яго iнiцыятарам выдаецца копiя матываванага рашэння, што і было выканана ва ўстаноўленыя Законам тэрміны. Заяўнікі не пагадзіліся з рашэннем і падалі скаргу ў суд

Думаецца, перш, чым перайсці да судовага пасяджэння, неабходна больш падрабязна спыніцца на самой заяве і атрыманым адказе.
Заяўнікі ўказалі, што жадаюць адклікаць дэпутата ў сувязі са стратай даверу. На іх погляд, дэпутат не выконвае свае дэпутацкія абавязкі, а іменна: не адрэагаваў на падзеі ў краіне, якія адбываліся напярэдадні, падчас і пасля выбараў Прэзідэнта, не накіраваў запыты ў сілавыя ведамствы, каб ініцыяваць разбіральніцтвы з нагоды прымянення фізічнай сілы да мірных дэманстрантаў (ва ўсякім выпадку, заяўнікам не вядома, ці былі такія дзеянні з боку дэпутата).

У матываваным рашэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, які ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец, было пазначана, што ў заяве грамадзян адсутнічаюць канкрэтныя факты, якія дыскрэдытуюць дзейнасць дэпутата, і падстаў для яго адклікання няма.

У рашэнні былі пералічаны асноўныя моманты дзейнасці дэпутата. А важнейшым накірункам дзейнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з’яўляецца ўдзел у заканатворчым працэсе — дэпутат А.Г. Ляўчук адказвае за распрацоўку шэрага законапраектаў, якія тычацца сельскай гаспадаркі. Ён прымае ўдзел у рабоце Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы, міжпарламенцкіх камісій, арганізацый, рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў.

Акрамя таго, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь даецца магчымасць адзін раз у месяц праводзіць работу ў выбарчай акрузе. За 9 месяцаў сваёй работы ў якасці дэпутата Ляўчук А.Г. прыняў больш за 80 выбаршчыкаў падчас асабістых прыёмаў (усяго іх было праведзена 17), сустрэўся з працоўнымі калектывамі многіх арганізацый і прадпрыемстваў.
Падкрэслена ў рашэнні тое, што кожны жыхар раёна мае магчымасць асабіста звярнуцца да дэпутата. Усе кантакты, а таксама інфармацыя аб яго дзейнасці ёсць на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У судзе інтарэсы заяўнікоў прадстаўляла Г.А.Баран, якая яшчэ раз агучыла, што дэпутат ніяк не адрэагаваў на незаконныя дзеянні сілавікоў пры разгоне мірных акцый пратэсту, не адправіў дэпутацкія запыты ў сілавыя ведамствы, не адрэагаваў на паведамленні аб парушэннях падчас правядзення выбараў, у сувязі з чым страціў давер сваіх выбаршчыкаў. Суддзя І.А.Жытко ўдакладніў:
— Пералічанае з’яўляецца правам ці абавязкам дэпутата?
— Правам, — адказала Ганна Анатольеўна.
Сапраўды, у службовыя абавязкі дэпутата не ўваходзіць рэагаванне на падзеі ў краіне, калі да яго не звярнуліся з гэтым пытаннем выбаршчыкі.

Пракурор А.І.Хвалько пацікавіўся, ці былі спробы сустрэчы з дэпутатам А.Г. Леўчуком і ці былі яму накіраваны адпаведныя запыты. Заяўнікі адказалі, што звязацца з дэпутатам па тэлефоне ў іх не атрымалася, але яны лічаць, што дэпутат сам павінен праяўляць ініцыятыву, а не чакаць зваротаў ад грамадзян.

Выбаршчыкі, якія падпісалі заяву, зразумела, могуць так лічыць, але прэзідыум раённага Савета дэпутатаў ацэньваў не ўласныя якасці грамадзяніна Леўчука А.Г., а яго службовыя абавязкі як дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Тое, што ён афіцыйна не адрэагаваў на падзеі ў краіне, не з’яўляецца падставай для яго адклікання, якія пералічаны ў артыкуле 129 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Выказацца па сутнасці справы меў магчымасць кожны заяўнік, многія скарысталіся гэтым правам. Са слоў некаторых прысутных станавілася ясным, што яны не зусім правільна зразумелі рашэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, у якім было адмоўлена ў правядзеннi сходу выбаршчыкаў па пытанні адклікання дэпутата, а не ў правядзенні сустрэчы з дэпутатам.

На самай справе, дэпутат павінен не радзей аднаго разу ў год трымаць справаздачу перад выбаршчыкамі акругі аб сваёй рабоце. Інфармацыя можа быць надрукавана ў мясцовай газеце. Да таго ж, чытачы раёнкі могуць задаць пытанні праз газету, у час асабістых прыёмаў дэпутата, ці выкарыстоўваючы магчымасці інфармацыйных тэхналогій.

Да ведама: жыхары г.Пружаны і Пружанскага раёна могуць звярнуцца да памочніка дэпутата Кашкан Таццяны Канстанцінаўны, якая дапаможа звязацца з дэпутатам. Кожную сераду з 9.00 да 11.00 гадзін яна працуе па адрасе: г.Пружаны, вул.Леніна, д.58а, каб.№6. У гэты ж час можна звярнуцца да яе па тэлефоне 7-40-10.

Расчаравала заяўнікоў і адсутнасць самога дэпутата на пасяджэнні. Аднак у судзе разглядалася скарга на рашэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, а не ў адносінах да дэпутата Палаты прадстаўнікоў А.Г. Леўчука.

Інтарэсы прэзідыума раённага Савета дэпутатаў прадстаўляла начальнік юрыдычнага аддзела Пружанскага райвыканкама М.М.Агапава, якая яшчэ раз агучыла матываванае рашэнне, у тым ліку і яго выснову: “У заяве грамадзян канкрэтныя факты, якія дыскрэдытуюць дзейнасць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г.  Леўчука адсутнічаюць”.

У выніку шматгадзіннага судовага пасяджэння суддзя І. А. Жытко скаргу адхіліў. Довады заяўнікоў аб тым, што дэпутат А.Г. Ляўчук парушыў свае абавязкі, суд палічыў непераканаўчымі, бо імі не былі прадастаўлены доказы, якія б пацвердзілі факт, што ў ходзе сваёй работы дэпутат выявіў парушэнні законнасці. Довады заяўнікоў аб тым, што А.Г. Ляўчук страціў давер выбаршчыкаў, паколькі не накіраваў запыты па парушэннях правоў чалавека ў адпаведныя інстанцыі, суд таксама палічыў непераканаўчымі, паколькі накіраванне запытаў па ўласнай ініцыятыве з’яўляецца правам, а не абавязкам дэпутата.

Рашэнне суда ўступіла ў законную сілу з моманту абвяшчэння і абскарджанню не падлягае, згодна з артыкулам 131 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Кацярына Пашкевіч.