Четверг, 26 ноября 2020

Пра выбар прафесіі расказвае рэжысёр Палаца культуры Ганна Жук

490

Працягваем знаёміць будучых выпускнікоў з прадстаўнікамі розных прафесій. Магчыма, наша новая рубрыка дапаможа вам зрабіць правільны выбар.

Сёння на нашы пытанні адказвае рэжысёр Палаца культуры Ганна Жук.

— Што дапамагло вызначыцца з будучай прафесіяй?
— У гадоў 12-13 я прыйшла ў танцавальны гурток Мураўскага сельскага Дома культуры. Мы не толькі танцавалі, але і ўдзельнічалі ў разнастайных культурных мерапрыемствах. Гэта мяне так захапіла, што ў 11 класе ўжо цвёрда ведала, што буду паступаць у Гро-дзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Адразу замахнуцца на ўніверсітэт я не адважылася, а вось у тым, што паступлю ў каледж, нават не сумнявалася.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Для паступлення ў каледж трэба было праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне толькі па адным прадмеце (беларуская або руская мова) і здаць творчы экзамен. Я зра-біла ўпор на творчасць. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Цабрук дапамагла падабраць рэпертуар, і я пачала свае “рэпетыцыі”. Дарэчы, за гэты экзамен я атрымала адзнаку “10”. Цікава, што калі я запісалася толькі на ЦТ па мове, то і родныя, і настаўнікі спрабавалі адгаварыць мяне ад такой рызыкі і на ўсякі выпадак здаць больш прадметаў. Але ў мяне была толькі адна мэта і іншыя варыянты нават не разглядаліся.
Для паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў нават пасля каледжа давялося зноў здаваць ЦТ па мове і яшчэ па гісторыі Беларусі, а таксама творчы экзамен, які складаўся з трох частак. Бадай, самая з іх складаная – абарона ўласнага праекта мерапрыемства (з усімі-ўсімі нюансамі: ад разліку фінансавых затрат да распрацоўкі касцюмаў). Зразумела, мне, як уладальніцы чырвонага дыплома каледжа, было не так і цяжка. А вось тым, хто жадае “штурмаваць” універсітэт адразу пасля школы, раю пачынаць рыхтавацца да гэтага задання загадзя.
Але ў мяне былі складанасці іншага характару: здача ЦТ супадала з дзяржаўнымі экзаменамі ў каледжы. На шчасце, хапіла сіл і на адно, і на другое.

—Ці складана было вучыцца?
— Вучоба ва ўстановах культуры значна адрозніваецца ад іншых. Яшчэ ў каледжы мне ў 8-9 гадзін вечара тэлефанавалі сяброўкі, каб проста абмеркаваць нейкія дзявочыя справы, а я адказвала, што звяжуся з імі пазней, бо ў мяне рэпетыцыя. Яны здзіўляліся, што вучоба цягнецца так доўга, а я атрымлівала асалоду ад таго, чым займаюся.
Не менш цікава было і ва ўніверсітэце. Яго выкладчыкі настолькі жывуць сваёй справай, што я старалася ўвабраць кожнае слова. Ды і наогул, калі ты займаешся тым, што табе падабаецца, то цяжкасцей проста не можа быць.
Дарэчы, такі ж шлях, толькі на год раней, прайшоў і наш рэжысёр Алег Строк, яго вопыт значна мне дапамог.

—Што ўваходзіць у што-дзённыя абавязкі рэжысёра ўстановы культуры?
— Падрыхтоўка і правядзенне мерапрыемстваў. Гэта і прафесійныя святы, і сезонныя, і раённыя. Пачынаецца ўсё з распрацоўкі сцэнарыя. І вось што цікава: можна тры дні чытаць спецыяльную літаратуру, шукаць нешта ў інтэрнэце і не прыдумаць ні радка! А натхненне можа сустрэць у любым месцы і ў любы час сутак, і тады я хапаю лісток паперы і пачынаю занатоўваць.
Яшчэ адна адметнасць работы: усё абмяркоўваецца з маімі цудоўнымі, таленавітымі калегамі. Мы і спрачаемся, і смяёмся, і напяваем. Акрамя сцэнарыя, я падбіраю рэпертуар, дамаўляюся з калектывамі, арганізоўваю іх пад’езд, калі ёсць такая неабходнасць, праводжу рэпетыцыі.
Працаваць, на самай справе, весела.

—Каму б Вы параілі абраць такую прафесію?
— Толькі тым, хто гарыць гэтай справай. Работа ў сферы культуры – гэта асаблівы лад жыцця. У культуру не ідуць за “доўгім рублём”, а толькі па закліку душы.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.