Пятница, 21 сентября 2018

Читать или не читать?

1 550

Чым займаецца наша сённяшняя моладзь у вольны час? Адпачывае з сябрамі, глядзіць фільмы, слухае музыку, сядзіць у кантакце… А ці знаходзіць яна час на чытанне? Напэўна, не заўсёды. З чым гэта звязана? Магчыма, проста з лянотай? Каб прачытаць кнігу, асабліва вялікую, трэба прыкласці намаганні, папрацаваць. Добра, калі кніга захапляльная і чытаецца на адным дыханні. А як быць з кнігамі не забаўляльнага зместу, але карыснымі, мудрымі, сэнс якіх выяўляецца не адразу? З гэтым пытаннем я звярнулася ў Пружанскую ЦРБ імя М. Засіма. Па словах загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі Антаніны Мікалаеўны Ярмушчык, моладзь прыходзіць у бібліятэку не часта. Сярод наведвальнікаў у асноўным школьнікі, якія чытаюць кнігі па праграме, і адзінкі маладых людзей. Аб перыядычных выданнях для моладзі ўвогуле рэдка хто пытае.

Не хоча наша моладзь чытаць. А дарэмна: калі чалавек шмат чытае, развіваецца яго маўленне, павышаецца агульная культура, кругагляд, эрудыцыя. Паводле даследавання псіхолагаў, у начытаных школьнікаў спрацоўвае зрокавая памяць, і яны менш робяць памылак пры пісьме, нават калі не ведаюць патрэбнае правіла.

Тым больш, што кнігі – гэта бясцэнны вопыт іншых людзей, і мы без перашкод маем магчымасць гэты вопыт спасцігаць. З дапамогай якаснай літаратуры адбываецца рост душы чалавека. Хто з маладых пра гэта задумваецца?..

Яшчэ засмучае той факт, што чытаюцца ў першую чаргу дэтэктывы, фантастычныя і любоўныя раманы, а класічныя творы па запатрабаванасці знаходзяцца на апошнім месцы. Магчыма, гэта можна растлумачыць тым, што ўспрымаць такія творы не заўсёды лёгка, іх трэба не проста чытаць, а працаваць над імі. Але ж на класічнай літаратуры выхоўваецца эстэтычны густ і разуменне таго, якім павінен быць сапраўдны літаратурны шэдэўр.

Для таго, каб выклікаць зацікаўленасць у маладых людзей да чытання, я зраблю невялікі агляд перыядычных выданняў для моладзі і найбольш цікавых, на мой погляд, навукова-папулярных і мастацкіх кніг.

Чытальная зала Пружанскай ЦРБ імя М. Засіма прапануе вялікую колькасць маладзёжных часопісаў: “Ксюша” (для тых, хто вяжа і займаецца рукадзеллем), “Гаспадыня”, “Алеся”, “Маладосць”, “Вокруг света”, “Наука и жизнь”, “Планета”, “За рулём”, “Моделист-конструктор”, “Рюкзак” і інш. Ёсць таксама і газеты для моладзі: “Переходный возраст”, “Знамя юности”, “Компьютерная газета”, “Культура” і інш.

Сярод навукова-папулярных кніг, якія могуць зацікавіць моладзь, я прапаную наступныя:                Э. Мулдашаў “Ад каго мы паходзім?” (сенсацыйныя вынікі навуковай гімалайскай экспедыцыі), Э. Берн “Гульні, у якія гуляюць людзі” (псіхалогія чалавечых узаемаадносін), Д.Карнэгі “Як заваёўваць сяброў і аказваць уплыў на людзей”, Д.Грэй “Марс і Венера ў будні і святы: як жыць у ладзе з супрацьлеглым полам”, І.С. Кон “У пошуках сябе: асоба і яе самаўсведамленне”.

З мора мастацкай літаратуры цяжка выбраць найбольш цікавыя і па-мастацку ўзорныя кнігі. Напэўна, гэта будзе суб’ектыўны погляд, але я паспрабую прапанаваць кнігі, якія мяне вельмі ўсхвалявалі і змянілі як асобу. Гэта, канешне, творы В. Быкава, асабліва яго “Доўгая дарога дадому”, дзе ён агаляе рэальнасць і паказвае вайну такой, якая яна ёсць на самай справе. Таксама я параіла б раманы П. Зюскінда “Парфумер” — пра чалавека, які валодаў самым тонкім у свеце нюхам, Э. Заля ў рамане “Пастка” апісвае, наколькі чалавек можа апусціцца ў жыцці, К.Абэ “Жанчына ў пясках” з яго ідэяй адзіноты і адчужанасці ад свету.

Зараз вельмі папулярныя раманы П. Каэльа, С.Лук’яненкі і інш. Гэты спіс можна працягваць яшчэ і яшчэ. Галоўнае, каб было жаданне чытаць і ўзбагачацца духоўна, а таксама інтэлектуальна.

І напрыканцы маё невялікае пажаданне: чытайце і атрымлівайце ад гэтага задавальненне і душэўную асалоду!

Алена Палякова, студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Один комментарий

  • =)

    и давно это «Гаспадыня» стала молодежным журналом? =D

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *