Вторник, 29 сентября 2020

Бакуноўская школа ў 1950-я гады

302

Пад вераснёўскі настрой трапіла ў рукі яшчэ адна фатаграфія школы. Гэта — другая палова 1950-х гадоў, вёска Бакуны (Велікасельскія).


—Прэстыжнасць вучобы ў жыхароў Бакуноў на той час была вялікай, — узгадвае былая вучаніца школы, а цяпер настаўніца-пенсіянерка Яўгенія Пятроўна Раманава. — Нас, дзяцей, бацькі накіроўвалі на добрую вучобу, заахвочвалі імкненне да ведаў. Да таго даходзіла, што ў бацькоў школьніка, які атрымаў дрэнныя адзнакі, суседзі маглі іранічна запытацца: «Дурня росціце?». Умовы вучобы, зразумела, з сённяшнімі не параўнаць было: школа, куды хадзілі вучні з пяці вёсак, тулілася ў драўляным будынку на ўскрайку лесу, сабраным з некалькіх клунь. Тры класныя пакоі ды настаўніцкая. Плюс яшчэ меншы будынак пачатковай школы побач. Ужо пазней пабудавалі прыгожы цагляны будынак.
У 1955 годзе дырэктарам школы стаў малады спецыяліст Анатоль Васільевіч Некрашэвіч (сёлета, на жаль, ён пайшоў з жыцця). Як аказалася, не ўсе такія прагрэсіўныя, як бакуноўцы. Ужо 15 верасня дырэктара выклікалі ў выканкам і задалі пытанне: «Чаму 10 працэнтаў з 200 вучняў так і не з‘явіліся на заняткі?». А адказ быў просты: школьнікі дапамагалі бацькам па гаспадарцы.
Анатоль Васільевіч узгадваў, як выехалі ў вёску Юзяфін угаворваць мужыкоў цэлай брыгадай: дырэктар школы, старшыня сельсавета, старшыня калгаса, участковы. Тамтэйшыя жыхары на пашавы перыяд бралі на падрошчванне цялят і адпраўлялі дзяцей іх пасвіць на грэблі. Вось і атрымлівалі ў адказ: «Чаго вы, сабакі, прычапіліся? Сказаў — не пушчу дзіця, значыць, не пушчу. Вось стане жывёла ў стойлы — тады калі ласка…»

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.