Вторник, 24 ноября 2020

90-гадовы юбілей адзначыў ветэран працы Дзмітрый Муха

331

Пружанская зямля багатая на людзей, якіх прынята называць самародкамі. У філіяле РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі» аднаго са сваіх ветэранаў працы Дзмітрыя Муху адносяць менавіта да такіх: нягледзячы на ўсе жыццёвыя складанасці, адсутнасць спецыяльнай адукацыі, ён стаў каштоўным работнікам для адміністрацыі і паважаным чалавекам сярод калег.


Дзмітрый Паўлавіч нарадзіўся ў вялікай па сучасных мерках сялянскай сям’і на Камянеччыне.

— Бацькі мае былі інвалідамі, якія гадавалі пяцёра дзяцей, — расказвае пенсіянер. — Жыццё паставіла ў такія ўмовы, што пра навуку думаць не прыходзілася: закончыў пачатковую школу — і тое добра.

Каб зарабіць на кавалак хлеба, яшчэ падлеткам ён пачаў працаваць. А ў дзевятнаццацігадовым узросце Дзмітрый Муха быў прыняты на работу электраманцёрам у адну з часцей Беларускай ваеннай акругі. Амаль дзесяць гадоў без уліку перапынку на службу ў радах Савецкай арміі бездакорна абслугоўваў ён ваенныя аб’екты, нават быў адзначаны значком «Выдатнік ваеннага будаўніцтва». Пакуль, як кажуць, справа выпадку не прывяла яго на Пружаншчыну.

— Мяне часова камандзіравалі на аэрадром у Купліне. А атрымалася, што «прызямліўся» тут назаўсёды, — усміхаецца суразмоўца.
Пусціць карані на пружанскай зямлі мужчыну прымусіла спадарожніца жыцця, якую тут сустрэў.

Прапанова аб рабоце з Пружанскага сеткавага раёна для Дзмітрыя Паўлавіча Мухі аказалася вельмі дарэчы: на той момант ён ужо быў сямейным чалавекам — мужам і бацькам. Так больш шасцідзесяці гадоў таму пачаў новую старонку сваёй працоўнай біяграфіі.
Нягледзячы на тое, што ў Дзмітрыя Паўлавіча за плячыма была толькі сярэдняя адукацыя (заканчваў вячэрнюю школу, калі ўжо працаваў электраманцёрам Пружанскіх электрасетак), у тым, што ён мае прыроджаны талент, не даводзілася сумнявацца нікому з яго калег.

— Сёння складана ўявіць, што чалавек, які не мае спецыяльнай адукацыі, можа працаваць, напрыклад, электрыкам. Паўстагоддзя таму ўсё было інакш: галоўнае — мець разуменне пра справу і вялікае жаданне ёю займацца. Маімі настаўнікамі былі людзі вопытныя. Зыходзячы з уласных назіранняў, цяпер магу зрабіць выснову, калі ў чалавека ёсць непадробны інтарэс да той ці іншай справы, «корачкі» адыходзяць на другі план, — перакананы Д.П.Муха.

Ён не ленаваўся не толькі пераймаць вопыт у старэйшых калег, але і займацца ў вольны час самаадукацыяй, стосамі вывучаючы спецыялізаваную літаратуру. Больш за тое, калі ўжо сам за плячыма меў багаты вопыт, не пераставаў дзяліцца нюансамі прафесіі з навічкамі. Тыя манцёры мантажу і рамонту кабельных ліній, для якіх ён з’яўляўся настаўнікам, і сёння згадваюць Дзмітрыя Паўлавіча добрым словам, падкрэсліваюць, што пасля сябе ён пакінуў моцную змену.

У тым, што ён быў талковым спецыялістам, можна і не сумнявацца: не кожны можа пахваліцца такой колькасцю працоўных узнагарод, як у Дзмітрыя Паўлавіча. Больш як за трыццаць гадоў працоўнага стажу ў Пружанскіх электрасетках Д.П.Муху і аб’яўлялі падзякі за самаадданасць пры ліквідацыі аварый, і адзначалі Ганаровымі граматамі, а таксама ўзнагародзілі медалём «Ветэран працы».
Згадваючы пра сваё працоўнае мінулае, пенсіянер падкрэслівае, што шчыраваць яму даводзілася ў розных службах: аператыўна-дыспетчарскай, па эксплатацыі сетак, — але па душы заўсёды былі тыя, якія дазвалялі заўсёды быць у руху. Уласна кажучы, нягледзячы на свой узрост, Дзмітрый Паўлавіч і сёння не можа сядзець без справы: прызнаецца, што яшчэ летась нават агарод саджаў. А яму, між іншым, ужо дзясяты дзясятак пайшоў.

Сваё 90-годдзе Д.П.Муха адзначыў літаральна на днях — другога верасня. Віншаванні з юбілейнай датай яму адрасавалі не толькі родныя людзі: у ветэрана двое сыноў і трое ўнукаў, — але і былыя калегі, адміністрацыя філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга». Дырэктар арганізацыі Аляксандр Усік і вядучы спецыяліст па кадрах Ірына Вярчонава адрасавалі юбіляру пажаданні ад сённяшняга калектыву, у якім пра былога калегу згадваюць толькі добрым словам.

НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый Паўлавіч Муха прымае віншаванні і падарункі ад калектыву Пружанскіх электрасетак.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).