Суббота, 5 декабря 2020

Летні сезон: адпачывалі ці працавалі?

501

Словы “лета” і “адпачынак” для многіх даўно сталі сінонімамі. Менавіта на самую цёплую пару года мы плануем шматлікія паездкі, сустрэчы з сябрамі, выезды на прыроду і, куды ж без гэтага, на дачныя ўчасткі. І калі з апошнімі сёлета не было ніякіх праблем, то замежны адпачынак, як правіла, прыйшлося адкласці з-за складанай эпідсітуацыі. А як і дзе гэтым летам адпачывалі пружанцы, і ўвогуле, ці ўдалося ім адпачыць? З такімі пытаннямі мы звярнуліся да гараджан.

Ганна:


– Маё лета, у асноўным, прайшло ў радзільным аддзяленні. Не, віншаваць са з’яўленнем дзіцяці мяне не трэба! Проста я працую ў палаце для немаўлят у раённай бальніцы. Тым не менш, забыцца на нейкі час пра свае прафесійныя абавязкі ўдалося: на два тыдні сыходзіла ў адпачынак. У гэты час ездзіла ў вёску, дзе працавала на ўласным агародзе (ураджай, дарэчы, парадаваў), а таксама адпачывала ў кампаніі сваякоў і блізкіх. Рада, што выпала магчымасць парыбачыць на Выганашчанскім вадасховішчы і возеры Бяздонным. Лічу, што калі адпачываць у добрай кампаніі, то вёска лёгка можа замяніць і мора, і горы. Таму, у прынцыпе, гэтым летам я задаволена.

Алена:


– Адпачыць мне ўдалося напачатку лета. Якраз чэрвень быў апошнім месяцам дэкрэта. Разам з дзіцём наведвалі матулю, у якой і адпачывалі. У ліпені я выйшла на сваё працоўнае месца – у аддзяленне па грамадзянству і міграцыі. Але, ведаеце, гэты летні сезон спадабаўся больш за іншыя, бо ён нарэшце ўнёс разнастайнасць у маё жыццё: дэкрэтны адпачынак закончыўся, дзіця пайшло ў садок, я адчула, што стала крыху лягчэй, бо з’явілася больш вольнага часу. Выхаду на працу я толькі рада, таму што гэта для мяне – перш за ўсё, сустрэчы з людзьмі, новыя знаёмствы, што заўсёды цікава. Я нарэшце зноў вярнулася ў тую плынь, з якой на нейкі час нібы выпала.

Мама Марыя Міхайлаўна з дзецьмі Антонам, Оляй і Кацяй:


– Лета даецца на адпачынак, і мы не ўпусцілі такую магчымасць. Шмат часу праводзілі ў вёсцы, дзе асабіста я атрымлівала асалоду ад цішыні. Мне гэта вельмі патрэбна, бо праца настаўніка – вельмі актыўная, даводзіцца шмат камунікаваць з дзецьмі і бацькамі. Дзеці гулялі, Оля і Каця, ужо другаклашкі, каталіся на веласіпедзе. Антон, які пайшоў у сёмы клас, дапамагаў дзядулі вязаць венікі ў лазню. Таму, лічу, мы ўсе змаглі назапасіцца энергіяй на новы навучальны год!

Мікалай:


– Адпачынак? Не, не чуў! Я працую ў школе настаўнікам геаграфіі і біялогіі. Прыемны бонус настаўніка – двухмесячны, прычым амаль заўсёды летні, адпачынак. Але я свядома прысвяціў яго… іншай працы. Ужо другі год запар падпрацоўваў на пажарнай машыне ў адной з гаспадарак раёна. Такая праца падабаецца, усё ж яна не падобная да настаўніцкай, а змена занятку — гэта ўжо адпачынак. Так што ў новы навучальны год уступіў з добрымі думкамі і настроем, а галоўнае – з жаданнем вучыць. Спадзяюся, што і мае вучні з задавальненнем будуць вучыцца!

Святлана:


– Мой сёлетні адпачынак быў на дачы. Мы з сям’ёй не планавалі нікуды выязджаць, ды і зрабіць гэта было цяжка з-за пандэміі. У вёсцы ж і папрацавалі ў агародзе, і адпачылі ў добрай кампаніі ды з шашлыкамі. Шчыра кажучы, разам з сям’ёй пакуль што ні разу не выязджалі за мяжу. Але на наступнае лета плануем. Вёска – вёскай, але лічу, што і адпачынак у іншай краіне, у новай абстаноўцы проста неабходны.

Раман:


– Усё лета я працаваў. Спачатку – у прыватнай фірме, а з нядаўняга часу – адміністратарам гандлёвай залы. Але толькі працай баўленне часу, зразумела, не абмяжоўвалася. Не абыходзілася без сустрэч з сябрамі. Але ідэальнае лета для мяне – гэта калі маеш прыкладна два тыдні адпачынку, які праводзіш з сябрамі і каханай дзяўчынай, маеш магчымасць выехаць на прыроду, а яшчэ лепей – адпачыць на замежным курорце.

Дзмітрый:


– Выехаць кудысьці, каб пагрэцца пад гарачым сонцам на пляжы, вядома ж, не ўдалося, але і замена такому адпачынку знайшлася. Разам з кампаніяй і сябрамі мы на некалькі дзён выязджалі на рыбалку на Зэльвенскае вадасховішча, дзе ўсталёўвалі палаткі і добра адпачылі. Змог я адпачыць і дома. Ведаеце, адпачываць – не працаваць. Было б жаданне. Адпачыць нядорага і прыемна можна і ў Беларусі.
Думкамі цікавіўся Уладзіслаў Шпарла.
Фота Сяргея Талашкевіча.