Суббота, 5 декабря 2020

Фотарэпартаж да Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці

564

Прыродны газ лічыцца жыццёва неабходным рэсурсам для развіцця прамысловасці. У гэтым плане Пружаншчыне пашанцавала. Як расказвае начальнік Пружанскага раёна газазабеспячэння ВУ «Кобрынгаз» А.Г.Рахавецкі, у спісе абанентаў прадпрыемства 19 прамысловых і 101 камунальна-бытавая арганізацыі. Таксама «блакітным палівам» забяспечаны амаль 22 тысячы кватэр, з іх прыродным газам — больш за 14 тысяч, звадкаваным ад падземных рэзервуараў — 314 і ў балонах — амаль 8 тысяч кватэр і домаўладанняў.

— Увогуле сёння на карце Пружанскага раёна 564,45 км сетак газаправодаў, з іх 560,25 км — прыроднага і 4,2 км — звадкаванага газу,— зазначае Анатолій Георгіевіч.— Гэта газаправоды, якія спраектаваны, звараны, пракладзены і абслугоўваюцца рукамі нашых людзей, дзякуючы чаму ўзровень газіфікацыі жылога фонду Пружаншчыны складае 99,1%.
— Аб’ёмы ўражваюць, нават нямногія рэгіёны краін-пастаўшчыкоў энерганосьбітаў могуць пахваліцца падобнымі паказчыкамі. А ці хапае сіл і магчымасцей у раённага прадпрыемства, каб належным чынам абслугоўваць і трымаць пад кантролем такую вялікую сетку?
— Гаворачы аб вытворчых поспехах, хачу падкрэсліць, што самая вялікая каштоўнасць нашага падраздзялення — гэта людзі, з якіх і складаецца наш вялікі і дружны калектыў. За 56 гадоў свайго існавання газавая служба раёна з канторы па газіфікацыі колькасцю ў 26 чалавек вырасла ў магутнае прадпрыемства з калектывам 120 чалавек. Зразумела, што кожны калектыў змяняецца, наш — не выключэнне. Але ў нашай прафесіі заўсёды застаюцца людзі, як прынята казаць, «з унутраным стрыжнем», слабыя проста не вытрымліваюць ні тэмпаў работы, ні ўскладзенай адказнасці. Як і на любым прадпрыемстве, праца і жыццё газавікоў не абыходзяцца без нейкіх бягучых праблем, але часовыя цяжкасці толькі прымушаюць калектыў з’яднацца яшчэ больш.
Нездарма мы імкнёмся развіваць і стымуляваць у нашым падраздзяленні заняткі спортам, мастацкай самадзейнасцю. На розных мерапрыемствах у вольны час людзі бліжэй знаёмяцца, дзеляцца думкамі і вопытам. І навічкі бачаць, што нас шмат, што ў нас адзіныя мэты і задачы, пачынаюць усведамляць сябе членамі вялікай каманды.
— Што на сённяшні дзень уяўляе Пружанскі раён газазабеспячэння?
— У склад яго ўваходзяць аварыйна-дыспетчарскі ўчастак, участкі эксплуатацыі, транспарту, уліку і рэалізацыі газу, сектар бухгалтарскага ўліку, а таксама Ружанскі ўчастак. Трэба сказаць, што мы штогод расцём не колькасна, а якасна. Напрыклад, толькі за два папярэднія гады дадаткова газіфікавана 339 кватэр прыродным газам, 207 кватэр — звадкаваным газам. Пераведзена са звадкаванага на прыродны газ 140 абанентаў, устаноўлена 798 прыбораў уліку газу, уведзена ў эксплуатацыю 16,2 км газаправодаў.
— Напэўна, і ў паслугах насельніцтву ўпор робіцца на якасць?
— У гэтым плане работа вядзецца над ахопам усіх жыццёвых і вытворчых інтарэсаў нашых кліентаў, а таксама над даступнасцю паслуг. Зараз мы выконваем:
— дастаўку балонаў звадкаванага газу;
— рамонт, замену і тэхнічнае абслугоўванне бытавога газавага абсталявання;
— устаноўку і паверку газавых лічыльнікаў.
— Анатолій Георгіевіч, з нагоды прафесійнага свята, думаю, усе нашы чытачы хацелі б выказаць цёплыя словы віншавання і ўдзячнасці вашым работнікам.
— Я таксама хачу скарыстацца такой магчымасцю і адзначыць, што мы, як гэта ні дзіўна гучыць, рады, калі нашы партнёры, кліенты і абаненты ўспамінаюць пра нас толькі напярэдадні святочных мерапрыемстваў. Калі ў будні маўчыць тэлефон 104 — гэта значыць, што складаны механізм нашага падраздзялення працуе, як гадзіннік — без збояў і аварый, а газавікі спраўляюцца са сваімі абавязкамі паспяхова. І гэта сапраўды так, што дае мне права з гонарам павіншаваць усіх з нашым прафесійным святам і падзякаваць за годную працу!
Самыя цёплыя словы віншавання хочацца выказаць нашым пенсіянерам: Р.М.Солад, М.Г.Дабрэнка, А.М. Чарвяк, В.П.Чарвяку, І.І.Пстыгу, М.Г.Леўчуку, А.А.Валасевіч, У.І.Радзівоніку, М.С.Літвінчук, Г.С.Сідарук, А.А.Ціханюк, А.М.Волчыку, У.І. Краўцу, Т.А.Лісіцкай і многім іншым. Ад сябе асабіста, ад нашага калектыву жадаю вам і вашым сем’ям здароўя, шчасця, матэрыяльнага дабрабыту. А ўсім тым, хто працуе сёння, — радасці ад дасягнутых мэт, менш аварыйных выездаў і толькі вучэбных трывог.

Дастаўкай балонаў са звадкаваным газам займаюцца слесар А.А.Жук і вадзіцель А.М.Манцэвіч.

Ні адна дробязь не застаецца па-за ўвагай прыёмшчыка заказаў дыспетчарскай службы З.Р.Мулярчык.

Тэхнічнае абслугоўванне абсталявання газаразмеркавальнага пункта праводзяць слесары М.С.Клюкач, А.А.Грышкевіч, Г.В.Даміно.

Калектыў участка транспарціроўкі, уліку расходу і рэалізацыі газу кантралюе правільнасць і своечасовасць разлікаў абанентаў, а таксама вырашае розныя пытанні, якія паступаюць ад спажыўцоў. Гэтым займаюцца кантралёры А.Я.Пракаповіч, А.І.Шанюк, К.А.Трапук, А.Я.Даміно і С.Г.Абрубка.

Інжынерна-тэхнічныя работнікі на чале з галоўным інжынерам — «сэрца» газавай службы, матор, які заводзіць усю работу. Інжынеры А.У.Шлеба, С.В.Рахавецкая, Д.А.Данілюк, А.М.Шпарла, А.В.Кудрашоў, У.А.Карасоўскі, галоўны інжынер У.М.Прыпутневіч, інжынеры І.Д.Бескаравайны, П.В.Ліневіч, В.У.Чаевіч, Р.С.Вашкевіч, С.М.Трапук, С.І.Раманоўскі.

Аварыйна-дыспетчарскі ўчастак Пружанскага раёна газазабеспячэння лічыцца адной з самых аператыўных службаў. Яго спецыялісты дзяжураць кругласутачна, без выхадных. Яны заўсёды на сувязі і ў любы момант гатовы рэагаваць на магчымыя няштатныя сітуацыі. У пастаяннай гатоўнасці да выезду брыгада, у якой сёння дзяжураць слесар Аляксандр Аляксеевіч Сірыська, майстар Раман Сцяпанавіч Вашкевіч і вадзіцель Мікалай Дзмітрыевіч Бурдук
Гутарыў Алег СІДАРЭНКА Фота Сяргея Талашкевіча.