Суббота, 5 декабря 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Лясніцтва, перабудаванае пад школу

463

Гэтае фота знайшлося ў альбоме, дзе настаўнікамі і вучнямі былой Белалясоцкай школы была беражліва сабрана гісторыя гэтай навучальнай установы. Будынак, узведзены «за польскім часам», у 1924 годзе, прызначаўся для лясніцтва. Яно займала частку памяшкання, а ў другой палове жыў ляснічы са сваёй сям‘ёй. На здымку і адлюстраваны гэты перыяд.


Калі ў ліпені 1944-га года Белы Лясок быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, паўстала пытанне навучання дзяцей, якіх на той час у вёсцы было шмат. Будынак лясніцтва перадалі Шарашоўскаму райаддзелу народнай адукацыі. Загадам №1 па Шарашоўскаму РайАНА ад 15 жніўня 1944 года было засведчана: «Адкрыць у Белым Ляску Шарашоўскага раёна пачатковую школу».
З успамінаў В.І.Рыгіна: «20 жніўня 1944 года загадчык Шарашоўскага РайАНА Васіль Васільевіч Ціхаміраў камандзіраваў мяне ў Белы Лясок з заданнем выявіць магчымасці адкрыцця пачатковай школы…». Вікенцій Іванавіч і займаўся выбарам будынка, падборам кадраў. У выніку першым загадчыкам школы стаў Аляксандр Ануфрыевіч Рабчук, настаўніцай — В.А.Куркіна.
Пазней да гэтага будынка было дабудавана яшчэ адно крыло і школа з 1949 года стала сямігодкай.
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова