Пятница, 19 апреля 2024

Жыхары Чапялёў пабудавалі пляцоўку для адпачынку

656

Газета напісала пра арэлі, што паставілі для дзяцей каля касцёла ў райцэнтры. Але падобнае здарылася сёлета і ў нашай вёсцы Чапялі. У парку, закладзеным напрыканцы 1960-х гадоў жыхаром вёскі Мікалаем Мікалаевічам Хворакам, таксама з’явілася цудоўная пляцоўка для адпачынку.


Сярод ліпаў, акацый, клёнаў і хвой з’явіліся арэлі, пясочніца ў выглядзе лодачкі, спартыўны шчыт з кальцом, «гоначная машынка» і паласа перашкод з аўтамабільных шын. Таксама паўсталі столік з лаўкамі і кветнікі розных формаў.


Гэтую прыгожую і ўтульную пляцоўку з душой і любоўю стварылі ўласнымі сіламі самі жыхары вёскі. Вялікі ўнёсак у агульную справу зрабілі Іосіф Віктаравіч Шумскі з жонкай Наталляй Васільеўнай, Васілій Васільевіч Казмірчук, сем’і Пілюцікаў, Люкевічаў, Хаметаў, Лазоўскіх.


Заслугоўваюць слоў павагі і ўраджэнцы Чапялёў, якія жывуць у горадзе, але кожнае лета прыязджаюць на малую радзіму і шчыруюць над добраўпарадкаваннем вёскі. У прыватнасці, мы вельмі ўдзячны Веры Сяргееўне Сёмачкінай і яе сям‘і: актыўна працавалі і яе муж, і дзеці, нават унукі. Наогул, каб вы толькі ведалі, як дзеці, самаму малодшаму з якіх шэсць гадкоў, з задавальненнем будавалі свой дзіцячы куток! Дапамаглі прывезці пясок, фарбавалі кампазіцыі, садзілі кветкі.


Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім — і дарослым, і дзецям, хто з‘яднаўся ў такой добрай справе і дапамог здзейсніць даўнюю мару чапялёўскіх старажылаў. Якое шчасце, што сёння ёсць у нас месца, дзе могуць адпачыць людзі розных узростаў. Глядзіш на дзетак, якія корпаюцца ў пясочніцы, ці на бабулек, якія, нібы маленькія, гойдаюцца на арэлях, — і душа радуецца.


Ёсць у нас шмат задумак і на наступны год. Балазе, засталося яшчэ свабоднае месца ў парку, дзе могуць разгуляцца нашы фантазія, працавітасць і крэатыў.
Жыхары Чапялёў.