Понедельник, 21 сентября 2020

ДЭУ-25 вядзе рамонт дарожнага кальца. Будзьце ўважлівымі: шмат змяненняў

1 409

З пачатку ліпеня ДЭУ-25 займаецца рамонтам дарожнага кальца ў райцэнтры.


Патрэба ў гэтым даўно наспела: пакрыццё праезнай часткі гэтага ўчастка не адзін год патрабавала аднаўлення. Але побач з тым, як адзначае галоўны інжынер прадпрыемства І.В.Якімчык, неабходна было прывесці рух транспарту па кальцы ў адпаведнасць з дзеючымі нормамі, бо яно ўжо не спраўлялася з прапусканнем вялікай колькасці аўтамабіляў, асабліва ў «пікавыя гадзіны».


— Асноўная праблема заключаецца ў тым, што геаграфічна на Пружанскае гарадское кальцо сыходзяцца шэсць дарог, чатыры з якіх маюць рэспубліканскі статус, а значыць, карыстаюцца попытам і сярод «транзітнікаў»,— паведамляе Ігар Васільевіч.— І паток велікагрузных машын расце з году ў год.


Таму было вырашана не проста абнавіць дарожнае пакрыццё гэтага ўчастка, але і ўнесці змены ў правілы яго праезду. Пра што галоўны інжынер ДЭУ-25 расказаў падрабязна чытачам нашай газеты.

Нарматыўны тэрмін правядзення запланаваных работ — тры месяцы і да канца верасня ўсё павінна быць завершана. Рамонт можна было б выканаць і хутчэй, але праезд па кальцы нельга закрываць, даводзіцца працаваць паралельна з, няхай і крыху абмежаваным, аўтамабільным патокам. Таму дарожнікі спадзяюцца, што аўтаўладальнікі аднясуцца да часовых складанасцей з разуменнем.

— Хочацца выказаць падзяку кіраўніцтву дзяржаўтаінспекцыі, бо ў некаторых выпадках даводзіцца звяртацца па дапамогу для кіравання праездам, і супрацоўнікі інспекцыі заўсёды ідуць насустрач,— гаворыць І.В.Якімчык.

А цяпер патлумачым самае галоўнае. Калі раней на гэтым участку дзейнічала толькі правіла «перашкода з правага боку», то цяпер будзе зусім інакш: да асноўнага кальца дабаўляюцца два паўкальцы — у напрамках на Ружаны і на Высокае.

Пры выездзе на кальцо з боку Ружан неабходна: прапусціць аўтамабіль, які рухаецца па паўкальцы з Аранчыц ці Бярозы («галоўная дарога»), пасля чаго можна выязджаць на паўкальцо з далейшым пераездам на асноўную частку, саступаючы дарогу тым машынам, што рухаюцца па кальцы.

Вось тут ёсць яшчэ адна змена: аўтамабілі, якія рухаюцца па вул. Кастрычніцкай, абавязаны прапусціць транспарт з паўкальца з боку Ружан (раней было наадварот).

пры выездзе з вуліцы Р.Шырмы на кальцо дзейнічае такі ж алгарытм: аўтамабіль павінен прапускаць усе транспартныя сродкі з боку Ружан і вул.Кастрычніцкай, а потым яму дарогу саступаюць машыны з вул.Макаранкі.

парадак праезду асноўнай часткі кальца застаецца ранейшым.

Некаторыя змены, як адзначаюць рэалізатары праекта аптымізацыі руху, адбудуцца і на злучэнні вуліц Р.Шырмы (з боку Бярозы) і Лазо (з боку Аранчыц). Раней вадзіцелям пры пад’ездзе да кальца для ацэнкі сітуацыі на гэтым участку неабходна было «пад вострым вуглом» аглядвацца на вуліцу Р.Шырмы, але пасля стварэння «зялёных зон» выезд будзе ажыццяўляцца пад «прамым вуглом», што аблегчыць абзор, каб, як і раней, прапусціць аўтамабілі, што рухаюцца з вуліцы Р.Шырмы.

— Таксама хочацца звярнуць увагу вадзіцеляў і на вызначаныя ўчасткі кальца, якія добраўпарадкуюцца тратуарнай пліткай. Гэта не азначае, што там будуць зроблены нейкія «астраўкі бяспекі» або ўвогуле, як адзначаюць некаторыя гараджане, месцы стаянкі патрулёў ДАІ і дарожных інспектараў. Гэта — «зоны наезду», якія зроблены для зручнасці праезду гарадскога кальца даўгамерных транспартных сродкаў. Мы папярэдне пралічылі з улікам габарытаў велікагрузных аўтамабіляў і сучасных аўтобусаў грамадскага транспарту памеры такіх зон (ад 1 да 3 метраў у шырыню) і выкарысталі для іх вызначэння тратуарную плітку. На сённяшні дзень гэтыя ўчасткі здаюцца высокімі, але пасля ўкладкі асфальтавага пакрыцця іх вышыня не будзе перавышаць 4 сантыметры.

Дадаткова будзе праведзена добраўпарадкаванне пешаходных дарожак з выкарыстаннем тратуарнай пліткі і вызначэннем месцаў выхаду на праезную частку спецыяльнымі рэльефнымі пласцінкамі для зручнасці лю-дзей, якія дрэнна бачаць. Акрамя таго, зменіцца і месца знаходжання некаторых пешаходных пераходаў: на вуліцах Лазо і Макаранкі павялічыцца адлегласць паміж «зебрай» і кальцом.
Як паведамляе галоўны інжынер ДЭУ-25, фінансаванне работ вядзецца з рэспубліканскага бюджэту. На запланаванае патрэбна амаль паўмільёна рублёў і грошы ўжо выдзелены ў поўным аб’ёме. Таму ніякіх затрымак з правядзеннем рамонту не прадбачыцца. На працягу двух месяцаў вытрымліваюцца ўсе кантрольныя тэрміны, штодня на гэтым участку працуюць чатыры брыгады і каля дзесяці адзінак тэхнікі. Практычна ўсе працаёмкія работы былі выкананы. Хутка, як абяцаюць дарожнікі, яны прыступяць да ўкладкі асфальтавага пакрыцця. Яно таксама размеркавана такім чынам, каб пазбегнуць утварэння на праезнай частцы кальца лужын.

Фінальнымі работамі стануць нанясенне дарожнай разметкі і ўстаноўка адпаведных знакаў, якія дапамогуць пераадольваць складаны ўчастак без непрыемнасцей. Патрэбна толькі захоўваць уважлівасць і не спяшацца.
На здымку: работы вядуцца няспынна.
Алег Сідарэнка, фота аўтара.

P.S. У хуткім часе мы апублікуем новую схему праезду.