Понедельник, 28 сентября 2020

Настаўніца Валянціна Яцук: «Кожны заслугоўвае павагі»

425

Да ўсіх настаўнікаў пачатковых класаў я заўсёды ставілася і стаўлюся з асаблівай павагай, паколькі працаваць ім даводзіцца з самай, лічу, складанай катэгорыяй людзей — маленькімі дзецьмі. Кожны добры ці дрэнны ўчынак вучняў, у першую чаргу, вынік работы настаўніка. “Вы павінны навучыць!” — строга навучае кіраўніцтва. “Вы павінны выхаваць!” — нярэдка са свайго боку выстаўляюць прэтэнзіі бацькі. Сёння выстаяць у настаўніцкай прафесіі могуць толькі самыя адданыя сваёй справе рупліўцы. Менавіта да іх можна аднесці і настаўніцу пачатковых класаў Шчарчоўскага ВПК Валянціну Леанідаўну Яцук, якая, да ўсяго, з’яўляецца прадстаўніцай цэлай дынастыі педагогаў.


— Таму яшчэ з першай школьнай парты (а размяшчалася яна, дарэчы, у гэтым жа класе, дзе мы з вамі зараз знаходзімся) ведала, кім хачу быць,— расказвае жанчына. — Бясспрэчна, на мой выбар паўплывала першая настаўніца Святлана Іосіфаўна Казлова, якая, што цікава, сёння працуе са мной у адной школе. Унесла сваю лепту і мама Марыя Мікалаеўна Пышко, якая была завучам, а потым да 2002 года і дырэктарам Шчарчоўскай школы, выкладала хімію і біялогію. Памятаю, як у дзяцінстве мама купляла мне лялькі, а я садзіла іх за “парту” і вучыла чытаць, пісаць і лічыць…
Праўда, паступіць у ВНУ з першага разу ў “сярэбранай” медалісткі Валянціны (якую сёння кіраўніцтва называе настаўнікам ад Бога) па пэўных прычынах не атрымалася, і дзяўчына ўладкавалася на працу лабарантам у кабінет фізікі і хіміі. Пазней паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога, натхніўшыся прыкладам сястры-настаўніцы Людмілы Палянчук, працягнула вучобу ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “выкладчык пачатковых класаў” з дадатковай спецыяльнасцю “дашкольнае выхаванне”. А нядаўна ў абласным інстытуце развіцця адукацыі Валянціна Леанідаўна Яцук атрымала вышэйшую катэгорыю.
— З хваляваннем успамінаю першых сваіх вучняў, першы свой выпуск… Кожнае дзіця памятаю і люблю. На вуліцы пры сустрэчы заўсёды падбягуць, абнімуць, падзеляцца ўражаннямі. І ў мяне адразу светла на душы становіцца. Як можна іх не любіць?! Таму сёння я з радасцю чакаю новых маленькіх сяброў і новых уражанняў, — прызнаецца настаўніца, у якой за 26 гадоў працы ў школе было ўжо пяць выпускаў.
Дарэчы, у самой Валянціны Леанідаўны двое дзяцей. Старэйшая Таццяна скончыла з “залатым” медалём школу і цяпер з’яўляецца студэнткай 3-га курса педуніверсітэта, значыцца на Дошцы гонару і атрымлівае нават імянную стыпендыю. А малодшая Ганна перайшла ў 7-ы клас школы. Дзяўчынка адукаваная, таленавітая, творчая асоба. У прыватнасці, у мінулым годзе прыняла ўдзел у творчым конкурсе, які праводзіўся з нагоды 80-годдзя міліцыі, і была адзначана граматай.
— Кожны вучань індывідуальны, у кожным ёсць адметнасць, за якую яго хочацца і трэба пахваліць. Мы, настаўнікі, проста абавязаны развіваць у сваіх выхаванцах упэўненасць у сабе. Ды і самім настаўнікам не варта апускаць галаву. Маё жыццёвае крэда “Не баяцца цяжкасцей і ісці наперад”, — кажа Валянціна Леанідаўна.
І я разумею, што невыпадкова ў 2018 годзе жыхары Шчарчова абралі яе дэпутатам мясцовага Савета. Менавіта яна, простая настаўніца, для вырашэння важных пытанняў ездзіла нават у Мінск, у міністэрства ЖКГ, і дамагалася свайго. У прыватнасці, адстаяла наяўнасць балконаў у адным з жылых дамоў аграгарадка, якія планавалася дэмантаваць. Балконы, на радасць жыхароў дома, умацавалі.
— Я не баюся выказваць сваё меркаванне і сваіх вучняў гэтаму вучу. Кожны чалавек заслугоўвае павагі. Кожны…
Алена ЗЯЛЕВІЧ.
Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.