Суббота, 5 декабря 2020

У «Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў» пачала працу выстава «Ружанскія выцінанкі»

551

Гэта першая ў гэтым музеі персанальная выстава работ народнага майстра Беларусі і жыхара Ружан Юрыя Малышэўскага.
На адкрыцці выставы сабраліся сябры, былыя вучні, калегі мастака, прыхільнікі яго творчасці і проста наведвальнікі музея.


Хоць мастак і нарадзіўся ў сібірскім горадзе Ніжняўдзінску, але кожны з ружанцаў лічыць яго сваім земляком: яшчэ ў дзяцінстве Юрый Малышэўскі апынуўся ў Ружанах, дзе жыве і сёння. Менавіта багатае гістарычнае мінулае мястэчка абудзіла ў яго цікавасць да краязнаўства, збору гістарычных звестак і фактаў пра Ружаны.

Пасля заканчэння школы і службы ў войску Юрый працягнуў займацца маляваннем, асвойваць і ўдасканальваць тэхнікі жывапісу, скульптуры, разьбы. А неўзабаве захапіўся выцінанкай. Гэта асаблівы від народнай творчасці —папяровыя карункі або ажурна выразаная карціна з паперы. Азам гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва яго навучылі Уладзімір Крукоўскі і Вячаслаў Дубінка, імёны якіх увайшлі ў гісторыю беларускай культуры, і мясцовы ксёндз Міхал Варанецкі. У выніку Ю.С. Малышэўскі загараецца ідэяй адраджэння амаль забытага і згубленага віду народнай творчасці. На той момант гэтыя чацвёра былі адзінымі ў Беларусі майстрамі выцінанкі.

У 1986 годзе Юрый Станіслававіч закончыў Маскоўскі народны ўніверсітэт мастацтваў, і ўжо літаральна на наступны год атрымаў медаль лаўрэата на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Але Юрый Малышэўскі — гэта не толькі майстар выцінанкі, ён захапляецца жывапісам і графікай, займаецца рэстаўрацыйнымі работамі беларускіх святыняў, мае свой лёгка пазнаваемы стыль. Адметная калекцыя яго работ не раз была прадстаўлена на выставах народнага мастацтва ў многіх гарадах Беларусі, Расіі і Польшчы. З цягам часу многія яго творы разляцеліся па свеце ў выглядзе сувеніраў і падарункаў: у Польшчу, Расію, Бельгію, Японію, Швецыю, Ірландыю, на Мадагаскар… Персанальныя выставы майстра ў свой час прайшлі ў Пружанах, Кобрыне, Пінску, Брэсце і Магілёве.

Сёння работы Ю.С.Малышэўскага можна ўбачыць у многіх выданнях і мастацкіх паліграфічных альбомах. Прызнаннем яго, як выбітнага майстра, з’яўляецца калекцыя дыпломаў і грамат, атрыманых на розных фестывалях, конкурсах і аглядах народнага мастацтва.
Дарэчы, Юрый Станіслававіч падарыў Ружанскаму музею набор рэпрадукцый «Выцінанкі» Вячаслава Дубінкі, які папоўніць фонды музея і зможа стаць часткай новай выставы.

«Ружанская выцінанка» Юрыя Малышэўскага — гэта своеасаблівы брэнд пасёлка. Прадукцыю з выявай выцінанак пачала вырабляць Пружанская друкарня, і цяпер у сувенірнай краме музея можна набыць футболкі і эка-сумкі з непаўторнымі карункавымі ўзорамі.

Алена Паляшчук, малодшы навуковы супрацоўнік музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў».
Фота з архіва рэдакцыі.