Четверг, 1 октября 2020

Ліноўская бібліятэка сёлета трапіла на раённую Дошку гонару. Наш матэрыял пра яе маленькі калектыў

321

Сярод устаноў, якія сёлета трапілі на раённую Дошку гонару, ёсць і сапраўдныя рэкардсмены. У прыватнасці, Ліноўская сельская бібліятэка, дзе працуе толькі дзве жанчыны – Алена Мікалаеўна Антончык і Наталля Сяргееўна Паўлюковіч, другі раз за апошнія тры гады прызнана лепшай бібліятэкай раёна.

Калі скласці “культурны” стаж бібліятэкараў, то атрымаецца на дваіх больш за паўстагоддзя. Жанчыны любяць сваю працу і маюць поўнае права ганарыцца статусам служыцеляў чытальнай “меккі” Лінова і навакольных вёсак.


Загадчыца ўстановы Алена Мікалаеўна мясцовая, нарадзілася ў в. Загор’е ў сям’і работнікаў культуры. Аднак воляй лёсу Алена не пайшла адразу па слядах маці-бібліятэкара. Пасля заканчэння школы вучылася ў сельскагаспадарчай акадэміі г.Горкі і некаторы час працавала ў адной з гаспадарак Магілёўскай вобласці. А калі ў 1997 годзе вярнулася на малую радзіму, уладкавалася на працу ў клуб в.Смаляны.


У 2006 годзе пераехала ў Лінова, доўгі час шукала, дзе знайсці прымяненне сваім інтэлектуальным здольнасцям, і нарэшце ў 2010 годзе стала бібліятэкарам: 13 кастрычніка споўніцца 10 гадоў, як разам з калегай яна прывівае любоў да кніг дзецям і дарослым.


— Я жыву сваёй прафесіяй, — кажа загадчыца. – Дзякуй, што сям‘я мяне падтрымлівае, паколькі разумее, што многае ў нашай сферы трымаецца на энтузіязме. Сама шмат чытаю, калісьці, яшчэ калі была студэнткай, я стаяла ў чарзе па кнігі, як па тавар першай неабходнасці. І ўласных дзяцей прывучыла да кніг: дачка Кацярына сёння вучыцца на бібліятэкара ва ўніверсітэце. Сярод маіх любімых аўтараў – Людміла Рублеўская, Валерый Гапееў, Віктар Рэчыц і іншыя беларускія творцы.

Таксама любіць кнігі і дапамагае чытачам пазнаць кніжны свет Наталля Сяргееўна Паўлюковіч. Жанчына родам з в. Арабнікі, шмат гадоў таму пераехала ў Лінова, скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і ажно з 1984 года працуе ў мясцовай бібліятэцы.


— Люблю розную літаратуру: жанравыя перавагі залежаць ад настрою. Сёння, напрыклад, магу чытаць дэтэктывы, а заўтра — жаночыя раманы, — расказвае Наталля Сяргееўна.

Што цікава, чытаюць бібліятэкары толькі дома, паколькі, па іх прызнанні, на рабоце няма часу ўзяцца за любімыя кнігі. Фронт дзейнасці бібліятэкараў вельмі разна-стайны: сёння ўсе бібліятэчныя ўстановы працуюць па прынцыпе “і хлеба, і відовішчаў”.


А такіх чытачоў-гледачоў некалькі тысяч: у зону абслугоўвання Ліноўскай сельскай бібліятэкі ўваходзяць яшчэ вёскі Альшаны і Млынок, пасёлак Інтэрнацыянальны. Акрамя таго, у Аранчыцах чытачы абслугоўваюцца на двух пунктах кнігавыдачы. Адметна, што ўсе планавыя паказчыкі (па кнігавыдачы, па чытачах, наведваннях) бібліятэка выканала.


— У прыватнасці, больш чым на 108 % выкананы план па прыцягненні юных чытачоў, — сведчыць загадчыца бібліятэкі. — Таксама сярод нашых кліентаў павялічылася колькасць пенсіянераў. Спрыяе гэтаму, па-першае, рэгулярнае папаўненне фонду бібліятэкі новымі выданнямі. Каб палепшыць попыт чытачоў, мы цесна супрацоўнічаем з аддзелам кнігасховішча Пружанскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. На сёння наш фонд складае амаль 21 тысячу друкаваных выданняў. Вялікім попытам карыстаюцца жаночыя раманы, дэтэктывы, замежная і руская класіка, фантастыка, гістарычныя раманы, творы пра вайну. Апошнія гады вельмі цікавіць людзей і духоўная літаратура.

Бясспрэчна, прывабліваюць людзей і разнастайныя масавыя мерапрыемствы, якія ліноўскія бібліятэкары наладжваюць сумесна з сельвыканкамам, ДШМ, сельскім Домам культуры, са школай і дзіцячым садком. За год імі было праведзена каля 60 мерапрыемстваў па духоўным і патрыятычным выхаванні дзяцей, падлеткаў, моладзі, папулярызацыі нацыянальнай мастацкай літаратуры і краязнаўства, а таксама па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Традыцыйна для людзей сталага ўзросту ў Ліноўскай чытальні таксама ладзяцца розныя вечары адпачынку.

Паказальна, што ў рабоце бібліятэкі выкарыстоўваюцца інавацыйныя формы работы: фальклорныя вячоркі і інтэрактыўныя гутаркі, краязнаўчыя арт-гадзіны і медыяўрокі, пазнавальныя віктарыны і вечары-памфлеты. Ужо другі год пры бібліятэцы працуюць клуб для моладзі “Формула здароўя” і літаратурны клуб “Светлячок”, галоўным накірункам дзейнасці якіх з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця.

— Цяжка сказаць, якія імпрэзы найбольш падабаюцца нашым гасцям. Уласна мне хочацца выдзеліць гадзіну краязнаўства “Беларусь – мая Радзіма”, на якой прысутныя атрымалі шмат цікавых і карысных звестак аб нашай Радзіме. Не менш пазнавальнай была і літаратурна-экалагічная гадзіна “Над Белай Руссю – белы бусел”, дзе ішла гаворка пра буслоў і іх звычкі, закранулі пытанні экалогіі. У гэтым годзе сумесна з Аранчыцкай Свята-Крыжа-Узвіжанскай царквой бібліятэка працягвала наладжваць мерапрыемствы ў рамках праграмы “Запаліць светач душы”, на якіх заўсёды гучала пропаведзь святара і царкоўныя песнапенні, — распавяла загадчыца бібліятэкі Алена Мікалаеўна Антончык.

— А я хацела б вылучыць мерапрыемства “Творца добрага настрою”, — падтрымлівае гутарку Наталля Сяргееўна Паўлюковіч. — Гэта быў сапраўдны бенефіс нашага земляка, журналіста Віктара Рэчыца, які працуе ў вельмі складаным жанры сатыры. Адзінкавыя людзі дасягаюць поспеху ў гэтым жанры. Каб працаваць у ім, аўтару трэба не толькі валодаць пачуццём гумару, быць назіральным і ўважлівым, але яшчэ і так умела валодаць словам і мовай, каб перадаць свае назіранні, адносіны, мараль чытачу. На сустрэчы гучалі вершы і байкі ў выкананні пісьменніка і вучняў Ліноўскай сярэдняй школы. На развітанне Віктар Трафімавіч падарыў свой новы зборнік “Гастролі”. Увогуле, дзякуючы таму, што ў рабоце намі былі выкарыстаны новыя формы, і была прыцягнута ўвага наведвальнікаў, а многія выданні знайшлі свайго чытача.

Безумоўна, паспяховай дзейнасці Ліноўскай бібліятэкі спрыяе не толькі актыўнасць і шчырасць супрацоўнікаў, але і трывалая матэрыяльна-тэхнічная база. Як мы змаглі пераканацца, установа добра абсталявана, тут ёсць камп’ютар са сканерам, падключаны бесправадны інтэрнэт. Увогуле ў зале вельмі ўтульна, свабодна і камфортна. Шмат выстаў і тэматычных палічак. Сярод іх асаблівую ўвагу прыцягвае выстава “Лёсы землякоў у фотаздымках”, на якой прадстаўлены пажоўклыя старонкі нашай “раёнкі” з партрэтамі вядомых пружанцаў.


— Кніжныя выставы і паліцы афармляліся намі на працягу года. Не прамінулі ніводнага юбілея нашых пісьменнікаў. Як вы бачыце, для прыцягнення чытачоў уласнымі сіламі шчыруем над афармленнем стэлажоў. Вядома, ёсць і ў нашай рабоце нейкія праблемы, але мы імкнёмся іх дружна вырашаць, — кажуць жанчыны, намаганнямі якіх Ліноўская бібліятэка стала галоўным культурным цэнтрам аграгарадка.


— Мы любім сваіх чытачоў! Ім жа хочацца не толькі кнігу ўзяць, але і пагаварыць з намі: абмеркаваць навіны, падзяліцца настроем ці жыццёвымі праблемамі. Мы, як тыя псіхолагі, заўсёды сумленна іх выслухоўваем. Разам смяёмся, разам сумуем… А потым возьмеш кнігу. Папяровую, а не модную сёння электронную. Пагартаеш старонкі, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай. І, натхнёны лёсамі галоўных герояў, пачынаеш глядзець у будучыню з аптымізмам.
Алеся Смайлік.
На здымку: А.М.Антончык і Н.С.Паўлюковіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.