Вторник, 29 сентября 2020

Былы старшыня Шчарчоўскага сельсавета Аляксандр Дзешка: «Пружанцы — малайцы, ідуць наперадзе ўсіх!»

383

Кіраўнікі бываюць розныя. Адны ўспрымаюць высокую пасаду як сваю заслугу. Іншыя — як аванс, і сваёй сумленнай працай і бацькоўскім клопатам аб падначаленых цалкам апраўдваюць давер людзей. Такім прыстойным кіраўніком быў і Аляксандр Міхайлавіч Дзешка. Чаму быў? Проста вось ужо дзесяць гадоў гэты чалавек знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а пра яго працу памятаюць калегі, знаёмыя і дзякуюць за ўсё. У доказ таму — шматлікія тэлефанаванні ў нашу рэдакцыю ад жыхароў Шчарчоўскага сельсавета з просьбай напісаць пра былога старшыню сельвыканкама, якому 25 ліпеня споўнілася 70 гадоў.


Дазволю сабе прывесці асноўныя факты з біяграфіі гэтага добрага чалавека. Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці ў сям’і рабочага пякарні і простай калгасніцы. Такім чынам, з цяжкасцямі сельскага жыцця быў знаёмы з ранняга дзяцінства. Старанна вучыўся і працаваў, імкнуўся ва ўсім дапамагаць бацькам.

Пасля школы паступіў на заалагічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Адслужыў на Ваенна-марскім флоце і вярнуўся ў родны раён, дзе ўладкаваўся на працу ў адну з гаспадарак. Ажаніўся.


У студзені 1975 года пасля расфарміравання калгаса пераехаў з сям’ёй у Пружанскі раён і ўладкаваўся на працу ў калгас імя Кірава.

— У Галасяціне нам адразу выдзелілі дом. Так тут і засталіся. Таму што людзі тут добрыя. Ветлівыя, працавітыя, не скандальныя. Доўгі час працаваў галоўным заатэхнікам. Праўда, у 1988 годзе з’явілася магчымасць працаваць у калгасе “Дружба” намеснікам старшыні калгаса, і я не адмовіўся. Але праз некаторы час вырашыў вярнуцца назад у Галасяціну. Я быў абраны старшынёй калгаса, пазней — дэпутатам Шчарчоўскага сельскага Савета. А з 1 красавіка 1998 года стаў яго старшынёй. У маі 2010 датэрмінова пайшоў на пенсію. І вось ужо дзесяць гадоў “два Сашкі” (заўв. аўтара — жонку героя публікацыі завуць Аляксандрай Уладзіміраўнай) жывуць у сваё задавальненне, — з усмешкай распавядае Аляксандр Міхайлавіч.

А задавальненне гэта, калі браць у разлік фізічны рэсурс, шчыра кажучы, нятаннае. Вялікая падсобная ўласная гаспадарка, якую Дзешкі вялі да нядаўняга часу, лічылася ўзорнай у вёсцы.


— Толькі нядаўна прадалі каня і карову. Шкада, зразумела, было з імі расставацца: з малака мая жонка гатавала вельмі смачныя малочныя прадукты… Але ўтрымліваць сёння буйную жывёлу ўжо здароўе не дазваляе. Дзякуй Богу, пенсія нядрэнная. Хапае на медыкаменты і салярку. Мы жывём далёка ад горада, таму без машыны ніяк не абыдземся, — кажа мой суразмоўца.

Адна з прычын, па якіх Аляксандр Міхайлавіч з жонкай спяшаюцца ў Пружаны і нават далей, — гэта іх дзеці і ўнукі, якімі яны вельмі ганарацца.

— Дачка працуе настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 1, а сын — старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва ў Зэльвенскім раёне. Ён па адукацыі навуковец-аграном. Таксама скончыў сельскагаспадарчы ўніверсітэт, яшчэ і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Сёння працаўнікі гэтага кааператыва збіраюць больш за 70 цэнтнераў збожжа з гектара. Хіба гэта не падстава для гонару? А ўнукі — іх у нас пяцёра — якія выдатныя! Усе вучацца, за выключэннем самай маленькай Сашкі, якой ідзе пяты гадок. Дзеткі і ўнукі нас не забываюць і па магчымасці прыязджаюць. Дачакацца б яшчэ праўнукаў!

Сапраўды, годныя мары. Азіраючыся на пражытае жыццё, мой суразмоўца кажа, што ні пра які перыяд не шкадуе. Але, відаць, што крыху сумуе:
— Так, былі цяжкія 90-я гады. Развальвалася краіна, развальвалася і гаспадарка, не было магчымасці выдаваць зарплату людзям. Усяго даводзілася наслухацца ад людзей. Але неяк пражылі. І крыўды на Савецкі Саюз не маем. Вядома, вельмі шмат змянілася за апошнія гады. Раней у Галасяціне было весялей, мая жонка працавала ў Доме культуры. Дык яны па вёсках ездзілі і канцэрты давалі, ветэранаў і юбіляраў віншавалі, святы вёскі ладзілі. Зараз клуб закрыты і праўленне таксама, засталася толькі майстэрня. Ужо не тое. Людзей не ўтрымаць, усе спяшаюцца ў горад. Не спрачаюся, прыемна глядзець на Пружаны, якія пасля “Дажынак-2003” расцвілі: новыя магазіны, мікрараёны, дарогі…


Пагаджуся: не тое, што ў Галасяціне. Дрэнная дарога, забітыя шыбы і паваленыя дахі апусцелых хат не дадаюць аптымізму.
— Але мы здавацца не збіраемся, — усміхаецца юбіляр. — Нас уратуе новая дарога ўздоўж Белавежскай пушчы, дзякуючы якой стала прасцей дабірацца да Брэста, Камянца, Пружан, Свіслачы і на малую радзіму, дзе пахаваны бацькі. Нас уратуе лес, дзе шмат ягад і грыбоў. Уратуе зямля… У гэтым годзе наогул небывалы ўраджай. Гартаеш раённую газету — і душа радуецца: пружанцы — малайцы, ідуць наперадзе ўсіх. Па 60 цэнтнераў з гектара! Мы калісьці 40 ц/га ўспрымалі як верхнюю планку. Так што, сябры, будзем жыць і не тужыць…
БыАлена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.