Вторник, 29 сентября 2020

Начальнік аддзела статыстыкі Леанід Лапыка адзначаны Падзякай Прэзідэнта

287

За стагадовы перыяд дзяржаўныя органы статыстыкі не раз рэфармаваліся, мянялася іх назва, але галоўныя задачы і функцыі і сёння застаюцца нязменнымі: збор, апрацоўка і аналіз статыстычнай інфармацыі, якая ахоплівае ўсе галіны нашага жыцця — эканамічную, сацыяльную, дэмаграфічную, гандлёвую…


— Своечасовае развіццё інфармацыйных тэхналогій, магчымасць доступу да інтэрнэту змянілі патрабаванні да інфармацыйнага ўзаемадзеяння суб’ектаў гаспадарання, якія робяць справаздачу, з органамі дзяржаўнай статыстыкі, — гаворыць Леанід Лапыка, які вось ужо шмат гадоў узначальвае аддзел статыстыкі Пружанскага раёна. — Пераход на электронную сістэму збору статыстычнай справа-здачнасці цалкам замяняе прад’яўленне справаздачы на паперы, дазваляе аўтаматычна карэктаваць няправільна аформленыя рэквізіты, павышае якасць і дакладнасць апрацоўкі даных.

Больш буйным і працаёмкім статыстычным назіраннем з’яўляецца перапіс насельніцтва, які праводзіцца раз у дзесяць гадоў. Дзякуючы яму, праводзіцца не проста падлік насельніцтва, але і ацэньваецца дэмаграфічная, эканамічная, сацыяльная сітуацыя як у краіне, так і ў кожным населеным пункце асобна.

Леанід Мікалаевіч падкрэслівае, што для ўстойлівага развіцця эканомікі неабходна пастаянна аналізаваць вынікі дзейнасці, параўноўваць іх з тымі, што былі атрыманы раней.

— Што да Пружаншчыны, паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, якія маюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту, сёлета ў першым паўгоддзі былі выкананы. У прыватнасці, у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці вырас на пяць працэнтаў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — больш як на шэсць, будаўніча-мантажныя работы — больш як на дзесяць. За шэсць месяцаў уведзена ў эксплуатацыю амаль 8000 квадратных метраў жылой плошчы, і гэта пры тым, што заданне на год — 13000. Пабудавана 31 кватэра для шматдзетных сем’яў.

Сёння аддзел статыстыкі Пружанскага раёна — гэта пяць чалавек, адзін з якіх штомесяц праводзіць выбарачныя даследаванні хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця і асабістых падсобных гаспадарак. Акрамя таго, тры спецыялісты кожны квартал прыцягваюцца для выбарачнага даследавання хатніх гаспадарак з мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва.
Аператыўнасць, узаемадзеянне, граматнасць і адказнасць калектыву, які ў нашым раёне займаецца статыстычнай работай, не раз высока адзначаліся кіраўніцтвам. Нядаўна за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне статыстыкі Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была аб’яўлена начальніку аддзела статыстыкі Пружанскага раёна Леаніду Лапыку.

НА ЗДЫМКУ: начальнік аддзела статыстыкі Леанід Мікалаевіч Лапыка, яго намеснік Ірына Львоўна Салашэнка і галоўны спецыяліст Іна Мікалаеўна Дубінецкая.
Марына Вакульская. Фота аўтара.