Среда, 30 сентября 2020

Каля касцёла за сродкі прыхода ўсталявана дзіцячая пляцоўка

317

Гульнёвая пляцоўка для дзяцей з’явілася ля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.

Неабходнасць яе ўсталявання патлумачыў настаяцель парафіі ксёндз Павел Ярашэвіч.

—Падчас святой Імшы дзеткі даволі часта бегаюць па храме, што перашкаджае вернікам сканцэнтравацца на малітве. Парафіяльны камітэт вырашыў, што з гэтым трэба нешта рабіць. І ўсе разам мы сышліся ў меркаванні, што выйсцем з праблемы стане стварэнне дзіцячай пляцоўкі, – сказаў святар.

Ад моманту ўзнікнення ідэі да яе рэалізацыі прайшоў усяго месяц. Увасобіць планы ў жыццё дапамаглі маладыя парафіяне: хлопцы і дзяўчаты пафарбавалі і ўсталявалі трое арэляў (адны – для зусім маленькіх парафіян) і горку, што былі закуплены на сродкі прыхода.
Іх размясцілі злева ад храма. Сюды ж падвялі гук з касцёла, дзякуючы гэтаму, цяпер бацькі могуць спакойна наглядаць за дзецьмі і ў той жа час удзельнічаць у святой Імшы.

Наколькі мы ведаем, Пружанскі касцёл стаў першым у раёне храмам, дзе было прынята такое нестандартнае рашэнне.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.