Вторник, 20 октября 2020

Ахаціна гіганцкая, або Касметалагічныя паслугі ад слімакоў

345

У спісе самых папулярных хатніх гадаванцаў слімак пад назвай «ахаціна гіганцкая» наогул не значыцца. А вось сярод самых рэдкіх ахаціна ёсць, хоць і замыкае яго.


Дар’я Велікаселец стала гаспадыняй дзвюх ахацін адносна нядаўна, але, нягледзячы на юны ўзрост, з веданнем справы расказвае пра іх:
— Ахаціны родам з Афрыкі. У нашым клімаце жывуць толькі ў хатніх умовах. У выпадку, калі тэрарыум не будзе належным чынам закрыты, вы рызыкуеце страціць слімака, бо ён можа… збегчы. Але ўсё роўна абавязкова павінна быць вечка з адтулінамі для вентыляцыі. З уладкаваннем тэрарыума асаблівых цяжкасцей няма, толькі неабходна сачыць за яго чысцінёй. Мае слімачкі любяць агародніну і свежае лісце. Трэба памятаць, што ім неабходны кальцый, таму штодня я пасыпаю іх здробненай яечнай шкарлупінай.

Цікава, што Дашыны гадаванцы раней “працавалі” ў касметалагічным салоне ў Мінску. Навукоўцы правялі шэраг даследаванняў і выявілі, што слізь гэтых слімакоў (муцын) складаецца з гаючых кампанентаў, якія ўвільгатняюць, сілкуюць, лечаць і амалоджваюць скуру. Слізь ахаціны спрыяе рассмоктванню рубцоў, шрамаў і маршчын. Эфектыўна яна змагаецца з узроставымі змяненнямі скуры, асвятляе пігментныя плямы і вяснушкі.

Скура падцягваецца, увільгатняецца, становіцца свежай і гладкай. Але, прызнацца, каб вытрымаць на сабе такую касметалагічную працэдуру, трэба мець мужнасць!

Дарэчы, добры лекавы эфект аказвае муцын ахаціны на апёкі: здымае боль, ацёк і рэгенерыруе абпаленыя тканкі. Таму сёння больш за палову слімакоў вырошчваецца менавіта для апёкавых цэнтраў.

Цікавыя факты

  1. Ахаціны — самыя «разумныя» сухапутныя малюскі на Зямлі. У іх нават развітыя некаторыя ўмоўныя рэфлексы.
  2. Слімакі часам могуць выдаваць розныя гукі, якія нагадваюць рэзкі працяглы свіст або невыразнае мармытанне. Нават могуць «спяваць».
  3. Слімакі п’юць ваду не толькі ротам, але і паглынаюць вільгаць праз вонкавыя покрывы цела.
  4. У іх каля 25 тысяч зубоў, размешчаных не ў рады, а ў выглядзе «таркі», з дапамогай якой слімакі пераціраюць ежу.
  5. Каб атрымліваць муцын, выкарыстоўваюць розныя спосабы, не заўсёды бяспечныя для ахаціны, але апошнім часам вучоныя вызначылі, што найбольш слізі выдзяляе… шчаслівы слімак.
    Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.