Воскресенье, 27 сентября 2020

У Пружанах з’явіліся тры пляцоўкі для выгулу сабак

336

Часам праглядаеш навіны і дзіву даешся: адчыніла дзверы кафэ для сабак, пачаў працаваць рэстаран «Dog-friendly» (гэта калі гаспадар можа зайсці ва ўстанову разам са сваім гадаванцам), адкрыўся гатэль для чатырохлапых сяброў. Думаю, большая частка чытачоў палічыць гэта дзівацтвам і, пэўна, будзе мець рацыю. А вось адмаўляць у неабходнасці наяўнасці пляцовак для выгулу сабак нельга.
Як і было абяцана, у ліпені ў Пружанах з’явіліся тры такія месцы. Дазвольце пакінуць гэтую навіну без каментарыяў, а проста праілюстраваць.

На верхніх здымках пляцоўка ў Пружанах, якая больш нагадвае загон, невялікага памеру без аніякага абсталявання (астатнія не будзем дубляваць, яны адрозніваюцца толькі тым, што ля адной стаіць лавачка, у другой маецца лесвічка, устаноўленая раней, як нам расказалі, уладальнікамі сабак). На ніжніх — для параўнання – пляцоўка аналагічнага прызначэння ва ўкраінскім горадзе Днепр і расійскім Хабараўску.


А можа, нам сапраўды дастаткова таго, што зроблена? Таму што афіцыйна пружанцы сабак не трымаюць: усяго з пачатку года ў нашым раёне ўладальнікамі было зарэгістравана 20 сабак і 5 кошак.
Кацярына Пашкевіч.