Воскресенье, 20 сентября 2020

Да 1 верасня гатовы! Фотарэпартаж з Шаняўской СШ імя Міколы Засіма

444

Тэатр пачынаецца з вешалкі, а школа з… кветніка. Добраўпарадкаваны, дагледжаны ўчастак Шаняўской СШ імя Міколы Засіма, чыстыя дарожкі, надзвычайная разнастайнасць кветак падказваюць журналістам, што гэта ўстанова невыпадкова сёлета была занесена на раённую Дошку гонару як лепшая сярод адукацыйных устаноў. Зразумела, такі вынік – сведчанне плённай работы ўсяго калектыву, якім кіруе сапраўдная знаўца сваёй справы і граматны кіраўнік А.М.Ярмашэвіч. Яна і расказала журналістам “раёнкі” пра насычанае і шматграннае жыццё школы-пераможцы.


— Алена Мікалаеўна, давайце пачнём з прыгажосці. У вас вельмі ўтульная школа: светлыя калідоры, насычаныя стэндамі з цікавай інфармацыяй, камфортныя кабінеты, кожны з якіх мае свой твар, сваю адметнасць, разнастайныя тэматычныя экспазіцыі. Паўсюль шмат кветак. Нават зайздрошчу Вашым вучням!

— А гэта наша адна з галоўных задач – ствараць і падтрымліваць найлепшыя ўмовы для атрымання дзецьмі трывалых ведаў, — кажа А.М.Ярмашэвіч. — Добрым прыкладам у гэтым з’яўляліся мае папярэднікі, у першую чаргу, С.А.Якімавец, якая шмат гадоў узначальвала нашу ўстанову і стварыла з яе сапраўдны квітнеючы сад. На працягу многіх гадоў мы станавіліся прызёрамі на абласных конкурсах па добраўпарадкаванні “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Прыгажэй стане Брэстчына мая”, дзясяткі разоў перамагалі ў раёне. Сёлета па выніках абласнога конкурсу наш вучэбна-доследны ўчастак заняў ІІ месца. Важна, што садзіць расліны і даглядаць іх нам дапамагаюць дзеці, якіх на шляху самаразвіцця і выхавання суправаджае згуртаваны педагагічны калектыў.


— Кваліфікацыйны склад педагагічных работнікаў – ці не галоўны паказчык, які ўлічваўся пры падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна?
— Сапраўды, так. У нас стабільны педагагічны састаў. 82% педагогаў школы маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Адметна, што чвэрць з іх — выпускнікі нашай школы. Больш за палову педагогаў працуе ў нас звыш за 20 гадоў. Усе адказныя, творчыя, захопленыя сваёй справай асобы, якія пастаянна імкнуцца да прафесійнага самаўдасканалення. Паказальна, што нашы работнікі, у прыватнасці, настаўніца фізікі В.М.Семянчук, настаўніца матэматыкі Г.А. Мянжынская, настаўніца геаграфіі В.М. Граб уваходзяць у склад раённых творчых груп педагогаў.
Многіх нашых настаўнікаў запрашаюць у журы раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Матэрыялы з вопыту іх работы ад-значаны дыпломамі ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама, а таксама прадстаўляліся на ХХVІІ рэспубліканскай выставе педагагічнага вопыту.
лена Віктараўна Вашчук, Ірына Міхайлаўна Коверзнева, Ірына Рыгораўна Бяляева, Валянціна Сямёнаўна Ханіла і іншыя – кожны з 16 нашых настаўнікаў заслугоўвае асаблівай увагі і пашаны. Большасць з іх падрыхтавала пераможцаў школьных алімпіяд. Былі гады, калі скарбонка агульных дасягненняў школы папаўнялася дзясяткам дыпломаў па розных прадметах.


— Калі зрабіць працэнтныя суадносіны колькасці ўзнагарод да колькасці вучняў, то поспех становіцца відавочным: вы – наперадзе!
— Усе нашы дзеці — а сёння ў нашай школе вучыцца 81 вучань з пяці вёсак (у новым сезоне чакаем яшчэ 10 першакласнікаў) — вялікая наша радасць і гонар! Яны станавіліся прызёрамі ІІ этапу алімпіяд па беларускай і нямецкай мовах, біялогіі, курсе “ЗЛЖ”, тэхнічнай працы і іншых прадметах.
Штогод паспяхова ўдзельнічаюць у канферэнцыі вучэбна-даследчых работ. Так у 2018 годзе на абласным узроўні была ад-значана даследчая работа па экалогіі А.Германовіч, а ў 2019 прызёрам на ўзроўні вобласці адзначана работа па матэматыцы П.Бойдзіч.
Лепшы доказ грунтоўнай падрыхтоўкі дзяцей — нядрэнныя вынікі па хіміі, біялогіі, фізіцы, матэматыцы, традыцыйна высокія вынікі на ЦТ па такіх прадметах, як беларуская і нямецкая мовы, у прыватнасці, у 2017 годзе 100 балаў на ЦТ па беларускай мове атрымала Кацярына Вярэніч.


— У мінулым годзе школа таксама станавілася прызёрам больш чым у 30 разнастайных конкурсах і спаборніцтвах раённага ўзроўню. Распавядзіце, калі ласка, пра самыя значныя з іх.
— Першае месца ў вобласці заняў наш атрад экаваланцёраў “Выток”(кіраўнік В.М.Граб). Таксама ў чацвёрты раз мы сталі фіналістамі абласнога фальклорнага фестывалю “Радавод”, дзе прадстаўлялі адразу дзве выставы: работы ў тэхніцы “лапікавае шыццё”, а таксама стравы Пружаншчыны, апошняя была адзначана дыпломам ІІІ ступені. Нашы перамогі сталі магчымымі, дзякуючы ўмела і цікава арганізаванай рабоце разнастайных гурткоў і секцый, а таксама таленавітасці дзяцей і актыўнасці бацькоў.


— Аднак для забеспячэння якаснага адукацыйна-развіваючага працэсу патрэбна, я так разумею, яшчэ і нядрэнная матэрыяльна-тэхнічная база.
— Яна ў нас сапраўды дастойная. Мы маем сучасны камп’ютарны клас, дзве мультымедыйныя ўстаноўкі, у многіх кабінетах устаноўлены камп’ютары на рабочым стале настаўніка. Значны ўклад ва ўмацаванне вучэбна-метадычнай базы кабінетаў уносяць самі педагогі. Па выніках апошніх раённых конкурсаў вучэбных кабінетаў першымі месцамі былі адзначаны нашы кабінеты беларускай і нямецкай моў, другое месца заняў кабінет рускай мовы, дзе гаспадарыць А.В. Вашчук. Камп’ютарнай і размнажальнай тэхнікай абсталявана бібліятэка. Вучні забяспечаны таксама неабходным спартыўным інвентаром. Усё гэта дапамагае рабіць адукацыйны працэс не толькі больш цікавым, але і эфектыўным.
— Верагодна, у школы ёсць нейкія спонсары?
— У нас шмат сяброў. Па-першае, у школе вельмі адказны апякунскі савет, які імкнецца вышукваць спонсараў і сродкі для паляпшэння дабрабыту ўстановы. Штогод пэўную суму грошай атрымліваем і ад рэалізацыі расады з доследнага ўчастка.
Сябруем і з мясцовай гаспадаркай ААТ “Шані аграпрадукт”. Асобна хочацца падзякаваць яе кіраўніку Дзмітрыю Мікалаевічу Хвастову, які дапамагае нам па першым закліку. У прыватнасці, за кошт гаспадаркі мы набылі камп’ютарную тэхніку, спартыўны інвентар. Многія гады кіраўніцтва гаспадаркі (яшчэ з часоў В.І.Сарокі) па выніках навучальнага года адзначае грашовай прэміяй лепшых вучняў. Гэта вельмі стымулюе вучняў – толькі вучыся! Таксама гаспадарка выдзяляе нам тэхніку для правядзення гаспадарчых работ і транспарт для экскурсій. Усё гэта дапамагае рэалізоўваць вельмі цікавыя праекты.


— У Вашу школу немагчыма не ўлюбіцца. Упэўнена, яе выпускнікам, а сярод іх шмат вядомых асоб, цяжка развітвацца са школьным жыццём. Колькім вучням сёлета Вы сказалі: “У добры шлях”?
— Сёлета мы выпусцілі 9 дзяцей з вялікім патэнцыялам. На жаль, колькасць вучняў часта не дазваляла адкрыць для іх профілі, таму працавалі індывідуальна з кожным з іх. Сёння нашы выпускнікі вучацца ва ВНУ Брэсцкай вобласці, Нацыянальным тэхнічным універсітэце, медыцынскіх, эканамічных ВНУ рэспублікі, і вядома ж, установах сельскагаспадарчага профілю. Наша “залатая” выпускніца, якая ў свой час паказала максімальныя ў раёне вынікі па ЦТ, В.Талакнянік бліскуча закончыла БДЭУ і зараз бясплатна працягвае адукацыю ў адным з універсітэтаў Германіі. У нашай школе вучыліся прафесар Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта (Расія) В.М.Стасевіч, прафесар БДУ, навуковы супрацоўнік НАН Беларусі В.С.Аляхновіч, дырэктар аднаго з філіялаў “Гомсельмаша”. Браты Мелешы, адзін быў намеснікам генеральнага дырэктара гадзіннікавага завода ў г. Мінску, другі сёння ўзначальвае буйную гандлёвую фірму ва Украіне. У раёне вядомы імёны такіх нашых выпускнікоў, як М.М Казлоўская, Р.М.Кадэшка, К.А.Ляшко, Т.К.Кашкан, С.М.Ханавец і іншых. Ганарымся кожным з іх!

Намеснік дырэктара Шаняўской СШ па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Мікалаеўна Жэдзік і настаўніца нямецкай мовы Наталля Ільінічна Жырыкава – адныя з тых, хто дапамог сваёй установе стаць лідарам раённага адукацыйнага працэсу. Паказальна, што з вопытам работы гэтых жанчын можна азнаёміцца на старонках педагагічных метадычных выданняў нават рэспубліканскага ўзроўню. Галіна Мікалаеўна пачала працаваць у Шаняўской школе ў 1984 годзе, адразу пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута. Пачынала настаўніцай хіміі і біялогіі, адказвала за кветнікі і доследны ўчастак. З 2002 года стала намеснікам дырэктара, сёння яшчэ выкладае хімію.
— Сваю працу вельмі люблю і цалкам прысвячаю ёй сябе, — кажа настаўніца. — У нас цудоўны калектыў! Падтрымліваем адзін аднаго, абменьваемся вопытам, праводзім семінары, укараняем новыя методыкі. На месцы не сядзім, разам з дзецьмі ходзім у паходы і на экскурсіі. Нашы дзеці вывучаюць у рамках Года малой радзімы шмат цікавага. Я вельмі люблю нашу школу!
— Мой намеснік вельмі працаздольны чалавек, граматны ва ўсіх накірунках. На ёй і вучэбная, і метадычная, і выхаваўчая работа. І яна спраўляецца, — кажа дырэктар Шаняўской СШ Алена Мікалаеўна Ярмашэвіч.
Заслугоўвае асаблівых слоў удзячнасці і настаўніца нямецкай мовы з 25-гадовым стажам Наталля Ільінічна Жырыкава, патэнцыял якой як метадыста адзначаецца кіраўніцтвам. Жанчына з’яўляецца пастаянным членам журы ІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па замежнай мове. Мае вышэйшую катэгорыю.
Дзякуючы гэтай настаўніцы, вучні Шаняўской школы ўсё часцей вырашаюць здаваць ЦТ па нямецкай мове. Паказальна, што ў мінулым годзе выхаванка Наталлі Ільінічны Ганна Няпарка на раённай канферэнцыі прадстаўляла даследчую работу па фразеалогіі нямецкай мовы і атрымала дыплом II ступені.
— Хаця, шчыра кажучы, найбольш цікава мне працаваць з маленькімі дзецьмі. Яны непасрэдныя, цікавыя, рухомыя. Менавіта для іх я збіраю яркія наглядныя лінгвістычныя дапаможнікі, — кажа настаўніца, у якой шмат уласных метадычных напрацовак і кабінет якой па насычанасці дыдактычным матэрыялам прызнаны адным з лепшых у раёне.
Гутарыла Алена ЗЯЛЕВІЧ. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.