Среда, 30 сентября 2020

«Марш салідарнасці» ў Пружанах

1 558

Шэсце, якое Прайшло па вуліцах Пружан у мінулую нядзелю, прымусіла гаварыць аб палітычнай сітуацыі нават людзей сталага ўзросту. Як вядома, у адрозненне ад маладых, хто валодае свежымі навінамі з інтэрнэту, яны не настолькі дасведчаны.


Нагадаем храналогію ўсіх падзей, якія разгарнуліся пасля выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Ужо ў нядзелю 9 жніўня, у асноўны дзень галасавання на вуліцы гарадоў выйшлі людзі, нязгодныя з ходам выбарчай кампаніі і папярэднім падлікам галасоў. Пратэсты скончыліся арыштамі. Але тыя, хто разганяў дэманстрацыі, перайшлі мяжу чалавечнасці: прымяняліся вадамёты, святло- і гукавыя гранаты, гумовыя кулі… На дадзены момант афіцыйна пацверджана гібель двух мужчын (34-гадовы мінчанін загінуў непасрэдна на мітынгу, а 25-гадовы жыхар Гомеля памёр ужо пасля затрымання). Усе сусветныя інфармагенцтвы абляцелі здымкі і відэа жудасных збіванняў дэманстрантаў (не хвалюйцеся, у Пружанах такога не было). Хвалі гвалту прывялі да таго, што замест мужчын на мітынгі па ўсёй краіне пачалі выходзіць жанчыны. У светлай вопратцы, з кветкамі, з адным простым пасылам: “Спыніць гвалт”.


13 жніўня на такую акцыю выйшлі і пружанкі. Недзе сотня прыгожых жанчын усіх узростаў з кветкамі і паветранымі шарыкамі крочыла па вуліцах горада. Дзяўчат віталі прахожыя, сігналамі падтрымлівалі аўтамабілісты, незнаёмцы раздавалі ваду, а ў цэнтры горада іх сустракалі юнакі з ружамі (пасля ўсе кветкі былі ўскладзены да помніка «Спаленым вёскам»). Прайшла акцыя і на наступны дзень, яна стала крышачку больш масавай. У суботу пратэстны дзявочы рух пайшоў на спад, але …


У нядзелю аб’ядналіся зноў: старыя, малыя, жанчыны, мужчыны, прадстаўнікі розных прафесій, вядомыя ў раёне людзі. “Марш салідарнасці” аб’яднаў сотні пружанцаў (па іншых падліках, больш за тысячу), у якіх, акрамя патрабавання спыніць гвалт, былі і іншыя. Першае – тэрмінова адпусціць усіх, хто знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Пружанах за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. З гэтым патрабаваннем мітынгуючыя накіраваліся прама пад сцены РАУС.


Пасля другога падыходу з будынка міліцыі да пружанцаў выйшаў начальнік РАУС А.В. Гук. Размаўляць з натоўпам было цяжка. Мы ў гэты час вялі прамы эфір на сваёй старонцы ў Instagram (некалькі відэа можна пабачыць на ёй і зараз), і паводзіны людзей: іх нежаданне выслухаць чалавека і ганебныя выкрыкі ледзь не вымусілі спыніць эфір. Калі коратка, то Аляксандр Васільевіч тлумачыў, што выпусціць тых, хто ўжо асуджаны, ён не мае права, што гэта знаходзіцца не ў яго юрысдыкцыі, і нават выходзіў, каб патэлефанаваць пракурору.


Ад міліцыі людзі разышліся ні з чым, тым не менш, ужо ўвечары ўсе асуджаныя былі адпушчаны. Такое рашэнне было прынята Генеральнай пракуратурай, адпаведную паперу падпісаў і пракурор раёна А.М. Вярбіцкі.


На другі дзень А.В. Гук даў каментарый нашай газеце:
— Хачу падкрэсліць, што ўмовы ўтрымання пружанцаў былі добрымі. На іх не аказвалася ні фізічнага, ні псіхалагічнага гвалту. Пра гэта цяпер пішуць і самі затрыманыя. На працягу рабочага дня мы прымалі ўсе без выключэння перадачы, а для родных былі пастаўлены дадатковыя крэслы і стол, размясцілі ўсю неабходную для іх у такой сітуацыі інфармацыю. Праўда, спачатку для людзей не хапала падушак, але мы хутка вырашылі і гэтае пытанне: іх прывезлі з Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Суды праходзілі ў РАУС, і пры жаданні на іх маглі прысутнічаць родныя.
Пры затрыманнях нашы супрацоўнікі не прымянялі ніякіх спецсродкаў.


У нядзелю ўдзельнікі мітынгу абралі каардынацыйны савет, у склад якога ўвайшло 10 чалавек.
Ужо ў панядзелак гэтая ініцыятыўная група сфармулявала свае патрабаванні да ўлады на паперы, і ўвечары ўсе жадаючыя мелі магчымасць яе падпісаць. У аўторак спіс патрабаванняў быў перададзены ў тым ліку і ў Пружанскі райвыканкам. Збор подпісаў працягваецца.

На 19.00 аўторка была запланавана сустрэча з кіраўніцтвам раёна. На жаль, дыялог не адбыўся. У дадзены момант мы высвятляем усе абставіны і ў бліжэйшы час праінфармуем вас, паважаныя чытачы.
Кацярына Пашкевіч.

Фота знята відавочцам падзей.