Суббота, 20 апреля 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Сяляне з вёскі Ялова

337

Фатаграфія была зроблена якраз у жніўні, толькі 84 гады таму — у 1936 годзе ў вёсцы Ялова. Яшчэ наперадзе і «першыя Саветы», і выпрабаванні Вялікай Айчыннай, пасляваенныя цяжкія і галодныя гады, утварэнне калгасаў і многія іншыя гістарычныя падзеі, якія так або інакш адбіліся на лёсах гэтых людзей.


Але яны не імкнуцца зазірнуць у будучыню, а проста радуюцца святу. У руках у дзяўчат кветкі, якія звычайна асвячаюць на Прачыстую — 28 жніўня (магчыма, памыляюся, але вяргіні ў букетах даволі дакладна паказваюць на час). Гэта сям‘я Пілюцікаў. У цэнтры, як і належыць, старэйшыя яе члены — Раман і Алеся (у 1936-м кожнаму з іх споўнілася акурат 50 гадоў). Вакол стаяць іх дзеці Міхаіл, Ганна, Надзея, Пётр, Вольга, Феадосія і Марыя. Побач са старэйшай дачкой Надзеяй сядзіць яе муж Акім (у маладой сям‘і таксама ўжо трое дзетак).
Заўважце, як сур‘ёзна пазіруюць фатографу нават малодшыя члены сям‘і: для вяскоўцаў фотаздымка была нячастай з‘явай. Сціплыя працавітыя сяляне, аснова асноў, ад каранёў якой пайшлі разгалінаваныя парасткі — новыя пакаленні. Напрыклад, Вольга Раманаўна (у замужжы Карсюк) была мамай маёй аднакласніцы. Многія пружанцы добра ведаюць Васіля — сына Міхаіла Раманавіча і Віктара — сына Ганны Раманаўны (у замужжы Бармута). Ды ці толькі іх? Нашчадкі Пілюцікаў жывуць і ў нашым райцэнтры, а многія разляцеліся па свеце, але імкнуцца падтрымліваць сваяцкія сувязі, не забываць малую радзіму. Без моцных каранёў не бывае трывалых дрэў…
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.
Фота з архіва Віктара Бармуты.