Вторник, 29 сентября 2020

Панно с известными земляками обновилось. Реставрацией занимался художник Сергей Казак

154

Сямнаццаць гадоў (менавіта столькі прайшло з той пары, як у нашым горадзе адзначаліся рэспубліканскія “Дажынкі-2003”) для многіх з нас праляцелі, як адно імгненне. Пра тое, што, насамрэч, прайшло шмат часу, упарта “падказвалі” пабляклыя колеры вялікага пано “Знакамітыя землякі”, якое акурат перад святам было намалявана над ЗАГСам.


Наспеў час заняцца рэстаўрацыяй. За гэтую работу ўзяўся Сяргей Казак, мастак з Бярозаўскага раёна, амаль наш зямляк, які, дарэчы, у свой час з’яўляўся адным з аўтараў гэтага пано.


Такім чынам, увесь мінулы тыдзень каля Пружанскага ЗАГСа стаяла вышка, на вышыні працаваў мастак. А нашы чытачы задавалі пытанні: што і навошта адбываецца.


Нагадаем, што ў 2003 годзе на сцяне дома па вул. Рыгора Шырмы паўсталі выявы сусветна вядомых ураджэнцаў Пружаншчыны – опернага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, славутага пейзажыста Станіслава Жукоўскага і Юзафа Крашэўскага, які ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, як самы плённы пісьменнік эпохі гусінага пяра.

На неабходнасць рэстаўрацыі важнага турыстычнага аб’екта, якім з’яўляецца пано, ужо звярталі ўвагу нашы чытачы. Так супала, што мастак Сяргей Казак, які ўзімку прыязджаў у Пружаны на адкрыццё ўласнай выставы ў палацыку, таксама заўважыў стан выявы і прапанаваў кіраўніцтву раёна свае паслугі як рэстаўратара.

Але кожны з пружанцаў, хто сёлета прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, мае дачыненне да мастацкага «рамонту» пано. Менавіта з пералічаных у бюджэт раёна грошай за суботнік і былі вылучаны патрэбныя сродкі на рэстаўрацыйны працэс.


— Агульны кошт работ — каля пяці тысяч рублёў, — засведчыў дырэктар Пружанскага КУВП “Камунальнік” С.В.Бабрук. – Але сюды ўвайшла не толькі аплата мастаку. У філіяла “Пружанскія электрычныя сеткі” РУП “Брэст-энерга” мы заказвалі вышку, а гэта нятаннае задавальненне, таму што машына была задзейнічана амаль тыдзень. У дадатак нашы работнікі падрыхтавалі сцяну: грунтавалі яе, бялілі і фарбавалі.

Асноўны працэс, зразумела, лёг на плечы прафесіянала.
— Цяжка было, вымушаны быў працаваць хутка, — прызнаўся Сяргей Іванавіч. — Як вы, магчыма, заўважылі, я некалькі змяніў палітру твора: зрабіў пано больш выразным, “чытаемым”. Дадаў больш сініх адценняў. А яшчэ адпаведным шрыфтам пазначыў партрэты дзеячаў, паколькі не па чутках ведаю, што многія пружанцы, на жаль, за сямнаццаць гадоў так і не здолелі вывучыць прозвішчы выбітных землякоў. Што ўжо казаць пра гасцей горада! Цяпер кожны, хто гляне на пано, можа прачытаць, хто на ім намаляваны, і адшукаць у інтэрнэце патрэбную інфармацыю. Так сказаць, абнавіць сваю памяць.

Шчыра кажучы, мастак меў рацыю. Ідзе знакавы 2020 год, калі сусветная культурная грамадскасць адзначае 120-годдзе з дня нараджэння М.Забэйды-Суміцкага, а таксама 145 гадоў, як на свет з’явіўся С.Жукоўскі. Так што сваіх славутых землякоў трэба ведаць у твар.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).