Понедельник, 30 ноября 2020

Фоторепортаж с избирательных участков Пружанщины

480

У нядзелю, 9 жніўня, адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя грамадзяне рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права выбару Кіраўніка дзяржавы датэрмінова, але асноўная частка электарату аддала свой голас за будучыню краіны ў асноўны дзень галасавання. Таму менавіта 9 жніўня журналісты “раёнкі” наведалі выбарчыя ўчасткі, каб пацікавіцца ходам галасавання.


На Пружаншчыне ўсе 50 выбарчых участкаў своечасова расчынілі дзверы для галасавання. Выбары праходзілі ў стандартным фармаце. Для выбаршчыкаў былі абсталяваны месцы, якія забяспечвалі тайну іх волевыяўлення. Дарэчы, калі ў чалавека па стане здароўя не было магчымасці дабрацца да ўчастка, дастаткова было звярнуцца з заявай ва ўчастковую камісію для арганізацыі галасавання на даму.

Аддаць свае галасы можна было на працягу дня з 8.00 да 20.00 гадзін. Паўсюль працавалі гандлёвыя кропкі, гучала музыка, а на прыступках многіх устаноў былі наладжаны канцэртныя праграмы з выступленнем самадзейных артыстаў.

За парадак на ўчастках і бяспеку выбарчага працэсу адказвалі супрацоўнікі міліцыі. На тых участках, што мы пабывалі, галасаванне ішло спакойна.


Не прапусцілі знакавую падзею і грамадзяне сталага ўзросту. Хто загадзя не азнаёміўся з біяграфічнымі дадзенымі і праграмамі кандыдатаў у Прэзідэнты Республікі Беларусь, перад галасаваннем уважліва чытаў інфармацыю пра іх, размешчаную на ўчастках на ўваходзе.

— Наогул актыўнасць людзей радуе. Як бачыце, яшчэ толькі пачатак дня, а людзі ідуць і ідуць, каб паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, — кажа Міхаіл Міхайлавіч Варанко, які ўзначальвае выбарчую камісію Пружанскага-Палявога ўчастка № 13.

Адметна, што менавіта тут, у сярэдняй школе № 5 г.Пружаны, большасць членаў камісіі была ў медыцынскіх масках. Як вядома, выбаршчыкам таксама рэкамендавалі пры наведванні ўчасткаў карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы. Але, на жаль, да парад санітарных службаў прыслухаліся нямногія.

На пытанне журналістаў: “За якую Беларусь галасавалі?” адным з першых адказаў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, які завітаў на ўчастак разам з жонкай.


— Сёння кожны з нас павінен скарыстацца канстытуцыйным правам выбіраць Кіраўніка дзяржавы. Кожны, хто падыходзіць да скрыні, павінен добра ведаць, чаго ён хоча. Якой ён бачыць нашу краіну. Незалежнай, свабоднай, з гарантаванай работай і заработнай платай? Ці іншай? Упэўнены, любы нармальны чалавек зробіць правільны выбар, — сказаў Юрый Юр’евіч.


— А я галасую за новае жыццё, — не назваўшы сябе, прызналася жанчына, якая апусціла бюлетэнь у скрыню і хутка пакінула ўчастак.


— Кожны чалавек, які лічыць сябе адказным грамадзянінам краіны, прыйшоў сёння, каб аддаць свой голас за яе далейшае развіццё, — адзначыў першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ А.М.Бабігорац, якога мы сустрэлі на Пружанскім-Інтэрнацыянальным участку № 12.

— Я галасую за квітнеючую Беларусь з моцным, упэўненым у сабе кіраўніком, які зможа ўмацаваць наш эканамічны патэнцыял. Змены, безумоўна, будуць і, спадзяюся, толькі ў лепшы бок. Трэба слухаць толькі сваё сумленне і сэрца.


Менавіта так, па закліку сэрца, на Пружанскі-Палескі ўчастак № 5, што ў гімназіі, прыйшлі галасаваць Ігар і Кацярына Казловічы:
— Выбары для нас — свята, таму што пры любым іх зыходзе пачнецца новы віток гісторыі краіны, які, як спадзяёмся, прынясе нешта новае ў наша жыццё і стане закладам шчаслівай будучыні для нашых сыноў, сяброў, увогуле беларусаў.


Падзялілася сваімі думкамі з журналістамі і пенсіянерка, а значыць, выбаршчык “са стажам” Зінаіда Іванаўна, якая завітала на Пружанскі-Савецкі ўчастак № 1 у Палацы культуры:
— Я галасавала за мірную Беларусь, за светлае і прыгожае жыццё. Гэта, напэўна, самае галоўнае, што ў нас ёсць. Хочацца, каб людзі і заўтра мелі магчымасць спакойна жыць і працаваць. Беларусь – ціхая, спакойная краіна. Я яе вельмі люблю.


Давялося паразмаўляць нам і з выбаршчыкамі ўчастка № 24, які размясціўся ва ўтульным будынку Шаняўскога сельвыканкама.
— На першых у жыцці выбарах Прэзідэнта я вельмі хвалююся, — сказала Надзея Салдаценка, якая працуе настаўніцай англійскай мовы ў Ружанскай СШ, а дзеля галасавання прыехала ў аг. Шані, дзе зарэгістравана. — Сёння мне 20 гадоў, і я адчуваю, што мой голас мае вагу і можа дапамагчы Беларусі развівацца далей. Хочацца новых поспехаў!

P.S На момант публікацыі рэдакцыя не валодала дадзенымі аб выніках галасавання па Пружанскім раёне.