Среда, 30 сентября 2020

Заместитель председателя облисполкома Валерий Ребковец встретился с коллективом ОАО «Журавлиное»

267

Сустрэча працоўнага калектыва адной з самых трывалых гаспадарак района ААТ “Жураўлінае” з першым намеснікам старшыні аблвыканкама В.В.Рэбкаўцом і старшынёй райвыканкама Ю.Ю.Бісуном прайшла ў лёгкай і нязмушанай атмасферы. Людзі, якія сабраліся ў сераду ў Кляпацкім Доме культуры, актыўна задавалі пытанні кіраўнікам і атрымлівалі вычарпальныя адказы.


Даверлівы і ажыўлены тон агульнай гутаркі ў стылі “без гальштукаў” задаў сам Валерый Васільевіч, які курыруе аграрную сферу ў вобласці. Кіраўнік акцэнтаваў увагу на высокіх агульных тэмпах развіцця сельскай гаспадаркі Брэстчыны, падзякаваў працаўнікам Пружаншчыны, якія першымі ў вобласці і аднымі з першых у рэспубліцы намалацілі 100 тысяч тон збожжа. Цёплыя словы адрасаваў, у прыватнасці, дырэктару агратаварыства “Жураўлінае” Дзмітрыю Міхайлавічу Якутчыку, які за кошт удалай рэалізацыі прадукцыі планамерна ўмацоўвае матэрыяльна-тэхнічную базу падначаленай гаспадаркі, выплачвае годны заробак (сярэдняя заработная плата — 950 руб.) працаўнікам і імкнецца станоўча вырашаць актуальныя сацыяльна-бытавыя праблемы людзей, якія, безумоўна, існуюць.


— Дзеля агучвання і вырашэння якіх мы тут і сабраліся, — падкрэсліў В.В.Рэбкавец. – Слухаем усіх уважліва.


Старшыня Мокраўскага сельвыканкама В.В.Грышкевіч заўважыла, што ўсе праблемы вырашаюцца па меры паступлення і даволі хутка, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню с арганізацыямі і прадпрыемствамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.


— Таму хацелася б падзяліцца з Вамі па-перш прыемнай навінай, — сказала Вольга Віктараўна. — Сёлета ў нас у мясцовай амбулаторыі наглядаюцца 19 цяжарных жанчын, а значыць, праз пэўны час колькасць насельніцтва сельсавета павялічыцца на цэлы “клас” дзяцей, што не можа не радаваць. Сёння ў нас увогуле пражывае 47 шматдзетных сем’яў, для ўсебаковага развіцця маладога пакалення створаны ўсе ўмовы. Нашым установам адукацыі па многіх паказчыках могуць пазайздросціць нават гарадскія школы: поўнасцю ўкамплектавана камп’ютарная зала, маюцца трэнажорная зала і басейн.


Што тычыцца апошняга, то адразу настаўнікамі была агучана просьба аб пераводзе работы школьнага басейна, які ў летні перыяд, да суму дзяцей, не працуе — паколькі падаграваецца ад агульнай кацельні — на круглагадовы ражым. Дырэктар Д.М.Якутчык паабяцаў абмеркаваць са спецыялістамі метазгоднасць падагрэву вады ці шляхам устаноўкі аддзельнай аўтаномнай кацельні ці, што, магчыма, рацыянальней, з дапамогай электрычнасці.


Таксама ў поле зроку кіраўнікоў трапіла праблема адсутнасці на тэрыторыі сельсавета, у тым ліку ў школе, высакахуткаснага інтэрнэта, што стварае пэўныя цяжкасці пры арганізацыі сучаснага адукацыйнага працэса.


Як заверылі кіраўнікі, просьбу настаўнікаў яны ў абавязковым парадку перададуць пружанскаму філіялу арганізацыі РУП “Белтэлекам”. Пры гэтым старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун адразу заўважыў, што працягнуць асобна оптавалаконны кабель у той жа аграгарадок Клепачы, які знаходзіцца ажно за аб’язной дарогай, будзе вельмі праблематычным. Павінен існаваць агульны праект развіцця сеткі інтэрнет ва ўсім раёне. Аднак з залы прагучала рэпліка: у “Белтэлекама” насамрэч павінна быць магчымасць паскорыць хуткасць інтэрнету і без оптавалакна.

Праблему “міграцыі” ў недалёкай перспектыве шматдзетных сем’яў агучыў дырэктар таварыства.
— Як ужо адзначалася, у Клепачах створана каласальная база для паўнавартаснага жыцця, але чамусьці каля 30 нашых шматдзетных сем’яў з 47 вырашылі стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёва-камунальных умоў менавіта ў горадзе. Магчыма, такім чынам хочуць вырашыць заранёў кватэрнае пытанне для сваіх дзяцей, — заўважыў Дзмітрый Міхайлавіч.
На што В.В.Рэбкавец адказаў, што гэта відавочна недапрацоўка ідэолагаў і прафсаюзных лідараў гаспадаркі, якім трэба як след размаўляць з кожным чалавекам і тлумачыць, што будаваць жыццё ў сельскай зоне выгадней.

Таксама Д.М.Якутчык засведчыў, што, на жаль, у планы на 2020 год не ўнеслі будаўніцтва ў Клепачах 18-кватэрнага дома для маладых сем’яў, на які ўжо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Кіраўнік з вобласці паабяцаў на сваім узроўні фарсіраваць рашэнне гэтай праблемы.
На сустрэчы пыталі пра далейшую газіфікацыю населеных пунктаў як Мокраўскага, так, дарэчы, і суседніх сельсаветаў.
— Трэба ставіць пытанне не пра газіфікацыю, а электрыфікацыю негазіфікаваных населенных пунктаў района, — заўважыў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. – Сёння ўжо на рэспубліканскім узроўні абмяркоўваецца метазгоднасць выкарыстоўвання электрычнасці для ацяплення жылля і іншых патрэб. Лепш выдаткаваць сродкі на рамонт і аптымізацыю электрасетак, якія, нагадаю, адносяцца да рэспубліканскай формы ўласнасці, і сёння ня здольны вытрымаць патрэбную нагрузку.

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).