Суббота, 5 декабря 2020

Пружанские медики, которые были «на передовой» во время борьбы с Covid-19, получили награды

2 381

Уклад медыкаў у барацьбу з Covid-19 складана пераацаніць: гэта яны, людзі ў белых халатах, апынуліся на перадавой у самы востры перыяд барацьбы з нябачным ворагам. Нават віншаванні з нагоды прафесійнага свята, якое адзначалі яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня, сёлета давялося адкласці. І вось у пятніцу ў гарадскім Палацы культуры ўшанавалі медыкаў Пружаншчыны.


За плённую, добрасумленную работу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі, паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад галіной аховы здароўя рэгіёна, было адзначана больш за два дзясяткі медработнікаў Пружаншчыны.

Варта сказаць, што напярэдадні на падобным абласным мерапрыемстве заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама і пружанскія ўрачы: намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ Віктар Шаўчэня быў адзначаны знакам «Выдатнік аховы здароўя», загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення Таццяне Бут уручана Ганаровая грамата кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Ганаровая грамата Брэсцкага аблвыканкама знайшла галоўнага ўрача ЦРБ Віктара Дараневіча.

Сярод тых, хто ў знак глыбокай павагі і ўдзячнасці людзям у белых халатах сабраўся ў вялікай зале Палаца культуры, былі і прадстаўнікі раённай улады.
— У медыцыне няма выпадковых лю-дзей, бо медработнік — не прафесія, а прызванне, — падкрэсліў у сваёй віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Юрый Бісун, звяртаючыся да віноўнікаў урачыстасці. — Будзённае жыццё пераўтварыла гэтыя словы ў банальны выраз. Але сёлета яны набылі асаблівы сэнс. Сістэма аховы здароўя прыклала вялікія намаганні, каб годна вытрымаць удар пандэміі. Таму па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў гэтыя дні па ўсёй краіне ўзнагароды знаходзяць медыкаў, якія праявілі сябе ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.


Эстафету ўдзячнасці медыцынскім работнікам пераняў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец.
— Самае дарагое, што ёсць у чалавека, — здароўе. У гэты няпросты час менавіта медыцынскія работнікі, якія паказалі вернасць абранай прафесіі, дапамагаюць людзям яго захаваць, — зазначыў Мікалай Пятровіч і пажадаў, каб больш не давялося адточваць прафесіяналізм у падобных умовах.


Звяртаючыся да прысутных з вялікай сцэны, галоўны ўрач ЦРБ В.М.Дараневіч зазначыў, што да віноўнікаў урачыстасці варта было б далучыць усіх людзей, якія дапамагалі медыкам.
— Такія сітуацыі паказваюць, які калектыў чаго варты. Я ўдзячны, што наш аказаўся настолькі згуртаваным, — сказаў Віктар Міхайлавіч. — Калі прыйшла эпідэмія, прафесіянальныя якасці дазволілі калектыву аператыўна перапрафілявацца.


Здаецца, удзячнасць ён адрасаваў кожнаму: і пярвічнаму звяну, якое працавала на выяўленне і папярэджанне распаўсюджання хваробы, вельмі нялёгка было тым, хто працаваў у «забруджаных» зонах. Вытрымка, цярпенне, трываласць… Разам пружанскія медыкі годна справіліся з гэтай, калі можна так сказаць, пазаштатнай сітуацыяй.
В.П.Барысюк, Т.І.Дайнэка, Ж.Ж.Ісакава, Т.В.Шаблінская, М.І.Касінская, В.В.Сяргейчык, Н.М.Шастакова, А.Х.Крук, А.В. Мотыль, І.М.Сапко, І.У.Бондар, А.М.Чаргейка, В.В.Здановіч, Н.М.Дульчэўская, Я.В.Несцярук, І.М.Шэйко… Граматы і падзякі розных узроўняў: ад Міністэрства аховы здароўя, Брэсцкага аблвыканкама, Пружанскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, адміністрацыі райбальніцы — атрымалі як урачы, так і медыцынскія сёстры, санітаркі, інструктары, вадзіцелі.


2020-ы ўвойдзе ў гісторыю як год выпрабаванняў: такой эпідэміі ў ХХІ стагоддзі, бадай, яшчэ не было. Так, сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй у рэгіёне, ды і ў краіне ў цэлым, нармалізавалася, але мерамі прафілактыкі не варта грэбаваць. Каб медыкам не давялося вяртацца ў напружаны рытм работы, нам трэба ўсяго толькі часта і добра мыць рукі, карыстацца антысептыкамі, у шматлюдных месцах насіць маску, вытрымліваць дыстанцыю і прытрымлівацца рэспіраторнага этыкету.

Надаць урачыстасці гэтаму святу дапамаглі самадзейныя артысты: танцоры з народнага ансамбля танца «Спадчына» і ўзорнага ансамбля танца «Круцёлачкі», вакалісты Уладзімір Неміровіч, Наталля Грышкевіч, Юрый Ліпіч, Надзея Карташэвіч, Ганна Кавальчук. Дарэчы, у гэты раз фінальныя апладысменты збіралі не артысты: гучная падзяка была адрасавана менавіта ім — медыкам, якія, рызыкуючы ўласным здароўем, самааддана працавалі апошнія месяцы ў няпростых эпідэміялагічных умовах.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).