Вторник, 29 сентября 2020

Пружанские аграрии первыми в области намолотили 100 тысяч тонн зерна!

627

Вечарам 2 жніўня сельскія працаўнікі Пружаншчыны першымі ў вобласці і аднымі з першых у рэспубліцы намалацілі 100 тысяч тон
збожжа.


На палеткі ААТ «Велікасельскае Агра» штодзень выходзіць дзевяць
камбайнавых экіпажаў. Сімвалічна, што кожны з іх ужо намалаціў звыш тысячы тон збожжа. У ліку лепшых — экіпаж камбайна «КЗС-1218» у складзе старшага камбайнера Уладзіміра Уладзіміравіча Велесюка і камбайнера Вячаслава Вячаслававіча Бірука, якія намалацілі звыш 1700 тон збожжа. Штодзень з бункера камбайна яны выдаюць каля 130 тон залацістага зерня.

Сёлетні сельскагаспадарчы год безумоўна ўвойдзе ў гісторыю ААТ «Велікасельскае Агра». На палетках гаспадаркі атрыманы рэкордны ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, а таксама азімага рапсу.


— Дагэтуль самым ураджайным для нас быў 2017 год, калі атрымалі з аднаго гектара па 55,2 цэнтнера збожжавых і зернебабовых і 42,8 цэнтнера алейнага насення азімага рапсу, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі С.С.Субота. — У бягучым годзе рапсавы палетак даў з аднаго гектара ў сярэднім 43,3 цэнтнера алейнага насення, а ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых пакуль перавышае 63 цэнтнеры з гектара.


У гаспадарцы актыўна ўкараняюць у вытворчасць самыя сучасныя сарты збожжавых культур і не баяцца пры гэтым эксперыментаваць. Вельмі добра на землях таварыства зарэкамендаваў сябе сорт азімай трыцікале «гранада»: з аднаго гектара пасеваў атрымліваецца больш за 7 тон збожжа. Вядуцца пошукі найлепшых сартоў пшаніцы. Выдатныя планы на ўраджай мае гібрыднае жыта.

Невыпадкова, што менавіта на адным з палеткаў ААТ «Велікасельскае Агра» ў панядзелак вечарам адбылася важная для нашага раёна падзея. З намалотам 100 тысяч тон збожжа прыехаў павіншаваць сельскіх працаўнікоў Пружаншчыны першы намеснік старшыні аблвыканкама В.В.Рэбкавец. Па даручэнні старшыні аблвыканкама А.В.Ліса ён уручыў старшыні райвыканкама Падзячнае пісьмо Пружанскаму раёну.

Валерый Васільевіч выказаў падзяку кіраўніцтву раёна і ўсім сельскім працаўнікам Пружаншчыны за іх нялёгкую працу і павіншаваў з намалотам 100 тысяч тон збожжа.

У сваёй прамове старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун падкрэсліў, што збожжа гэта не толькі хлеб, а і фураж для жывёлы. Будуць кармы — будзе малако, мяса і ўстойлівае фінансавае становішча гаспадарак. А гэта значыць, што палепшыцца дабрабыт нашых людзей.


Дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» В.Л.Севасцьянчык зазначыў, што сёлета валавы збор збожжа ў таварыстве чакаецца каля 15 тысяч тон, або ў 1,5 раза больш, чым у мінулым годзе.


Гучалі над полем і песні. Перад прысутнымі выступілі артысты мастацкай самадзейнасці Велікасельскага СДК.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).