Среда, 21 октября 2020

Руководство района встретилось с жителями Белоусовщины

522

Сустрэча кіраўніцтва Пружанскага раёна, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і кіраўнікоў службаў раёна з жыхарамі аграгарадка Белавусаўшчына адбылася ў сераду.


Аб’ектыўна пра тое, чым жыла Пружаншчына апошнія некалькі гадоў, вяскоўцам расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Прыцягненне інвестыцый, развіццё аграрнага і прамысловага сектараў, малога бізнэсу, падтрымка пажылога насельніцтва маланаселеных вёсак, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, барацьба з пандэміяй, замацаванне маладых кадраў, аптымізацыя адукацыйнай сістэмы — пра гэтыя і многія іншыя аспекты з жыцця рэгіёна падрабязна расказаў выступоўца. Асабліва ён падкрэсліў тое, што ўсе накірункі жыццядзейнасці падтрымліваюцца на дзяржаўным узроўні.


Асобную ўвагу Мікалай Пятровіч засяродзіў на праблемных пытаннях, якія патрабуюць дапрацоўкі. У прыватнасці, старэнне насельніцтва (да ведама, сёння ў раёне пражывае менш за 45 тысяч чалавек, амаль 15 тысяч з іх ужо з’яўляюцца атрымальнікамі пенсій). Ці, напрыклад, у раён штогод прыязджае на работу каля 250 маладых спецыялістаў, і хоць пераважная большасць з іх застаецца на Пружаншчыне пасля адпрацоўкі, але станоўчая статыстыка не датычыцца сельскай гаспадаркі. І тым не менш, паводле слоў Мікалая Кудраўца, станоўчае дамініруе. Дзякуючы ўкладанню велізарных інвестыцый у сельскую гаспадарку, Пружаншчына з’яўляецца лідарам у краіне па валавым зборы малака. Вялікія сродкі былі ўкладзены ў сістэму аховы здароўя: некалькі гадоў таму неўралагічнае аддзяленне ЦРБ пераехала ў новы будынак, сёння завяршаюцца работы па рамонце стаматалогіі. Цудоўныя ўмовы створаны і для аздараўлення насельніцтва: на тэрыторыі раёна функцыянуюць сем басейнаў і іншыя аб‘екты.

Але ўдзельнікаў сустрэчы куды больш хвалявалі канкрэтныя праблемы іх аграгарадка: асфальтаванне і рамонт дарог, пракладка каналізацыі і водаправода, рамонт жыллёвага фонду, пытанні добраўпарадкавання і іншае. Некаторыя ўзнятыя пытанні адпаведныя службы ўзялі на заметку. У прыватнасці, паабяцалі вывучыць праблему жыхароў вуліцы Лугавой, якія скардзіліся на стан дарогі. А вось жыхарам новых вуліц у асфальтаванні пакуль адмовілі. Як растлумачыў намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, пакуль Пружанскі раён застаецца датацыйным, яго кіраўніцтва не можа самастойна вырашаць, куды накіроўваць грошы. Напрыклад, на 2020 год у бюджэце не было закладзена такога артыкула выдаткаў як асфальтаванне дарог — прадугледжана толькі падтрыманне існуючай дарожнай сеткі.


А вось у жыхара адной з вуліц, дзе асфальт ужо ёсць, з’явілася прэтэнзія да ўладкавання з’ездаў на двары. Хто будзе выкараняць хібы, стане зразумела пасля таго, як высветліцца землекарыстальнік гэтай тэрыторыі.


Пытанне стварэння футбольнага поля для мясцовай дзятвы будуць вырашаць агулам. Без удзелу мясцовай гаспадаркі яго не асіліць, таму яе кіраўніцтва атрымала даручэнне прадыскаваць стары стадыён, які сёння знаходзіцца ў запушчаным стане, а мясцовым жыхарам прапанавалі затым сабрацца, каб выраўняць яго і завяршыць справу.

Не засталася без увагі і скарга жыхароў шматкватэрнага дома па вуліцы Камсамольскай: жыллё знаходзіцца на балансе Пружанскага КУВП «Камунальнік» і даўно патрабуе рамонту. Дырэктар прадпрыемства С.В.Бабрук запэўніў, што ў трэцім квартале бягучага года запланаваныя работы, якія не раз адкладваліся, нарэшце будуць выкананы.


Акрамя таго, перад мясцовай уладай была пастаўлена задача вывучыць меркаванне насельніцтва аб мэтазгоднасці існуючага графіка асвятлення населенага пункта ў цёмны час сутак. Удакладнім, сёння ў аграгарадку ліхтары гараць з 23.00 да 3.00 гадзін. Адзін з жыхароў выказаў меркаванне, што лепш гэты час скараціць, за кошт чаго падоўжыць яго раніцай у зімовы перыяд.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.