Пятница, 30 октября 2020

На базе Пружанского РАЙПО состоялся областной семинар

1 120

Эканоміка нашай краіны залежыць ад вырашэння дзвюх асноўных задач: вытворчасці прадукцыі і яе рэалізацыі. І калі падчас каранавіруснай пандэміі першы накірунак амаль што не пацярпеў, то рэалізацыя другога ў першым паўгоддзі сустрэла нямала перашкод. Што пэўным чынам і адбілася на фінансавых паказчыках, напрыклад, рэспубліканскай спажывецкай кааперацыі.


Пра гэта і вялася гутарка падчас абласнога семінара-нарады, які на гэтым тыдні прайшоў на базе Пружанскага райспажыўтаварыства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня праўлення Белкаапсаюза В.М.Іваноў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Д.М.Гарадзецкі, старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун і старшыня праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза Л.С.Янковіч.


Перад абмеркаваннем надзённых пытанняў было вырашана наведаць шэраг аб’ектаў раённай спажыўкааперацыі. І падчас своеасаблівай экскурсіі Валерый Мікалаевіч Іваноў прапанаваў удзельнікам сходу звярнуць увагу на мясцовыя напрацоўкі і пераймаць найбольш удалыя рашэнні.


— Пружанскае райспажыўтаварыства — адно з лепшых у вобласці і ўваходзіць у дзясятку перадавых па рэспубліцы,— адзначыў старшыня праўлення рэспубліканскай арганізацыі.— Лічу, што станоўчага для пераймання ў іх практыцы нямала.


У чым удзельнікі семінара пераканаліся ўвачавідкі. Першым пунктам стаў хлебазавод. Справа ў тым, што зараз вядуцца размовы, што з улікам магчымасцей сучаснай упакоўкі і лагістычных сувязей паміж рэгіёнамі Беларусі нашай краіне хапіла б і аднаго такога прадпрыемства. Але, як адзначыў высокі госць, супраць гэтага выступіў Кіраўнік дзяржавы, бо не ў менталітэце беларусаў спажываць толькі прадукты ў палімернай плёнцы або замарожаныя, у першую чаргу, хлеб.


— Як бачыце на прыкладзе Пружанскага хлебазавода, падобныя прадпрыемствы запатрабаваны ў сваіх рэгіёнах і закрываць рэнтабельную вытворчасць — злачынства.


Гэта яскрава пацвярджае статыстыка, пачынаючы ад колькасці выпускаемых тон і заканчваючы рэалізаванымі тысячамі адзінак прадукцыі. Аднак самае галоўнае хаваецца за іншымі лічбамі: кожны трэці бохан хлеба або кожная трэцяя булачка Пружанскага хлебазавода прадаецца праз магазіны іншых гандлёвых сетак, якія традыцыйна выстаўляюць у адпаведным аддзеле хлебабулачныя вырабы розных вытворцаў. А значыць, і пры такім шырокім выбары пружанцы аддаюць перавагу прадукцыі нашых хлебапёкаў. Пры гэтым варта ўлічваць, што на 98% хлебазавод выкарыстоўвае толькі айчынную сыравіну. Сакрэт поспеху хаваецца ў шырокім асартыменце, які складаецца амаль з дзвюх сотняў найменняў, у тым ліку і для здаровага харчавання, у якасці прадукцыі і новых распрацоўках, якія заснаваны на мясцовых традыцыях хлебапячэння.
Свае магчымасці калектыў хлебазавода прадэманстраваў удзельнікам мерапрыемства, а кіраўнікам уручылі смачныя караваі, гарачыя, літаральна «прама з печкі».

Убачанае стала падставай і для размовы з калектывам прадпрыемства, падчас якой В.М.Іваноў пацікавіўся ўзроўнем аплаты, умовамі працы, вырашэннем сацыяльных праблем работнікаў.
На пляцоўцы хлебазавода ўдзельнікам семінара была прадэманстравана і аўталаўка, адна з дзясяткаў, якія калясяць па дарогах раёна, абслугоўваючы жыхароў аддаленых вёсак. Як прызнаў старшыня РСТ Д.П.Карпей, гэтыя аўтамагазіны — цалкам стратныя менавіта з-за вялікіх выдаткаў на сістэму выязнога гандлю, а не з-за канкурэнтаў.


— Неаднаразова староннія арганізацыі і прыватныя асобы спрабавалі арганізаваць падобны гандаль у сельскай мясцовасці,— сцвярджае Дзмітрый Пятровіч.— Праз кароткі час усе закрыліся. І не столькі з-за недастатковага попыту, а па прычыне строгіх падыходаў да арганізацыі падобнай дзейнасці. Напрыклад, патрабуецца гандляваць вялікім асартыментам (аўтамагазіны кааперацыі прапануюць больш за 300 найменняў тавараў), ахопліваць усе населеныя пункты, незалежна ад колькасці жыхароў у іх і абавязкова прытрымлівацца графіка. «Канкурэнты» працавалі так, што нам даводзілася выпраўляць недахопы за імі.


Адным з падраздзяленняў, якое адчула змены кан’юнктуры рынку з-за пандэміі, з’яўляецца жывёлазабойны пункт. Яго работа вельмі цікавіла ўдзельнікаў семінара, бо ў многіх раёнах ёсць падобныя ўчасткі. Справа ў тым, што пераважная большасць мясной прадукцыі адсюль ішла на экспарт. Закрытыя межы змянілі характар работы, прымусілі паглыбляць перапрацоўку. Пружанскім кааператарам удалося падстроіцца пад новыя запыты з найменшымі стратамі. У выніку пастаўшчыкі, як мясцовыя, так і з некалькіх суседніх раёнаў, не адчулі якіх-небудзь змяненняў дагаворных абавязацельстваў.

Магазіны райспажыўтаварыства сёння адчуваюць сур’ёзны ціск: буйныя гандлёвыя сеткі актыўна ўкараняюцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Але мясцовыя кааператары заўважылі іх «балючае месца». Супермаркеты могуць працаваць рэнтабельна толькі там, дзе ёсць высокая шчыльнасць насельніцтва. Там, дзе забудова, нават у гарадах, пераходзіць са шматпавярховак на дамы прыватнага сектара, інтарэс гаспадароў сеткавага гандлю адразу слабее або ўвогуле знікае. Што пацвярджае прыклад магазіна №18 філіяла «Прадтавары» па вул. Кобрынскай. Параўнальна невялікі па плошчы аб’ект працуе па прынцыпе «крама крокавай даступнасці», дзе можна набыць усё, што спатрэбіцца на кожны дзень. Зразумела, што рэдкіх прыпраў або анчоусаў тут не купіць, але хлеб, малако, крупы, мясныя і рыбныя паўфабрыкаты, свежая садавіна і агародніна заўсёды прысутнічаюць у запатрабаваным аб’ёме. Папулярнасць магазіна, якую ён заваяваў за некалькі гадоў сваёй дзейнасці, гэта пацвярджае. Попытам карыстаецца таксама ўласная прадукцыя прадпрыемстваў кааперацыі, ёсць куток здаровага харчавання.


Але ёсць у сістэме РСТ і буйныя гандлёвыя аб’екты, якія добра вядомы як гараджанам, так і жыхарам навакольных вёсак. «Універсам» у цэнтры горада робіць стаўку на разна-стайнасць асартыменту, акцыённыя тавары, адкрыты доступ да многіх тавараў і зручны сэрвіс. Вывучаецца попыт пакупнікоў, каб рабіць упор на пашырэнне таго віду прадукцыі, які разыходзіцца хутчэй. А вось «Універмаг» паспяхова прымяняе практыку «вулічнага гандлю». Што і было прадэманстравана работнікамі магазіна «Дзіцячы свет», як аднаго з падраздзяленняў гандлёвага дома. Праз месяц пакупнікі будуць актыўна цікавіцца школьнымі таварамі і адзеннем, таму можна загадзя паказваць свае прапановы ў гэтым накірунку. Такая неабмежаваная сценамі крамы рэклама дае станоўчы вынік.

Складаней за ўсіх у гэты перыяд прыйшлося сістэме грамадскага харчавання: у структуры спажывецкай кааперацыі яна паказала найбольшы «мінус». Вось тут ёсць над чым працаваць у наступным паўгоддзі. З гэтым пагадзіліся і пружанскія рэстаратары, і прыезджыя. У якасці прыкладу прагучала ідэя стварыць нацыянальную канкурэнцыю «фастфуду», робячы акцэнт менавіта на беларускія стравы, у тым ліку і хуткага прыгатавання.


Магчымасці ў спажывецкай кааперацыі для гэтага ёсць, што і было прадэманстравана падчас выставы, арганізаванай РСТ нашага раёна, а таксама Бярозаўшчыны, Іванаўшчыны і Івацэвіччыны. Сваю прадукцыю паказалі камбінат кааператыўнай прамысловасці — у выглядзе безалкагольных напояў і ААТ «Белавежскія віны» — асартымент «гарачых аперытываў».

Усё ўбачанае потым было абмеркавана на пленарным пасяджэнні, падчас якога з прамовай выступіў і старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. Ён расказаў удзельнікам семінара аб эканамічным становішчы нашага рэгіёна і ўкладзе ў сучасныя напрацоўкі мясцовага райспажыўтаварыства. Па яго словах, многіх паказчыкаў не ўдалося б дасягнуць без добрасумленнай і адказнай працы работнікаў гэтай арганізацыі. Што і выклікала апладысменты з боку гледачоў.
— Сапраўды, такая падтрымка для нас вельмі каштоўная,— зазначыў напрыканцы старшыня праўлення «Бел- каапсаюза».— Асабліва ў свеце тых пытанняў, што нам трэба вырашаць у будучым.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).