Вторник, 11 августа 2020

Будьте осторожны! Чем опасно селфи с паспортом?

172

Яшчэ пра адзін спосаб падману распавёў чытач «раёнкі» Мікалай.
Мужчына нейкі час шукаў працу, у тым ліку, і з дапамогай секткі інтэрнэт.


— На адным з найбольш папулярных нацыянальных сайтаў ёсць рубрыка «Работа», дзе можна скласці ўласнае рэзюмэ,— расказвае Мікалай.— Зручнасць такой паслугі ў тым, што перыядычна на электронную пошту прыходзяць прапановы з вакансіямі, якія адпавядаюць указаным мною дадзеным.


Такім чынам праз нейкі час наш чытач атрымаў вельмі цікавую прапанову аб працы на даму. Расійская фірма, якая паведамляла, што «дзейнічае на тэрыторыі ўсяго Еўразійскага саюза, а таксама ва Украіне і краінах Балтыі», шукала аддаленых супрацоўнікаў, якія маглі б выконваць розныя заданні. Напрыклад, стварыць дома даведачны цэнтр і праз глабальную сетку займацца кансультаваннем патэнцыяльных кліентаў. Маўляў, кожны супрацоўнік выбірае тэму, якая яму добра вядома, і рыхтуе адказы на шматлікія пытанні. Была прапанова і для тых, хто любіць «гойсаць» па сацыяльных сетках: ствараючы тут «групы па інтарэсах», рэкламаваць розную прадукцыю. Гаварылася, што яшчэ можна рыхтаваць рэкламныя тэксты, відэа, карцінкі і многае іншае.


Спіс вакансій перавышаў дзясятак найменняў, і Мікалай знайшоў для сябе, як ён зазначае, самую прывабную.


Падчас кансультавання з прадстаўнікамі кампаніі спачатку ўсё было добра.
— Прызнаюся, што першапачаткова мяне здзівілі ўмовы аплаты. Фірмачы абяцалі ўзровень заробкаў прыкладна ўтрая вышэй, чым гэта прынята на сучасным рынку працы. Потым гаварылі, што грошы пералічваюцца на банкаўскую картку, пры гэтым у любы час дня ці ночы, і менавіта тая сума, якую захоча работнік. А яшчэ працоўны рэжым можна складаць такі, які самому будзе зручны. І столькі часу, колькі пажадаеш.

Атрымлівалася сапраўдная «сінекура», за якую будуць плаціць вельмі добрыя грошы. Ніякай працоўнай дысцыпліны і праверак наяўнасці на сваім месцы. Словам, колькі адрабіў — столькі зарабіў.
І ўсё гэта, як абяцалася, будзе выконвацца ў рамках дзеючага беларускага заканадаўства з афіцыйным заключэннем дагавору і выплатай падаткаў. Таксама ў якасці «прынады» ўсіх шукальнікаў працы запэўнівалі, што абавязкова дадуць інфармацыю ў камісію па садзейнічанні занятасці, каб выключылі са спісу беспрацоўных.
Побач з гэтым развеялі сумненні і наконт рэквізітаў банкаўскай карткі: маўляў, нам патрэбны толькі лічбы з папярэдняга боку, а ніякіх сакрэтных кодаў не трэба, бо «мы не махляры».
Пасля ўзгаднення ўсіх гэтых акалічнасцей Мікалай пад кіраўніцтвам супрацоўніка аддзела кадраў прыступіў да афармлення. Для гэтага неабходна было надрукаваць на лісце паперы дату заключэння дагавору, падаць рэквізіты банкаўскай карткі (без сакрэтнага трохлічбавага кода) і зрабіць фотаздымкі асноўнай старонкі пашпарта. У апошнім некалькі разоў зазначылі, што трэба не скан старонкі, а менавіта фота.
— Чамусьці адразу сістэма рэгістрацыі не змагла распазнаць сфатаграфаваную пашпартную старонку, і пры гэтым усё роўна нельга было сканіраваць яе.
Мікалай некалькі разоў фатаграфаваў дакумент, выкарыстоўваючы нават прафесіянальную тэхніку. Усё «не падыходзіла», але супрацоўніца пераконвала не перажываць, бо такое рэдка, але здараецца. Каб канчаткова вырашыць праблему, пружанцу прапанавалі зрабіць… сэлфі з пашпартам.
— Гэта я зараз разумею, што маю ўвагу, як кажуць, «замылівалі», адцягвалі ад магчымага падману. Бо чаму сістэма не магла распазнаць якасны здымак, а звычайнае сэлфі адразу прайшло добра?

Наш чытач выканаў усе патрабаванні і на працягу некалькіх дзён спадзяваўся, што прыйдуць тлумачэнні або загад прыступаць да выканання абавязкаў. Калі скончылася цярпенне, адправіў на
«e-mail» пытанне, на якое атрымаў адказ: маўляў, замест Мікалая кампанія знайшла больш кваліфікаванага работніка.
Здаецца, гісторыя закончылася. Але негатыў сітуацыі, у якую трапіў, наш чытач адчуў, калі паехаў на часовую працу ў Маскву.
— Падчас афармлення часовай рэгістрацыі сказалі, што мяне адшукваюць калектарскія агенцтвы адразу некалькіх расійскіх рэгіёнаў за тое, што я нібыта ўзяў крэдыты ў банках і не вяртаю. Самы вялікі, як мне запомнілася, быў на Кубані ў памеры 20 мільёнаў расійскіх рублёў на 7 гадоў.
Рэгістрацыю пружанцу аформілі, але запрасілі не мяняць месца часовага пражывання для наступных кантактаў з калектарамі. Зразумела, што ў той жа дзень Мікалай вярнуўся ў Беларусь і зараз знаходзіцца ў трывозе, што і тут яму не дадуць спакою.
— Якім чынам на мяне аформілі розныя крэдыты, я ж ніякіх дакументаў не падпісваў?

Справа ў тым, што вялікая колькасць камерцыйных банкаў Расіі і мікрафінансавыя ўстановы, якія займаюцца выдачай «хуткіх крэдытаў», з нядаўняга часу масава перайшлі ў інтэрнэт, дазваляючы афармляць пазыку ў электронным варыянце. Для чаго выкарыстоўваецца электронны подпіс, які, згодна з дзеючым там заканадаўствам, можа быць заменены… сэлфі з пашпартам. Апошнім часам гэта становіцца сапраўднай праблемай, але не настолькі вострай, каб расійскія заканатворцы звярнулі на яе ўвагу. Напрыклад, такі казус адбыўся нават з Жэрарам Дэпардзье, які на адным з інтэрв’ю прадэманстраваў свой расійскі пашпарт у разгорнутым на асноўнай старонцы выглядзе. Атрыманае фота і было выкарыстана несумленнымі дзялкамі.
Як тлумачаць юрысты, сэлфі з пашпартам зараз актыўна выкарыстоўваецца пры найме работнікаў праз глабальную сетку. І адзіны спосаб застрахавацца ад махлярства — уважліва чытаць дагавор аб працаўладкаванні. У ім павінна быць указана, што наймальнік абавязваецца не перадаваць атрыманыя звесткі аб работніку трэцім асобам. Інакш усё будзе ў законных рамках, згодна з якімі даказаць сваю невінаватасць будзе вельмі складана.
Алег СІДАРЭНКА.