Вторник, 11 августа 2020

Работники ОАО «Агро-Колядичи» озвучили свои проблемы перед председателем райисполкома

473

«Сваю задачу ўлады бачаць у тым, каб вырашаць надзённыя пытанні людзей», — гэта падкрэсліў Юрый Бісун падчас сустрэчы з работнікамі ААТ «Агра-Калядзічы», якая адбылася на мінулым тыдні.
Больш, чым сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў раёне, жыхароў аграгарадка цікавілі праблемы мясцовага маштабу. У прыватнасці, у Калядзічах вось ужо амаль год як не працуе ФАП — няма спецыяліста. А на тэрыторыі гаспадаркі, між іншым, пражывае больш за 600 чалавек, сярод якіх 17 шматдзетных сем’яў і шмат пажылых людзей. Юрый Юр’евіч паабяцаў, што меры будуць прыняты: «Так, без аптымізацыі на сяле не абысціся, але ў аграгарадках — цэнтральных сядзібах гаспадарак — такія аб’екты, як фельчарска-акушэрскія пункты, павінны быць». Дарэчы, калі здымуць праблему з ФАПам, вырашыцца і яшчэ адна: з-за нязручнага расклада аўтобуснага руху людзі, вымушаныя ездзіць на прыём да ўрачоў у Пружаны, не могуць своечасова туды дабрацца.


Бацькі школьнікаў выказалі занепакоенасць тым, што ні адзін з чатырох аўтобусных прыпынкаў не асвятляецца. Раённыя ўлады рады былі б і самі вырашыць пытанне, разумеючы важнасць дзіцячай бяспекі, але гэта будзе нямэтавае выкарыстанне бюджэтных грошай: рэспубліканская траса знаходзіцца на балансе ДЭУ-25. А кіраўніцтва РУП «Брэстаўтадар» ніяк не можа знайсці фінансаў, каб вырашыць праблему з асвятленнем у Калядзічах. Тым не менш, раённыя ўлады маюць намер ізноў пісаць хадайніцтва на прадпрыемства: магчыма, у наступным годзе пры размеркаванні бюджэту ўключаць і гэты артыкул выдаткаў. Дарэчы, што да аўтобусных прыпынкаў, то была зроблена заўвага і наконт парадку каля іх: у вочы кідаецца несвоечасовае абкошванне травы. Ю.Ю.Бісун падтрымаў: «Р-85 — траса рэспубліканскага значэння — гэта твар раёна: тут павінен заўсёды падтрымлівацца парадак».


А вось над пытаннем наконт дзіцячай пляцоўкі ў аграгарадку пакуль паабяцалі толькі падумаць. «Некалі можна было б уласнымі сіламі, з дапамогай гаспадаркі абсталяваць яе. Сёння гэта не дапускаюць нарматыўныя дакументы», — растлумачыў старшыня райвыканкама. У прыватнасці, самыя прымітыўныя арэлі павінны быць сертыфікаваны, а пляцоўка трэба, каб прайшла неабходныя экспертызы. З-за гэтага кошт гатовых пакупных пляцовак значна вырас. Тым не менш, у просьбе не адмовілі: паабяцалі абмеркаваць яе пры размеркаванні бюджэту ў наступныя гады.

Слушнай кіраўнік раёна палічыў заўвагу наконт рэжыму работы магазінаў у перыяд жніва. Аграрыі папрасілі падоўжыць яго на гадзіну-другую, каб, вяртаючыся з работы, яшчэ мелі магчымасць зрабіць пакупкі. Пытанне будзе пастаўлена перад кіраўніцтвам райспажыўтаварыства.


Акрамя таго, сярод узнятых пытанняў былі дрэнная якасць вады і нездавальняючы стан некаторых дарог.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).