Воскресенье, 29 ноября 2020

Депутат Александр Левчук провел рабочие встречи на нескольких предприятиях района

414

На мінулым тыдні прайшла інфармацыйная сустрэча калектыву Пружанскага райспажыўтаварыства з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г.Леўчуком і старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом.


Дасягненні аграрыяў, якія галоўным чынам аказваюць уплыў на фарміраванне раённага бюджэту, падтрымка і развіццё прыватнага бізнесу, на якія сёння робіцца галоўны ўпор, сацыяльная падтрымка насельніцтва — гэтыя і многія іншыя тэмы закрануў у сваёй прамове Мікалай Кудравец. Ён давёў да ведама прысутных і самую свежую медыцынскую інфармацыю: расказаў, якія сродкі выдаткаваны на новае стаматалагічнае аддзяленне, калі там пачнуць прымаць пацыентаў, якое абсталяванне патрэбна Пружанскай ЦРБ.


Асобны акцэнт быў зроблены на праблеме старэння насельніцтва рэгіёна: як падкрэсліў Мікалай Пятровіч Кудравец, згодна з данымі апошняга перапісу насельніцтва, на Пружаншчыне сёння пражывае менш за 45 тысяч чалавек, з іх каля 14,5 тысяч — ужо атрымальнікі пенсій. Многія з гэтых людзей пражываюць у маланаселеных пунктах з колькасцю ад аднаго да паўсотні жыхароў. Да слова, такіх у раёне 69%.


Але жыхары такіх вёсак не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. Для іх арганізавана ў тым ліку і рэгулярнае абслугоўванне аўтамагазінамі. Забягаючы наперад, адзначу, што дэпутат таксама абмеркаваў са спажыўкааператарамі тэму датацый гандлю. Зразумела, што аўтамагазіны, на якія ўскладзена сацыяльная функцыя, рана ці позна стануць непасільнай ношай і пацягнуць райспажыўтаварыствы на дно. Што рабіць, каб да гэтага не дайшло, як расказаў Аляксандр Георгіевіч Ляўчук, дэпутаты збіраюцца абмеркаваць у бліжэйшы час.


Дэпутат прапанаваў калектыву Пружанскага райспажыўтаварыства абмеркаваць праблемы, з якімі сутыкаюцца кааператары. Бадай, аднымі з найбольш актуальных у сучасных умовах сталі канкурэнцыя і абнаўленне аўтапарка.


А.Г.Ляўчук трымаў перад электаратам своеасаблівую справаздачу: ён расказаў, чым апошнія паўгода займаўся дэпутацкі корпус, над якімі заканадаўчымі актамі працуе. Пакуль прыняты ўсяго толькі праект Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, дэпутаты вывучаюць у выбарчых акругах прапановы і меркаванні наконт новай версіі дакумента. Некалькі прапаноў А.Г.Ляўчук пазначыў для ўнясення на разгляд на вышэйшым узроўні. Напрыклад, адпаведнасць штрафу зарплаце — іншы раз сума пакарання перавышае месячны заробак, абсурднасць пастаноўкі на ўлік падлеткаў у «дзіцячы пакой міліцыі» за адсутнасць флікера ў цёмны час ці безбілетны праезд у грамадскім транспарце.


Працягам рабочага дня дэпутата ў акрузе сталі сустрэчы з калектывам ААТ «Айчына», зносіны з жыхарамі Кабылаўкі і наведванне шэрага сацыяльных аб’ектаў аграгарадка. Варта адзначыць, што падчас абмеркавання далейшай стратэгіі работы таварыства, важнасці прыцягнення сюды інвестыцый адчувалася зацікаўленасць аграрыяў у развіцці гаспадаркі.


У рабочым парадку А.Г.Ляўчук і М.П.Кудравец прынялі ўдзел у пасяджэнні Зеляневіцкага сельвыканкама, на якім члены выканкама, старасты, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, што функцыянуюць на тэрыторыі сельсавета, абмяркоўвалі бягучыя пытанні.


Удзельнікі сустрэч мелі магчымасць агучваць перад выступоўцамі праблемы, якія раённыя ўлады маглі прыняць да ўвагі, задаваць хвалюючыя пытанні.


Да слова, на бягучым тыдні дэпутат А.Г.Ляўчук працягвае сваю работу ў акрузе.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).