Вторник, 11 августа 2020

Первые «тысячники» снова в «Журавлином»!

835

Як і летась, першыя «тысячнікі» ў раёне з’явіліся менавіта ў ААТ «Жураўлінае». Вечарам у панядзелак іх ушаноўвалі на адным з палеткаў гаспадаркі.

Віншаванні прымаюць старшыя камбайнеры Аляксей Аляксандравіч Ашмянка і Дзмітрый Мікалаевіч Ціцянкоў.


Першымі намалацілі тысячу тон збожжа практычна адразу два экіпажы ў складзе Аляксея Аляксандравіча Ашмянкі і Міхаіла Генадзьевіча Леўчука, а таксама Дзмітрыя Мікалаевіча Ціцянкова і Максіма Генадзьевіча Літвіновіча.

Як расказаў дырэктар таварыства Д.М.Якутчык, каб дасягнуць тысячнага намалоту, у нядзелю камбайнеры працавалі да позняга вечара пры святле фар. Дарэчы, у Міхаіла Леўчука зусім нядаўна нарадзіўся сын і ён прысвяціў перамогу на хлебнай ніве менавіта яму.


Цёпла павіншаваў першых камбайнераў-тысячнікаў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. У прыватнасці, ён адзначыў, што няма лепшага занятку, чым уборка хлебных палеткаў. Сёлета ў гаспадарцы вырашчаны добры ўраджай, і ў гэтым бачыцца заслуга агранамічнай службы, механізатараў, усіх тых, хто працаваў на гэты вынік.


Віншаванні віноўнікі ўрачыстасці прымалі таксама ад першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёвай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У.Чайкоўскага, дырэктара таварыства Д.М.Якутчыка, намесніка дырэктара па ідэалогіі З.М.Усік, старшыні прафкама А.А. Цімановіч . Экіпажам-тысячнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі.


Гучалі над полем і песні. Так віншаваў камбайнераў вакальны гурт «Клепачанка» Кляпацкага СДК.


Нагадаем, што ў ААТ «Жураўлінае» знаходзіцца адзін з самых вялікіх збожжавых палеткаў сярод гаспадарак нашага раёна. Сёлета збожжавыя і зернебабовыя культуры ў таварыстве неабходна ўбраць на плошчы 4074 гектары.


Жніво ў сельгаспрадпрыемстве стартавала з уборкі азімага ячменю. З кожнага гектара ў сярэднім сабрана па 50 цэнтнераў збожжа. Не падвёў і азімы рапс. Ураджайнасць алейнага насення склала 37 цэнтнераў з гектара. Цяпер камбайнавыя экіпажы працуюць на ўборцы яравога ячменю, азімай пшаніцы і трыцікале, зернебабовых культур. Намалоты пакуль радуюць сельскіх працаўнікоў. На круг атрымліваецца па 48 цэнтнераў збожжа з гектара.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).