Вторник, 11 августа 2020

Три семейных экипажа трудятся на полях ОАО «Агро-Колядичи»

398

Выдатны ўраджай збожжавых і зернеба-бовых, азімага рапсу сёлета вырашчаны на палетках ААТ «Агра-Калядзічы». Штодзень на ўборцы задзейнічана 13 камбайнавых экіпажаў, у тым ліку тры з іх — сямейныя.


Віктар Аляксандравіч Чэрнік з сынам Сяргеем разам шчыруюць на палетках роднай гаспадаркі ўжо пяты сезон. Сёлета ім давераны новы камбайн КЗС-1218 «Палессе GS-12А». Увогуле Віктар Аляксандравіч у таварыстве вядомы як адзін з лепшых механізатараў, ён можа выконваць любыя работы. Сяргей закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і цяпер працуе майстрам лесу ў Міхалінскім лясніцтве.


— Але ў гарачы час жніва я бяру адпачынак і працую разам з бацькам на камбайне, — гаворыць Сяргей. — Уборка — самы адказны перыяд для земляробаў, і прыемна, што ёсць магчымасць унесці свой уклад у гэту вялікую справу.


Зразумела, што камбайнавы экіпаж можа зарабіць падчас жніва неблагія грошы. Але нават не гэта лічаць самым галоўным бацька і сын: важна тое, што абодва адданыя самай старажытнай на зямлі земляробчай справе.


Нягледзячы на ў цэлым спрыяльнае для земляробаў надвор‘е, сёлетнюю ўборку лёгкай не назавеш. Месцамі збожжавыя культуры палеглі падчас ліўневых дажджоў і навальніц. Вось і ў той дзень, калі мы наведалі «Агра-Калядзічы», яравы ячмень на палетку, дзе працавалі Чэрнікі, быў нібыта прыціснуты катком. Але камбайн рухаўся наперад.


Штодзень Чэрнікі выдаюць з бункера камбайна каля 70 тон збожжа. У лепшыя дні атрымліваецца да 80 тон. А ўвогуле на рахунку сямейнага экіпажа на пазаўчарашні дзень ужо было 619 тон збожжа, што з’яўляецца лепшым вынікам у гаспадарцы. Не за гарамі ўжо і тысячны рубеж.

На здымку: сямейны экіпаж у складзе Віктара Аляксандравіча і Сяргея Чэрнікаў.

Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).