Вторник, 11 августа 2020

Кто и зачем взорвал старую башню?

806

За мінулыя выхадныя дні ў сацыяльных сетках з‘явілася нямала запісаў і каментарыяў з нагоды зносу старой воданапорнай вежы ў райцэнтры. Многія сталыя людзі настальгавалі, узгадваючы, як у школьным дзяцінстве адчайна «штурмавалі» збудаванне, нягледзячы на ўсе забароны. Многія проста праглядалі відэа з моманту падзення: маўляў, прыгожа лягла, дасканала спрацавалі спецыялісты. І задавалі пытанні, хто і чаму займаўся зносам…


Хто з’яўляўся ўласнікам вежы, сёння ніхто не можа сказаць. Звесткі пра гэта «згубіліся» дзесяцігоддзі таму. Роўна як і дакументы, па якіх можна было б адсачыць яе біяграфію. Мяркуецца толькі, што гэтая воданапорная вежа была ўведзена ў эксплуатацыю прыкладна ў 1957 годзе, калі ва ўзведзеных непадалёк ад гарадскога кальца будынках адкрылася школа-інтэрнат. Менавіта для яе абслугоўвання і была прызначана вежа.


Паводле ўспамінаў старажылаў, напачатку 1970-х гадоў у Пружанах з’явіўся цэнтральны водаправод — і вежу «абрэзалі» (згодна з дадзенымі МНС, яна не выкарыстоўвалася з 1974 года). А калі інтэрнат быў пераўтвораны ў сярэднюю школу №4, след уласніка воданапорнай вежы наогул згубіўся.


Час ішоў. Збудаванне патрабавала рамонту. Але ні на чыім балансе яно не значылася, а выдаткоўваць сродкі на «нічыйны» аб’ект, зразумела, ніхто не збіраўся. У выніку вежа зусім прыйшла ў заняпад.

«Што рабіць з аварыйным аб’ектам, які знаходзіцца на школьнай тэрыторыі, пачалі думаць каля пяці гадоў таму, — расказвае дырэктар СШ №4 г.Пружаны Юрый Яльцоў. — Мы, напрыклад, не маглі яго рамантаваць — нямэтавае выкарыстанне сродкаў. У выніку было прынята рашэнне аб зносе. Выдаткі за адпаведныя работы ляглі на раённы бюджэт».


У мінулую пятніцу знос збудавання ажыццявілі супрацоўнікі Пінскага цэнтра рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС. Спецыялісты загадзя спланавалі выбух, у выніку пры падзенні вежа не пашкодзіла ні школу, ні бліжэйшыя будынкі.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).