Вторник, 29 сентября 2020

Пад зручнай маскай…

65

Заклікі супраць нібыта «незаконных дзеянняў міліцыі і ціску на простых людзей» усё часцей можна ўбачыць на шматгранных прасторах інтэрнэту. Яны з’яўляюцца як грыбы пасля дажджу. Вось толькі калі “аўтарам” грыбоў з’яўляецца сама прырода, то разнастайных заклікаў – невядома хто, схаваўшыся пад неверагоднымі, а то і проста пошлымі “нікамі”.

Дастаецца, вядома, і ўладзе. Пра стыль напісанага гаварыць не даводзіцца. Хаця сэнс усяго вылітага бруду адзін – паказаць быццам бы яе нікчэмнасць і бяздзейнасць. Даходзіць да абсурду: носіць вецер абгортку ад чыпсаў па вуліцы ці ўсплыла скошаная расліннасць на вадаёме: “Ай-яй-яй, дзе ўлада? Павінна падняць і прыбраць!”. А самі? Калі ж справа датычыцца канкрэтных дзеянняў, няма каму нахіліцца: усе ж пад “нікамі”…

Хаця ведаю двух адкрытых “барацьбітоў за справядлівасць”. Адзін – сусед маёй цёткі. Усё сваё свядомае жыццё (а на выгляд яму гадоў шэсцьдзясят з гакам) нідзе не працуе, жыве на пенсію састарэлай маці і ў бацькоўскай хаце. Хата, дарэчы, пасля смерці гаспадара зарасла кустоўем так, што недасведчаны чалавек ніколі не здагадаецца, што яна жылая. А сын-“пераростак” пенсіённага ўзросту толькі і ведае мітынгаваць: “Куды ўлада глядзіць?”.

Другі прыклад – дачка маёй знаёмай. Маладая, прыгожая дзяўчына з вышэйшай адукацыяй. Лічыць сябе надта разумнай, таму ніяк не можа (ці не хоча?) уладкавацца на працу. Як жаліцца сяброўка, усё дачку не задавальняе, усё не адпавядае яе “выключным” здольнасцям. А тая на кожным кроку толькі і трубіць: “Навошта нам такая ўлада, якая нічога не дае?”.
—А што ты прасіла? – так і хочацца спытаць.
Шчырым працаўнікам, асабліва сельскім, і ў гарачую пару, што кажуць, уздыхнуць няма калі. Яны не чакаюць, што ім нехта нешта дасць. Яны працуюць і зарабляюць. Клапоцяцца пра дабрабыт сям’і. Ім не да заклікаў і пратэстаў.

А што ж тыя, хто не працуе ці не жадае працаваць? Некаторыя, як у нашым выпадку, магчыма, ад таго, што няма чым заняцца, чакаюць “пераменаў”. А некаторыя, відаць, свядома хістаюць спакой у грамадстве з надзеяй псіхалагічнага ўздзеяння на іншых і з мэтай “хайпу”. Але ж які “хайп” у безаблічнага, у чалавека пад “нікам”? І галоўнае: па кім “хайпане”, калі па закліку інтэрнэту вы далучыцеся да дзеянняў, якія будуць незаконнымі? Думайце.
Каліна Міхальцова.