Пятница, 7 августа 2020

Новый микрорайон и база для «Руха»? Почитайте, о чем говорит председатель райисполкома на встречах с пружанцами

953

Сустрэчы з працоўнымі калектывамі ААТ «Пружанскі кансервавы завод» і Пружанскае КУВП «Камунальнік» правёў старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. Прадметам гаворкі стала сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна за апошнія некалькі гадоў.

Бадай, найбольш дасягненняў сёння Пружаншчына мае ў сельскагаспадарчай галіне. Што і не дзіўна — раён у нас аграрны. І нягледзячы на гэта, работнікі сяла знаходзяць магчымасці для пастаяннага руху наперад: сёння ў акцыянерных таварыствах укараняюць самыя сучасныя тэхналогіі.


— Напрыклад, ААТ «Велікасельскае Агра» ўзводзіць рабатызаваны комплекс, дзе ўдзел чалавека ў вытворчым працэсе будзе мінімізаваны, — адзначыў Юрый Юр‘евіч Бісун.

Варта адзначыць, што старшыня райвыканкама гаварыў не толькі пра дасягненні: у рэгіёне паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі па нарошчванні экспарту, развіцці прамысловасці, павелічэнні аб’ёмаў будаўніцтва, — але і засяродзіў увагу на існуючых праблемах. Адна з тых, што стаіць цяпер найбольш востра, — дэфіцыт кваліфікаваных кадраў. Асобная ўвага надаецца прыцягненню ў раён прамых замежных інвестыцый.

Расказваючы пра тое, чым сёння жыве Пружаншчына, Юрый Юр’евіч больш падрабязна спыняўся на дзейнасці тых галін, у якіх працуюць калектывы — удзельнікі сустрэч. Напрыклад, падчас сустрэчы ў «Камунальніку» асобнай тэмай для размовы было навядзенне парадку на зямлі.


—Прыкладна год таму падчас нашай сустрэчы была ўнесена прапанова навесці парадак на могілках. У пошуку крыніц фінансавання галоўнай сталі сродкі, заробленыя на раённых суботніках. Сёння гэтыя работы блізяцца да фінішу. Вы і мы справіліся, — рэзюмаваў кіраўнік раёна.


Сёння ў раёне новыя, доўгатэрміновыя планы на будучае. Так Ю.Ю.Бісун расказаў, што ў Пружанах збіраюцца будаваць новы сучасны мікрараён, пабудуюць і новы, умяшчальны стадыён — наш рэгіён абралі для стварэння базы для футбольнага клуба «Рух».

Як звычайна, члены калектываў мелі магчымасць задаць свае пытанні старшыні райвыканкама.


Падчас гэтай сустрэчы работніца «Камунальніка» звярнула ўвагу на неабходнасць укамплектавання раённай бальніцы такім абсталяваннем, як камп’ютарны тамограф. Да слова, гэтае пытанне не ўпершыню ставяць перад кіраўніцтвам раёна: яно ўскладняецца аспектам кошту абсталявання — на набыццё апарата неабходна выдзеліць каля 800 тысяч рублёў. У той жа час работнікі кансервавага завода папрасілі ўдакладніць, якім чынам можна атрымаць субсідыі на развіццё ўласнага бізнесу.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота)