Вторник, 11 августа 2020

Больше пляжей — больше проблем? Журналисты отправились в рейд по водоемам района

704

Купальны сезон бягучага года адметны тым, што колькасць афіцыйна дазволеных месцаў для купання (чытай, правераных на бяспеку і належным чынам абсталяваных) павялічылася ўдвая. Па гэтым паказчыку Пружаншчына апярэдзіла пераважную большасць іншых рэгіёнаў Брэстчыны, толькі крыху саступіўшы абласному цэнтру і буйным гарадам. У дадатак рашэннем райвыканкама вадаёмы з пляжамі і адпаведнай інфраструктурай выбраны такім чынам, каб ахапіць найбольш населеныя зоны раёна і «не перахопліваць» адпачываючых адзін у аднаго.


На жаль, практыка апошніх гадоў паказвае, што не ўсюды разумна ставяцца да захавання зробленага на азёрах, таксама ёсць заўвагі і з боку саміх адпачываючых. Раённай арганізацыяй таварыства выратавання на водах сумесна з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях днямі быў праведзены рэйд па вызначаных для купання вадаёмах з мэтай вывучэння сітуацыі.

Першым мы наведалі возера ў в.Магілёўцы. Вадаём толькі сёлета быў уключаны ў спіс афіцыйна дазволеных у плане арганізацыі адпачынку ля вады, і трэба сказаць, што работнікі ААТ «Радзіма» (менавіта гэтае акцыянернае таварыства прызначана адказным за добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і стварэнне належнай інфра-структуры) справіліся з падрыхтоўкай пляжа і акваторыі добра. Адасоблена спецыяльная зона адпачынку, зроблена падсыпка пляжа, устаноўлены кабінкі для пераапранання, альтанкі, лаўкі і сметніцы. Побач размешчаны і абавязковы выратавальны пост з уладкаваннем рэгулярнага дзяжурства на ім падрыхтаваных матросаў-выратавальнікаў. У будні дзень, калі мы пабывалі на возеры, адпачываючых не было, але сляды іх «паводзінаў» мы заўважылі. Адразу кінулася ў вочы ігнараванне забароны заязджаць на пляж на аўто. Нягледзячы нават на наяўнасць агароджы, на пяску было нямала глыбокіх адбіткаў аўтамабільных колаў. Але ж адасабленне зоны адпачынку зроблена было нездарма: наўрад ці хто зможа разаслаць дыванок і пазагараць на пакінутых каляінах. А значыць, што частка пляжа практычна сапсавана і яе трэба аднаўляць. Зноў будуць адцягвацца сілы і сродкі адказнай арганізацыі, для работнікаў якой ніякі рубель не будзе лішнім. Атрымліваецца, што псуем і сабе, і навакольным.

Тое ж самае пабачылі і на вадаёме каля аг. Кабылаўка: пазначаная слупкамі аўтама-більная стаянка, відавочна, не задаволіла некаторых адпачываючых, якія проста вырвалі адзін слупок, які замінаў пад’ехаць бліжэй да пляжа. Работнікі ААТ «Айчына», якія падчас падрыхтоўкі да купальнага сезона добраўпарадкавалі пляж і акваторыю, вымушаны былі прымаць дадатковыя намаганні супраць вандалаў. Зразумела, што і яны не спыняць хуліганаў. Як зазначыў старшыня раённай арганізацыі ТВВОД Ю.М.Амельянчук, трэба перагледзець схему інфраструктуры і на наступны год перанесці стаянку бліжэй. Толькі так можна зэканоміць сродкі і нервы, бо адпачываючых, якія не маюць сораму і сумлення, наўрад ці ўдасца перавыхаваць.

Іншую сітуацыю назіралі на возеры Паперня каля г.п.Ружаны, у той яго частцы, дзе адказнасць за добраўпарадкаванне ўскладзена на ААТ «Ружаны-Агра». Нарэшце аўтамабілісты звярнулі ўвагу на ўстаноўлены шлагбаум і сталі пакідаць свае аўтамабілі на адведзенай для гэтага стаянцы. А не каля зрэзу вады, як гэта было яшчэ летась.

Тэрыторыя пляжа і зоны адпачынку чыстая, усе малыя архітэктурныя формы ў парадку. Побач з вадаёмам — шмат палатак адпачываючых, якія, як расказаў матрос-выратавальнік І.М.Астапчык, паводзяць сябе належным чынам.

Тэрыторыя для адпачынку ля вады на Паперні размешчана непасрэдна ў лесе, з-за чаго вялікая ўвага, як зазначае старшы інспектар РАНС В.В.Ліпко, надаецца і супрацьпажарнай бяспецы. Адказная гаспадарка ўладкавала і абарончыя ачагі, і мангалы, аднак не ўсе дзейнічаюць па правілах. У плане прафілактыкі Вольга Васільеўна правяла гутаркі з грамадзянамі, а таксама нагадала пра неабходнасць пільнага кантролю за дзецьмі.

Са свайго боку і адпачываючыя звярнулі ўвагу на некаторыя недахопы і нязручнасці.

Людміла, г.Магілёў:


— Мы штогод прыязджаем менавіта на Паперню на летні адпачынак. І дзесяць гадоў запар тут не вырашаецца пытанне з выязным гандлем. Улічваючы гэта, мы папярэдне на чатыры сям’і набіраем прадуктаў і вады, а калі раптоўна што-небудзь заканчваецца, то едзем па пакупкі ў пасёлак.
Мясцовае возера і навакольная прырода нам вельмі падабаюцца, з-за чаго кожны год і праязджаем паўтысячы кіламетраў, каб толькі тут набрацца добрых летніх эмоцый. І вельмі хочацца, каб сэрвіс на Паперні стаў яшчэ лепш.
Думаю, што і выручка тут была б неблагая: напрыклад, на святочныя выхадныя напачатку ліпеня на беразе возера літаральна яблыку не было дзе ўпасці.

Сям’я з Брэста:


— Трэці год з задавальненнем адпачываем на Паперні, і з гэтым возерам немагчыма параўнаць ніякі вадаём з тых, што нам вядомы на Брэстчыне. Вось толькі няма тут прыбіральні, што стварае нямала зручнасцей.
(Як мы высветлілі, прыбіральня на Паперні ўсё-такі ёсць, але ж знаходзіцца яна далёка ад берага і адшукаць яе ў лесе можна толькі «па компасе». Магчыма, адпаведныя знакі змаглі б данесці патрэбную інфармацыю да адпачываючых).

Аляксандр, г.Івацэвічы:


— Упершыню адпачываю на гэтым возеры і як рыбак не вельмі задаволены ўловам. Але маёй жонцы і чатыром дзецям вельмі спадабалася. Настолькі, што гаспадыня сказала: «Цяпер лета будзем праводзіць толькі тут».
Трэба сказаць, што некаторыя дасведчаныя курортнікі ў гутарках з намі параўноўвалі бераг Паперні з Чарнаморскім узбярэжжам. І не па ўсіх параметрах на карысць апошняга.

Зразумела, хочацца, каб створанае захавалася і штогод інфраструктура толькі паляпшалася. А вось гэта ў многім залежыць менавіта ад саміх адпачываючых: трэба і самому адказна ставіцца да зробленага, і іншым не дазваляць псаваць наваколле.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).