Вторник, 20 октября 2020

75 километров преодолели пружанские велосипедисты в честь годовщины освобождения Беларуси

408

Як адзначаюць самі ўдзельнікі веламарафону «75», прысвечанага 75-й гадавіне Перамогі і вызваленню г.Пружаны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на маршрут сабралася не так многа жадаючых праехаць сімвалічныя 75 кіламетраў па раёне. Але тыя, хто ўсё-такі адважыўся праехаць на веласіпедзе гэтую адлегласць, атрымалі нямала прыемных уражанняў. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, які браў непасрэдны ўдзел у велапрабегу, мерапрыемства ладзілася ўпершыню. Таму варта чакаць, што ў наступным колькасць удзельнікаў павялічыцца. Сам жа веламарафон, безумоўна, стане новай традыцыяй памяці.


Марафон, арганізатарамі якога выступілі РФСК «Мухавец» сумесна з раённымі арганізацыямі ГА «Беларускі фонд міру», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, стартаваў ад в.Манчыкі ў мінулую пятніцу. Удзельнікі мерапрыемства перад стартам усклалі кветкі да помніка на брацкай магіле расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхароў.

Потым іх маршрут прайшоў праз г.п.Ружаны з прыпынкам ля Кургана Славы, адкуль веламарафонцы накіраваліся ў аграгарадок Лыскава і в.Барысікі. Відавочна, што напрамак паездкі быў выбраны такім чынам, каб наведаць памятныя месцы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Як пераканаліся ўдзельнікі прабегу, скласці маршрут было даволі проста, бо падобных месцаў на тэрыторыі Пружаншчыны шмат: гэта і пахаванні мірных жыхароў і партызан 1942-44 гадоў, і брацкія магілы чырвонаармейцаў, якія загінулі падчас вызвалення раёна ў 1944-м годзе, і месцы знакавых баёў.


Нават надвор’е спрыяла ўдзельнікам мерапрыемства. Хаця яны і трапілі ў зону кароткачасовага дажджу, але гэта толькі ўзняло настрой веласіпедыстаў.


У кожным населеным пункце на сваім маршруце веламарафонцы спыняліся і праводзілі кароткія мітынгі. Гісторыю таго ці іншага памятнага месца ім расказвалі старшыні сельвыканкамаў, якія сустракалі ўдзельнікаў прабегу. Акрамя таго, прыходзілі і мясцовыя жыхары. Асабліва ўдзельнікам прабегу запомнілася сустрэча ля помніка ў в.Сілічы, куды прыйшло некалькі пажылых сведкаў падзей тых вогненных гадоў, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі. Не менш цікавую гісторыю веламарафонцы даведаліся і ў аг. Руднікі, вёсках Казлы, Мокрае і Парасляны. Трэба сказаць, што работа па ўдакладненні прозвішчаў пахаваных (бо не ўсе вядомы і праз 75 гадоў) працягваецца. На шэрагу помнікаў і сёлета былі перароблены шыльды з прозвішчамі расстраляных людзей. Таму штогод гісторыя таго ці іншага помніка можа гучаць па-рознаму.


75-ы кіламетр выпаў на Пружаны, дзе ўдзельнікі велапрабегу ўсклалі кветкі да помніка на брацкім пахаванні салдатаў-вызваліцеляў на гарадскіх могілках. Тут жа была падведзена і фінішная рыса мерапрыемства.


— Нельга губляць памяць,— падкрэсліў Руслан Васільевіч.— Нельга страчваць тое, што заваявалі нашы продкі, нельга ігнараваць іх прыклад жыцця.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).