Вторник, 11 августа 2020

«Мечтала стать учителем, а теперь лечу людей»

725

Любіць прафесію можна і наперакор дзіцячым марам і заклікам юнацкага максімалізму. Яркі прыклад таму – медсястра агульнай практыкі Шарашоўскай гарадской бальніцы Таццяна Рыгораўна Кацко, якая без малога 30 гадоў працуе ў медыцынскай сферы.


— Я ж марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, — прызнаецца жанчына. — Так любіла дзяцей! Але… паважала настаўнікаў і іх меркаванне, і калі школа накіравала запыт у аддзел занятасці і высветлілася, што на той момант у Іванаўскім раёне (я адтуль родам) не хапала медыкаў, вырашыла пайсці ў медыцыну. Хоць, у нашай сям‘і ніколі ўрачоў не было, і ў “хуткую дапамогу” з трыпутнікам і крываўнікам я не гуляла, як мае сяброўкі. Хіба… прыклад славутага ўрача-хірурга Лукі Война-Ясянецкага, пра якога неяк прачытала, на мяне так паўплываў? Не ведаю. Дзівосы лёсу!
Пасля чатырох гадоў вучобы ў Брэсцкім медыцынскім вучылішчы (сёння — гэта каледж), дзе, дарэчы, пазнаёмілася з сястрой свайго будучага мужа, Таццяна ўладкавалася на працу ў Шарашоўскі дом-інтэрнат. Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіла дачку і пасля непрацяглага дэкрэтнага адпачынку вярнулася ў строй. Доўгі час працавала фельчарам, потым — медсястрой-дыетолагам. Быў перыяд, калі Таццяна Кацко яшчэ сачыла за здароўем дзяцей у Мураўскім дзіцячым садку. А цяпер ужо пяты год дапамагае ўрачам агульнай практыкі ў Шарашоўскай бальніцы.
— Хоць дзіцячая мара не збылася, я ніколі не шкадавала і не шкадую пра свой выбар прафесіі. Мне шчасціла працаваць у вельмі дружных калектывах, дзе панавалі цяпло і ўвага ў адносінах. І сёння побач сапраўдныя прафесіяналы – Ларыса Ула-дзіміраўна Малышкевіч, Аляксандр Дзмітрыевіч Вярцінскі і многія іншыя, — зазначае жанчына, якая за гады сваёй руплівай работы заслужыла аўтарытэт у калег. Урачы характарызуюць сваю памочніцу толькі з лепшага боку:
— Наша Таццяна Рыгораўна — адказны і спагадлівы чалавек, з ёй вельмі лёгка працаваць! Тым больш, што мэта ў нас адна — палепшыць здароўе пацыентаў, — хваліць падначаленую ўрач агульнай практыкі Вераніка Валер’еўна Здановіч.
А сама медсястра на развітанне з журналістам дадае: “На жаль, сёння медыкі чуюць шмат нараканняў у свой адрас. Людзі не разумеюць, што многае залежыць ад іх саміх, ад уласнага жадання змагацца з хваробай да канца. Мы, медыкі, са свайго боку, робім усё магчымае і немагчымае, каб людзям жылося лягчэй”.
Алена Зялевіч Фота Сяргея Талашкевіча.