Среда, 21 октября 2020

Семь (!) сыночков и лапочка дочка. Журналисты съездили в гости к многодетной семье из Шерешево

1 610

Ёсць у Шарашэве адна вельмі характэрная вуліца — Баброўскага. Я б яе перайменавала ў Дзіцячую. Яна такая маленькая і юная, што і вуліцай нават складана назваць: усяго восем дамоў. Але ў пяці з іх пражываюць шматдзетныя сем’і. Мы накіроўваемся да прыгожага, дагледжанага доміка сям’і Новік, дзе выхоўваецца ажно восем дзяцей.


— Бачыце, якая ў нас радасць! Было сем багатыроў, а 16 чэрвеня нарадзілася прынцэса! – літаральна свеціцца ад шчасця гаспадыня Аксана Валер’еўна, якая сустракае нас на парозе з чароўным анёлікам на руках. Вакол мітусяцца і скачуць хлапчукі.


— Я — Мішанька, — працягвае руку для прывітання самы маленькі “мужчынка” ў бялюткай сарочцы. – Будзем знаёмы! А гэта – наша Маша. Прыгожая, праўда?


Праўда, усяго месяц ад нараджэння, а ўжо бачна, хто ў хаце галоўны і каго ўсе жадаюць насіць на руках.


Першае пытанне, якое літаральна сарвалася з вуснаў: “Як вы адважыліся на восем дзяцей?”.


— А мы з Сашам самі выраслі ў вялікіх сем’ях, таму і марылі пра дзіцячы “кветнік”. Восем – невыпадковая і вельмі прыгожая лічба: яна нагадвае знак бясконцасці. Бясконцасці кахання, — так прыгожа і метафарычна разважае жанчына.


— Гэты “знак” пачаў малявацца 25 гадоў таму, — падтрымлівае стыль гутаркі гаспадар Аляксандр Віктаравіч.


Аказваецца, лёсавызначальная сустрэча адбылася пры цікавых абставінах — у тамбуры электрычкі, якая імчалася ў Івацэвічы. Маладыя людзі спяшаліся на вучобу: шарашэўскі хлопец Саша ад ваенкамата вучыўся на вадзіцеля, а Аксана, ураджэнка Мінскай вобласці, атрымлівала спецыяльнасць кінамеханіка.


— Людзей было шмат! Усе месцы заняты, а ў тамбуры, бачу, стаіць дзяўчына. І зараз памятаю, з букетам гладыёлусаў. Сказаць, што прыгожая, — гэта нічога не сказаць. Ад яе твару ішло такое ззянне, такая дабрата, што я адразу закахаўся. Разгаварыліся…


— Так чвэрць веку і размаўляем, — смяецца жанчына.
Вяселле сыгралі толькі праз два гады: служба ў арміі ўнесла свае карэктывы. Пасля маладая сям’я два гады жыла ў Бярозе, дзе Аляксандр па кантракце служыў у роце аховы. Менавіта там у Новікаў нарадзіўся першынец Васіль. Ён – сапраўдны гонар сваіх бацькоў. Яшчэ падчас вучобы ў школе станавіўся пераможцам на розных спаборніцтвах, пазней атрымаў дыплом I ступені як лепшы па прафесіі ў Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы, быў нават узнагароджаны Падзячным пісьмом Прэзідэнта. Сёння працуе ў адной з будаўнічых кампаній г.Мінска.


Другі сын Віталь з’явіўся на свет ужо на малой радзіме бацькі. Хлопец таксама атрымаў тэхнічную спецыяльнасць – зваршчыка. Сёння малодшы сяржант Новік служыць у пагранвойску і за сваю стараннасць і ініцыятыўнасць, праяўленыя ў аператыўна-службовай дзейнасці, паспеў ужо атрымаць грамату ад камандавання. Трэці, Андрэй, вучыцца на муляра-плітачніка і плануе ў хуткім часе ўладкавацца на працу…
Чацвёрты…

Менавіта так, па парадку і разважліва, бацькі пералічваюць дасягненні ўсіх сваіх дзяцей. А ганарыцца ёсць чым кожнаму з іх. Чацвёрты хлопчык, Яўген, вельмі прыгожа малюе і марыць стаць архітэктарам. Сан Саныч (так у сям’і называюць самага сур’ёзнага сына Сашу) паважае фізкультуру і спорт. Мікіта марыць стаць фермерам, паколькі разам з бацькамі любіць завіхацца каля хатніх жывёл, а іх у Новікаў хапіла б на цэлы заапарк: пяцьдзясят курэй, дванаццаць свіней, два сабакі, кошка з кацянятамі, папугай. Да нядаўнага часу і козачак трымалі, а цяпер плануюць завесці карову.

— Малодшы сынок Мішанька — напэўна, будучы механік, паколькі цікавіцца тэхнікай: нават складаныя рэчы і разбярэ, і складзе назад. Менавіта з ім наша сям’я прыняла паспяховы ўдзел у пасялковым парадзе калясак “Бэбі-бум”. А ўжо Машанька — гэта наша галоўная зорка, доўгачаканая радасць! Падрасце і будзе маці дапамагаць пячы фірмовыя булачкі, піражкі з тварагом ці згушчонкай, розныя смажанкі… Сёння ў нас з Аксанай усё для шчасця ёсць: сыны, дачка, сад расце, дом будуецца. Толькі, знай, аберагай, — усміхаецца Аляксандр Віктаравіч.

Муж і жонка шчыра прызнаюцца, што сямейнае шчасце не заўсёды было бязвоблачным. Быў у жыцці і вельмі складаны перыяд. Але пра гэта цяпер ужо расказваюць спакойна:
— Няма нічога даражэй на гэтым свеце за сям’ю. Нічога… Крызісы ў зносінах бываюць ва ўсіх. Але, калі сапраўды кахаеш, трэба ўмець дараваць. І жыць далей з павагай і даверам адзін да аднаго. Тым больш, што ў нас агульная мэта: паставіць дзяцей на ногі. Менавіта дзеці – галоўны сэнс нашага жыцця.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.