Вторник, 11 августа 2020

Пабудаваная на каменні. Гісторыя царквы ў вёсцы Зельзін

464

“Кожны, хто слухае Божыя словы і выконвае іх, падобны на чалавека разумнага, які збудаваў дом свой на каменні. Калі пайшоў дождж, падзьмулі вятры і разліліся рэкі, дом той не ўпаў… А кожны, хто не слухае Бога, падобны на неразважлівага чалавека, які пабудаваў дом свой на пяску…” — Зельзінскі храм быў амаль пусты, праз расчыненыя дзверы голас святара даносіўся ажно да пагоста.
— А ты, прыгажуня, як я бачу, пабудавана не толькі на каменні, але і з камення. Відаць, будзеш стаяць тут стагоддзі, — звяртаюся да старажытнай царквы і кранаю рукой шурпатую сцяну. А рваная шэра-бурая “мазаіка” каменю мільгаціць на сонцы, нібы згаджаецца.

Каменная мазаіка з глыбіні стагоддзяў
На першы погляд здаецца, нічога асаблівага ў знешнім выглядзе Крыжаўзвіжанскай царквы, што ў вёсцы Зельзін, няма. Так, некалькі накрытых двухсхільнымі дахамі і ўвянчаных маленькімі купаламі прамавугольных аб’ёмаў, адзін з якіх нібы знянацку прылеплены збоку. А храмавы комплекс (разам з суседняй капліцай у гонар Святых віленскіх пакут-нікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, высокай званіцай і агароджай) усё роўна заварожвае, хочацца разглядаць кожны каменьчык, кожнае каляровае спалучэнне… і разважаць над яго гісторыяй, так удала заціснутай у храналагічныя рамкі колішнімі і апошнімі будаўнікамі. “1872 г.”, — сцвярджаюць мініяцюрныя каменьчыкі на алтарнай сцяне. “1992”, – дадае выгравіраваная ніжэй баразёнка. А вось ахоўная дошка, якая вісіць ля ўвахода ў царкву, здаецца, пакідае за сабой права паставіць кропку — “1878”.


Аналізуеш гэтыя даты, супастаўляеш факты (як з сур’ёзных даследаванняў, так і вусных паданняў) і пачынаеш разумець: гісторыя зельзінскай цэркаўкі за свой век абрасла тоўстым пластом легенд і домыслаў. Калі вас яны цікавяць, вы самі падрабязна прачытаеце ва многіх кнігах і ва “ўсёведным” інтэрнэце і пра князёўну, якая тут угразла ў балоце і вызвалілася пры дапамозе паляўнічых, і пра сродак яе выратавання — аленевы рог, які нібыта разам з асабліва шануемымі іконамі і дубовым крыжам быў перанесены ў 1839 годзе (яшчэ адна дата) у новы храм і ўмураваны ў цяперашні іканастас. Насамрэч, іканастас мяняўся, таму святары, якія напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя адраджалі зельзінскі храм і служылі ў ім, ніякага рога сярод фрызаў і пілястраў і не заўважылі. Не ведаюць яны і пра лёс старажытных ікон. Таму выказваюць здагадку, што рэліквіі, магчыма, зніклі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.


Што асабліва цікава, Крыжаўзвіжанскі храм чамусьці павернуты алтарнай часткай на захад. Няўжо будаўнікі XIX стагоддзя банальна не ведалі (у гэта кепска верыцца), што праваслаўныя храмы, у адрозненне ад касцёлаў, “глядзяць” алтаром на ўсход? Тым больш, што ў 1839 годзе (у год скасавання ўніі, калі, па некаторых звестках, і будавалася каменная «аснова» храма) і пазней гэта было прынцыпова важна.


Спадзяюся, калі-небудзь даследчыкі дадуць адказ на гэтае пытанне. А пакуль…

Званіца і яе таямніцы
А пакуль жывыя яшчэ некаторыя з тых людзей, якія стаялі ля вытокаў адраджэння храма ў XX ст., не буду заглядваць у глыбокую гісторыю і спытаю пра не такія даўнія падзеі.


Бачу, як накіроўваецца да двух‘яруснай званіцы нейкая жанчына – і іду за ёй: па ўласным вопыце ведаю (як-ніяк некалькі гадоў дапамагала званарыць у пружанскім Свята-Аляксандра-Неўскім саборы), што званіцы захоўваюць у сабе шмат таямніц.


Так і аказалася. Пакуль падымаліся па крутой лесвіцы, Марыя Мікалаеўна, якая выконвае сёння ролю царкоўнага званара, паспела расказаць, што падчас вайны на зельзінскай званіцы хаваліся партызаны, ежу ім падавалі на вяроўцы, прывязанай да языка вялікага звона. Тады, да слова, было тры званы, куды адзін з іх падзеўся, ужо ніхто не ведае.

І пачаўся перазвон… Два званы — маленькі і вялікі — цалкам спраўляліся з задачай, малінавы пераліў упэўнена ляцеў над могілкамі ўдалечыню.

Пакуль “языкі” працавалі, я агледзела вялікі звон з усіх бакоў. Ці не пра яго кажуць, што быў падараваны самім імператарам Аляксандрам II? Але гэты факт аспрэчваюць рельефныя надпісы: фігурны “спявак” вагой больш за 20 пудоў, упрыгожаны выявай двухгаловага арла і профілем імператара, быў адліты 16 мая 1879 года на сродкі святара Антонія Радкевіча і даручанай яму паствы. Хаця прысвячэнне імператару маецца. Дарэчы, менавіта гэты святар у свой час займаўся справай абнаўлення старадаўніх абразоў, некаторыя з іх вазіў нават у Маскву для абрамлення. А ў 1900 годзе побач з храмам узвёў мураваную капліцу і праз год быў тут пахаваны.

Цэнтр вясковага жыцця
На стыку XIX і XX стагоддзяў зельзінскі прыход квітнеў, пры ім было царкоўнае брацтва і царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавала ажно тры царкоўныя школкі. Вялікія страты нанесла Першая сусветная вайна. Непрыемныя акалічнасці здараліся і падчас польскага ўладарання: зразумела, наладжваць добрасуседскія зносіны з каталікамі тады было нялёгка. Яшчэ цяжэй вернікам было падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі Праваслаўная Царква цярпела ганенні. Але яна пакорліва сцярпела ўсе нягоды і зноў ажыла…

Як расказала 91-гадовая Надзея Яфімаўна Мар’янюк, якая сёння жыве ў г.Слоніме, калісьці ў зельзінскай царкве было столькі прыха-джан, што падчас набажэнстваў не было дзе яблыку ўпасці. Жанчына і яе сястрычка не ленаваліся і на кожную службу, як многія вернікі, хадзілі пешшу ажно за 8 км (жылі ў Кузявічах). Таксама яна спявала на клірасе.

Па вялікіх святах перад пагостам на ўзгорку разгортваўся вялікі базар: сюды з навакольных вёсак на падводах з’язджаліся гаспадары, якія гандлявалі рознай садавінай, падыходзіла і вясковая моладзь з гармонікам. Шмат цікавага, як заверылі прыхаджане, пра тыя шчаслівыя часы журналістам магла б распавесці і легендарная бабуля Мілка, але пару гадоў таму жанчыну (сёння жыве ў дачкі ў Магілёўцах) адолела цяжкая хвароба, і скарбонка яе памяці аказалася замкнёнай…

Як бачым, пэўны час зельзінская Крыжаўзвіжанская царква ўспрымалася як галоўны цэнтр сельскага жыцця.

Адабраць і перабудаваць пад клуб!
Вось толькі бязбожным уладам такая роля царквы ў вясковым жыцці не падабалася. Спачатку, калі пачалася хрушчоўская адкрытая антырэлігійная кампанія, яны не дазвалялі рабіць у храме рамонт, а потым проста адабралі храм у вернікаў. У 1962 годзе Брэсцкі абласны савет дэпутатаў прапанаваў зняць з рэгістрацыі рэлігійную суполку вёскі Зэльзін. Савет па справах Рускай Праваслаўнай Царквы пагадзіўся з прапановай і пастанавіў пераабсталяваць царкоўны будынак пад сельскі клуб.

Старыя людзі добра памятаюць, як тады крыжы былі зрэзаны, хрэсныя ходы забаронены, а званам загадалі “трымаць языкі за зубамі”…

Вікіпедыя сцвярджае, што царкоўныя кнігі перавезлі ў ружанскі касцёл, а царкоўнае начынне і абразы — у лыскаўскую царкву (адразу зазначу, мы ўдакладнілі ў настаяцеля лыскаўскага храма айца Аляксандра Багдановіча гэту інфармацыю. Той са спасылкай на сталую прыхаджанку свайго храма Клаўдзію Кірылаўну Жмайлік, якая ў 1962 годзе была казначэем, сказаў, што ў лыскаўскі храм тады перадалі дзве вялікія іконы з іканастаса — Збавіцеля і Прасвятой Багародзіцы, абраз пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага, а таксама грабніцу.

Клуб у зельзінскім храме, праўда, так і не з‘явіўся, але кажуць, што храмавы будынак выкарыстоўваўся школьнікамі ў якасці ціра… Па начах вернікі прыходзілі да прыступак храма і самастойна чыталі акафісты, шапталі малітвы і ціхенька напявалі духоўныя песнапенні. Камусьці гэта не падабалася. І ў 1963 годзе здарыўся пажар, пасля якога ў храме засталіся толькі сцены. Што стала прычынай трагедыі, ніхто дакладна не ведаў, пагаворвалі, нібыта ноччу хтосьці бачыў, як нейкі чалавек абліў сцены бензінам і падпаліў…

Пачаўся доўгі, амаль 30-гадовы, перыяд занядбання і роспачы. Хтосьці з вернікаў хадзіў на набажэнствы ў Лыскава ці ў Падароск (як Надзея Яфімаўна з сястрой), а хтосьці па сумнай звычцы маліўся каля глухіх сцен.

Нават святар узяў у рукі рыдлёўку…
Але час ішоў, адносіны да рэлігіі мяняліся на дзяржаўным узроўні. Нарэшце людзі атрымалі права верыць у Бога свабодна. І як толькі ў зельзінскіх прыхаджан з’явілася магчымасць аднавіць свой храм, яны ўмомант уключыліся ў стваральную працу. Узначаліў яе цяперашні настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма г.Слоніма протаіерэй Віктар Бакавец, які прымаў непасрэдны ўдзел у аднаўленні храма.
— Каб вы ведалі, як людзі знудзіліся па набажэнствах! — засведчыў бацюшка, з якім мне пашчасціла звязацца па тэлефоне адразу пасля службы. — Памятаю, як дзесьці ў канцы 1980-х гадоў мне давялося асвячаць велікодныя стравы адразу на чатырох прыходах, у тым ліку і ў Зель-зіне. Бабулькі плакалі і казалі пра свае мары, каб у іх храме зноў пачаліся службы…


На маю просьбу распавесці падрабязней, што ён канкрэтна рабіў, святар сціпла адказаў: “Ну, адслужыў малебен і, як усе, узяў рыдлёўку ў рукі…”. Насамрэч, як удакладніла казначэй Крыжаўзвіжанскай царквы Галіна Сяргееўна Прэдка, айцец Віктар і лес для будоўлі дапамагаў нарыхтоўваць, і пясок з каменнямі вазіў, і на званіцу сам лазіў, каб спілаваць бярозы, якія там нараслі.


— Лес быў побач! Мясцовыя могілкі на той момант усе зараслі векавымі хвоямі, — сцвярджае святар. — Так што будаўнічых матэрыялаў хапала. Дарэчы, першыя 100 кубоў лесу ў нас укралі. Жанчыны плакалі, але я не адчайваўся. Тым больш, што шмат дапамагалі нам мясцовыя гаспадаркі. Дзякуючы, у прыватнасці, тагачаснаму старшыні саўгаса Анатолю Міхайлавічу Дараневічу, усе рамонтна-аднаўленчыя работы ў храме былі выкананы практычна за адзін год.


— Мы збіралі грошы сярод жыхароў Зельзіна і навакольных вёсак на ўнутранае ўбранне храма, — дадае яшчэ адна прыхаджанка зельзінскай царквы, жыхарка вёскі Баяры Галіна Васільеўна Гавейна. — Жадаючых дапамагчы было шмат. Самі збіралі сродкі, сваімі сіламі тынкавалі сцены на вышыні. Ох, і нацярпеліся страху.

Калі пэўная сума была сабрана, царкоўныя актывісты на чале з Галінай Прэдка ездзілі нават у Мінск, каб набыць усё неабходнае начынне. І з лыскаўскага храма вярнуліся абразы.

Ганаровы госць —мітрапаліт Філарэт
У хуткім часе паўстала пытанне ўрачыстага асвячэння храма. І тут ужо ў сваю чаргу дапамагла актывістка ружанскага храма Вера Іванаўна Ляшчынская, якая добра ведала мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева). Менавіта гэта жанчына запрасіла галоўнага беларускага іерарха на набажэнства.

— Ну, паказвай на карце, дзе твой Зельзін? — з усмешкай спытаў у маёй матулі ўладыка, — расказвае Людміла Пятроўна Ляшчынская, якая таксама ў свой час у складзе пружанскага царкоўнага хору прысутнічала на асвячэнні зельзінскай царквы.

А адбылося асвячэнне…

Як жа хочацца сказаць дакладна, калі ў Зельзіне адбылося гэтае вялікае свята. Але ўзнікае яшчэ адно непаразуменне з датамі. Згодна з распаўсюджанай інфармацыяй, храм быў асвечаны ў 1994 годзе. Гэта пацвярджаюць і дадзеныя Зеляневіцкага сельвыканкама, а вось самі прыхаджане ўпэўнена аспрэчваюць гэты факт.

— Не, наш храм асвяцілі раней! — сцвярджае Галіна Прэдка. — На свята Крыжаўзвіжання — 27 верасня 1992 года.
Пацвярджаюць словы жанчыны і царкоўныя пеўчыя, і дачка Лілія Віктараўна Прэдка, якая сёння жыве ў Мінску:

— Я добра памятаю, як у 1991 годзе ў прытворы храма, дзе яшчэ поўным ходам ішоў рамонт, вянчалася мая сястра. Я тады яшчэ з яе пасмейвалася, маўляў, няўжо не можаш пачакаць да асвячэння? Праз год нарадзілася мая будучая хрэсніца, і менавіта ў той — 1992 — год і асвяцілі храм.

Адметна, што згаджаецца з жанчынамі і лыскаўскі святар, які пэўны час акармляў зельзінскі прыход:
— Указ на маё імя быў падпісаны брэсцкім епіскапам 1 верасня 1993 года, — кажа айцец Аляксандр. — А да мяне ў Зельзіне ўжо служыў айцец Віктар Бакавец… Значыць, храм асвячалі не ў 1994-м, і нават не ў 1993-м го-дзе. Адназначна гэта адбылося раней.
На жаль, сам айцец Віктар не памятае дакладную дату. Узгадвае толькі, што на святочным набажэнстве мітрапаліту саслужылі епіскап брэсцкі Канстанцін (Хоміч), пружанскі благачынны протаіерэй Іосіф Балюк і іншыя святары раёна. На літургіі мітрапаліт уручыў граматы ўсім, хто дапамагаў аднаўляць Крыжаўзвіжанскую царкву.

— Многія з іх, на жаль, ужо на пагосце ляжаць, — уздыхаюць цяперашнія прыхаджанкі. — Але дзякуй Богу, і сёння хапае дабрачынцаў. Вось нядаўна мясцовая гаспадарка “Аграэнерга Зеляневічы” дапамагла нам выкласці дарожку ў храм пліткай… Будзем спадзявацца, што гэта сцяжынка ніколі больш хмызняком не зарасце і звон не заціхне… Марыя, звані гучней!
Алена Зялевіч, фота аўтара.