Вторник, 11 августа 2020

Подведены итоги нашего конкурса детского рисунка

467

30 мая “Раённыя будні” і ТАА “Ветдапамога Пружаны” аб’явілі сярод юных падпісчыкаў газеты конкурс малюнкаў. Хлопчыкам і дзяўчынкам было прапанавана намаляваць ветэрынара падчас працы. Нягледзячы на тое, што канікулы ў разгары, многія юныя мастакі адгукнуліся і даслалі нам свае работы.


Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі выхаванцы розных гурткоў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г.Пружаны. Наш пераможца Алег Гаўрыленка наведвае гурток “Юны мастак” пад кіраўніцтвам Андрэя Кірыковіча, а яго малодшая “калега”, якая таксама трапіла ў лік прызёраў, Вольга Казбяровіч займаецца ў гуртку “Маленькія да Вінчы” пад кіраўніцтвам Алены Казлоўскай.

Па ўмовах конкурсу аўтары лепшых работ атрымлівалі падарункі для сваіх хатніх гадаванцаў, але ні ў Алега, ні ў Вольгі дома няма чатырохногіх сяброў. Таму свае падарункі яны перадалі гадаванцам гуртка ЦТДМ “Свет жывёл”. Дарэчы, гэты гурток і быў створаны для такіх дзетак, якія па нейкіх прычынах не маюць магчымасці трымаць дома жывёл. Тут яны не проста гуляюць з пацешнымі пухнацікамі, але і вучацца даглядаць жывёл – практычна і тэарэтычна і нават самі нарыхтоўваюць ім ежу. Сёння ў гуртку жыве шэсць відаў грызуноў, а таксама земнаводныя. Дапамагаюць маленькім аматарам жывёл кіраўнікі Марына Бармута і Ала Бралко.


Яшчэ адна прызёрка конкурсу – Ангеліна Барысюк – на старонках газеты ўжо расказвала пра свайго хатняга любімчыка хамяка Жорыка. А цяпер у яе з’явіўся яшчэ адзін сябар – ёркшырскі тэр’ер Чып, менавіта яго на прыёме ў ветэрынара намалявала дзяўчынка.


Самая маленькая ўдзельніца Таня Лаптановіч вельмі любіць маляваць свайго папугая Гошу, а той з задавальненнем ёй пазіруе!

Вялікі дзякуй усім за ўдзел! Сачыце за нашымі навінамі!
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.