Суббота, 19 сентября 2020

Налоговой службе Беларуси исполняется 30 лет

777

12 ліпеня падатковая служба краіны адзначае 30-гадовы юбілей. За гэты час яна трывала замацавала за сабой статус гаранта эканамічнай бяспекі краіны. Аб сённяшніх буднях службы мы пагутарылі з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Пружанскім раёне І.А. Басько.

— Ірына Аляксандраўна, лічу, што прафесійнае свята – ці не лепшая нагода падвесці некаторыя вынікі працы і паспрабаваць зазірнуць у заўтрашні дзень.

— Безумоўна, без лічбаў у сённяшняй размове мы не абы-дземся. Але хацелася б пачаць не з паказчыкаў, а з людзей. У аснове нашай работы ляжыць прафесіяналізм, а не фармальная прыналежнасць да прафесіі. У падатковых органах сёння працуюць выключныя людзі, якія валодаюць багатым наборам ведаў і навыкаў, здольныя выконваць комплекс няпростых задач, якія пастаўлены перад падатковай службай. Толькі дзякуючы ім, сітуацыя ў сферы падаткаабкладання на сённяшні дзень складваецца спрыяльная.

— А па якіх канкрэтных прыкметах мы можам меркаваць аб гэтым?

— За першае паўгоддзе 2020 года тэмп росту даходаў кансалідаванага бюджэту да аналагічнага перыяду мінулага года склаў 104,1 працэнта.

Запазычанасць суб’ектаў гаспадарання і фізічных асоб у параўнанні з мінулым справаздачным перыядам знізілася ў 2,2 раза і складае 0,10 працэнта да гадавога плана даходаў бюджэту.

— Раскажыце пра наватарскія метады ў рабоце падатковай службы. Якія сэрвісы развіваеце і якія арыенціры ставіце перад сабой?

— У першую чаргу, пры ўзаемадзеянні з плацельшчыкамі мы ўжываем інавацыйныя электронныя тэхналогіі, якія з’яўляюцца асновай лічбавай сферы падаткаабкладання і дазваляюць істотна спрасціць работу — як нашу, так і падаткаплацельшчыкаў. Гэта тычыцца абсалютна ўсяго: і вылічэння падаткаў і збораў, і абмену з плацельшчыкамі разнастайнай інфармацыяй, і ажыццяўлення намі кантрольнай функцыі.

— Сфера кантрольнай дзейнасці ў апошнія гады актыўна змяняецца і развіваецца. Галоўным яе прыярытэтам становіцца памяншэнне праверачнай нагрузкі.

— Так, кантрольная дзейнасць у нас пераарыентавана на выкарыстанне мер прафілактычнага і папераджальнага характару, у ёй усё больш пераважаюць метады аддаленага, дыстанцыйнага кантролю, якія дазваляюць валодаць сітуацыяй без умяшання ў дзейнасць плацель-шчыка.

Доля так званага камеральнага кантролю (калі выкарыстоўваюцца дадзеныя і звесткі, якія падаюцца самім плацельшчыкам) расце і па выніках 2019 года ўжо склала ў агульнай колькасці праверак суб’ектаў гаспадарання амаль 75 працэнтаў. У цэлым колькасць планавых і пазапланавых праверак штогод памяншаецца: калі ў 2015 г. іх было 286, то ў 2019-м — толькі 101.

Акрамя таго, мы рэгулярна маніторым працу суб’ектаў гаспадарання і ў выпадку выяўлення парушэнняў інфармуем іх пра спосабы ліквідацыі. За 2019 год праведзена 18 маніторынгаў.

— Які іх вынік?

— У дні правядзення назіранняў мы, у прыватнасці, часта канстатуем факт, што сярэдня-дзённая выручка значна перавышае выручку, якую дэкларуе плацельшчык.

— Атрымліваецца, захоўвае сваю актуальнасць такая праблемная з’ява, як “зарплата ў канверце”?

— На жаль, так. Для вырашэння праблемы праводзім тлумачальныя, папераджальныя і кантрольныя мерапрыемствы. Сустракаемся з прадстаўнікамі бізнесу, са службовымі асобамі арганізацый і грамадзянамі.

— Няўжо працаўнік, які згаджаецца на заработную плату “ў канверце”, не ведае, што ён не толькі наносіць шкоду дзяржаве ў выглядзе нявыплачаных падаткаў, але і сам губляе шматлікія сацыяльныя выгады?

— Сапраўды, у выпадку хваробы бальнічныя лісты ў такіх выпадках не будуць аплачаны, зарплата «без ведамасці» адаб’ецца і на дапамозе па цяжарнасці і родах, якая вылічаецца з афіцыйнага сярэдняга заробку. Акрамя таго, пры атрыманні банкаўскага крэдыту на будаўніцтва жылля, іншыя спажывецкія патрэбы пацвердзіць сваю заможнасць можна толькі афіцыйнай заработнай платай.

— А ў цэлым, ці шмат выяўляецца парушэнняў у сферы прадпрымальніцкай дзейнасці?

— Ёсць факты ажыццяўлення незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці. Іх спыненне — важны напрамак нашай працы. Асноўнымі парушэннямі з’яўляюцца незарэгістраваныя паслугі па рамонце аўтамабіляў, розныя будаўнічыя работы, рэалізацыя тавараў з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт і аказанне паслуг па перавозцы грамадзян.

Хочацца звярнуць увагу нашых грамадзян на тое, што, звяртаючыся да «нелегалаў» па паслугі, яны самі падвяргаюць сябе рызыцы няякаснага выканання работ, аказання паслуг і ў далейшым немагчымасці вярнуць свае грошы.

— Давайце  скончым размову на пазітыўнай ноце. Што б Вы хацелі сказаць калегам напярэдадні прафесійнага свята?

— Хачу павіншаваць сваіх калег са святам і пажадаць усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні, размеранасці і адсутнасці стрэсаў у нашай складанай і адказнай працы, натхнення і сіл у рэалізацыі планаў.

Асаблівыя словы падзякі хочацца сказаць ветэранам падатковай службы. Дарагія ветэраны, ваш аўтарытэт і вопыт з’яўляюцца для маладых спецыялістаў стымулам працаваць добрасумленна і эфектыўна. Лепшыя дасягненні падатковай службы, назапашаныя за тры дзясяткі гадоў, дазволяць нам і ў будучыні рэалізоўваць самыя амбіцыйныя задачы.

 Гутарыла Алена Зялевіч.

На здымку: работнікі падатковай службы раёна Т.В.Ганіна, С.М.Жук, Н.В.Пулікоўская, начальнік інспекцыі І.А.Басько, А.М.Падгурская.

Фота Сяргея Талашкевіча.