Вторник, 11 августа 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Тут будзе горад-сад!

443

Такімі засталіся Пружаны пасля вайны: у ліпеньскія дні 1944 года была разбурана вялікая частка горада. На гэтым кадры аэрафотаздымкі бачна, што на рагу Кобрынскай і Леніна застаўся адзіны дом, а частка Камуністычнай (цяперашняя Рыгора Шырмы) і прылеглыя да яе вуліцы пераўтварыліся ў суцэльную пустку.


Але на здымку ўжо не бачна руін: жыхары горада імкнуліся як мага хутчэй падрыхтаваць месца пад новыя пабудовы. Пасляваенныя школьнікі замест урокаў працы і фізкультуры займаліся расчысткай завалаў, дарослыя выходзілі на суботнікі і нядзельнікі. Шмат гадоў пасля ўзгадвалі старажылы, як наводзілі парадак, як будавалі дамы, як высаджвалі дрэвы і кветкі. І стараліся берагчы зробленае сваімі рукамі.


Зараз мы неяк лёгка прывыкаем, што наводзіць парадак павінны «спецыяльна навучаныя людзі». І пачынаем ганарліва даваць указанні: маўляў, варта там пачысціць, тое парамантаваць. Дошчачка зламалася ў мосце? Трэба тэлефанаваць на «гарачую лінію». Праз газету паставіць «на від»! А нашы дзядулі ў такіх выпадках моўчкі даставалі малаток і цвікі, рамантавалі паламанае. Таму што адчувалі сябе ў родным горадзе сапраўднымі гаспадарамі.
Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА.