Четверг, 26 ноября 2020

В Пружанах провёл прием заместитель председателя облисполкома Вадим Ольшевский

404

У аўторак на гэтым тыдні выязны прыём грамадзян у Пружанах правёў намеснік старшыні аблвыканкама В.І.Альшэўскі. Пытанні, з якімі звярнуліся да яго людзі, дапамагалі вырашаць старшыня райвыканкама Юрый Юр’евіч Бісун і намеснік старшыні Сяргей Міхайлавіч Гук.


На прыём да Вадзіма Іванавіча Альшэўскага звярнулася тры чалавекі. Па адным пытанні – раздзеле маёмасці — былым мужу і жонцы можа дапамагчы толькі суд, у кампетэнцыі якога і знаходзіцца вырашэнне падобных пытанняў, што і патлумачыў намеснік старшыні аблвыканкама.


Вырашыць жа другое пытанне, якое ўжо перарасло ў сапраўдную праблему паміж суседзямі, найперш могуць… толькі яны самі.

А справа ў тым, што аднаму жыхару аграгарадка Руднікі, па яго словах, вельмі надакучае суседская гаспадарка: пабудовы для жыўнасці і сама жыўнасць, непакоіць мяжа ўчастка, якая, між іншым, была афіцыйна вызначана шмат гадоў таму. І ўсё б нічога, але шматлікія праверкі, якія дагэтуль арганізоўваліся па яго скаргах, іх не пацвердзілі: ніякія заканадаўчыя нормы пры вядзенні гаспадаркі суседзямі не парушаны, больш за тое, на іх падворку – парадак, усё прыбрана, жывёла дагледжана, цвітуць кветкі. Толькі вось скаржніку ўсё не так… Таму на гэты раз на прыём да абласнога чыноўніка прыйшлі ўжо і прадстаўнікі другога боку канфлікту – тыя самыя гаспадары, на каго скардзіцца неўтаймаваны сусед. У іх свая праўда: няма спакою ад такога чалавека, які піша, а іх турбуюць розныя камісіі…


Намеснік старшыні аблвыканкама, як дагэтуль і прадстаўнікі раённай улады, зноў расклаў усё па палічках: патлумачыў жыхару Руднікаў, што не бачыць парушэнняў у вядзенні гаспадаркі яго суседзямі, а калі той не згодзен, то можа звярнуцца ў суд.


Ну, а калі проста разабрацца, што кажуць, па-людску? Можа, варта супакоіцца і сцішыць амбіцыі? А між іншым, падстава звярнуцца ў суд толькі ўжо на суседа, які скардзіцца, ёсць і ў адваротнага боку канфлікту. І што тады? Вам гэта патрэбна?

Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.