Четверг, 2 июля 2020

28 июня — День молодежи. Корреспонденты узнали, как идут дела в студотрядах

546

Лета для маладых людзей — не толькі пара канікулаў і адпачынку: для кагосьці гэта яшчэ і магчымасць набрацца працоўнага вопыту і зарабіць грошай. Трэці працоўны семестр ідзе поўным ходам.

Праўда, як зазначыў першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Бабігорац, на Пружаншчыне трэцяму працоўнаму семестру сёлета далі старт яшчэ ў сакавіку: студатрад з навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа паралельна з вучобай працаваў на пасадцы лесу ў ДЛГУ «Пружанскі лясгас».

— На сённяшні дзень ужо каля сотні маладых людзей далучылася да студатрадаўскага руху. Гэта пераважна навучэнцы каледжа. Сфарміравана сем атрадаў, большасць з якіх шчыруе ў сельгаспрадпрыемствах раёна: ААТ «Жураўлінае», ААТ «Пружанскі льнозавод», на абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Беларусі, — кажа Аляксандр.

Ёсць месца ў атрадах і для школьнікаў: па заканадаўстве падлеткі маюць права працаваць з 14 гадоў. Як падкрэслівае Аляксандр Мікалаевіч, па-першае, з падлеткавага ўзросту хлопцы і дзяўчаты вучацца працаваць у камандзе, па-другое, БРСМ дае магчымасць з карысцю правесці летнія канікулы. Такі зводны атрад, у склад якога ўвайшлі і школьнікі, і студэнты-практыканты, працуе ў ААТ «Ружаны-Агра». У ААТ «Ліноўскае», напрыклад, працоўнае лета праводзяць вучні мясцовай школы.

Працягласць змен у кожнага розная: ад дзесяці дзён да месяца. Многія такім чынам сумяшчаюць, як кажуць, прыемнае з карысным — адпрацоўваюць пры гэтым практыку, за якую яшчэ і атрымліваюць зарплату.

Не першы год байцоў студатрадаў забяспечваюць работай у ААТ «Жураўлінае».

— Маладых людзей мы пачалі запрашаць, як толькі ў Беларусі пачалі адраджаць студатрадаўскі рух, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жураўлінае» Зінаіда Усік. — Для нас гэта адзін са спосабаў пошуку прафесійных кадраў: прыкладна палова студатрадаўцаў пасля атрымання дыплома вяртаецца да нас ужо ў якасці паўнавартасных работнікаў. Акрамя таго, летам, калі ў аграрыяў гарачая пара, з дапамогай студэнтаў вырашаецца сезонны недахоп механізатараў: пакуль вопытныя работнікі працуюць у полі, юнакі з пасведчаннямі трактарыста-машыніста працуюць на вывазе арганікі, перавозцы сена і саломы. Таму заяўкі на студатрадаўцаў рыхтуем яшчэ ў лістападзе на наступны год.

У складзе чарговага студатрада, які накіравалі ў Клепачы, налічваецца дзевяць байцоў. Усе — трэцякурснікі Пружанскага каледжа. Прычым чацвёра з іх набываюць прафесію па мэтавым накіраванні, атрыманым як- раз у «Жураўліным». Як правіла, не ўсе студатрадаўцы — мясцовыя. Такім гаспадарка дае жыллё ў гасцініцы ў Мокрым, арганізоўвае харчаванне. 

Зінаіда Міхайлаўна зазначае, што сёлета маладыя людзі падабраліся як ніколі — усе адказныя, сур’ёзныя, мэтанакіраваныя.

— Па-першае, яны ўжо паўналетнія, а значыць, дарослыя, паўнацэнныя работнікі. І адразу ж падчас знаёмства далі зразумець, што прыехалі сюды не проста так, а свядома, каб не адбываць час у майстэрнях, а набрацца вопыту — папрасіліся працаваць на трактарах.

Такі падыход да работы кіраў-ніцтву гаспадаркі вельмі імпануе. Таму да канца лета тут плануюць прыняць яшчэ не адзін атрад.

У райкаме БРСМ гавораць, што працоўныя пуцёўкі будуць працягваць выдаваць. У прыватнасці, у ліпені педагагічны атрад з будучых настаўнікаў будзе працаваць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Дубок», атрады са школьнікаў чакаюць на работу ў Пружанскае КУВП «Камунальнік» і ААТ «Пружанскае».

— У нашай краіне першай на постсавецкай прасторы падтрымалі студатрады на дзяржаўным узроўні. Трэба падкрэсліць, што ў Беларусі папулярнаму ў маладзёжным асяроддзі студатрадаўскаму руху надаецца асаблівая ўвага, — гаворыць А.М.Бабігорац. — І мы на раённым узроўні падтрымліваем усе ініцыятывы па яго развіцці. Гэта не застаецца незаўважаным: у прыватнасці, у мінулым годзе лепшым на Брэстчыне штабам працоўных спраў сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў быў прызнаны штаб, створаны на базе Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. А падзякамі былі адзначаны тэрытарыяльны штаб студатрадаў Пружанскага раёна і камісар студэнцкага атрада каледжа Валерый Кавалевіч. Сёлета пастараемся ўтрымаць гэтую пазіцыю: перад намі стаіць задача дапамагчы з летняй занятасцю больш як 300 маладым людзям.

На здымках: трэці працоўны семестр праводзяць у ААТ «Жураўлінае» Дзяніс Тарасюк і Вадзім Флоря; байцы студатрада, які працуе ў ААТ «Жураўлінае», Ягор Саўко, Дзмітрый Глушко, Андрэй Зазон і Аляксей Сабатовіч.

Марына Вакульская.
Фота Сяргея Талашкевіча.